Праект партала
Накіпела
23.11.2017 / 15:45
Феміністка супраць таго, каб неабазнаныя хрысціянскія актывісткі кансультавалі жанчын перад абортам209

Прэтэнзіі Юліі Шаровай адрасаваныя Цэнтру падтрымкі сям’і і мацярынства «Матуля». Хто дазволіў валанцёрам арганізацыі кансультаваць жанчын перад абортам і ў прынцыпе прапаноўваць псіхалагічную дапамогу, спрабуе разабрацца яна. Нагадаем, у 2015 годзе такія кансультацыі сталі абавязковымі для ўсіх, хто ідзе на аборт.

Ці ёсць у іх патрэбныя веды і досвед? Ці не прымушаюць актывісткі-пралайферкі (так прынята называць праціўнікаў абортаў; ад англійскіх слоў «pro-life» — «за жыццё») жанчын адмовіцца ад аборту моцным псіхалагічным ціскам? Такія пытанні задае мінчанка Юлія Шарова.

Яна займае якраз супрацьлеглую пазіцыю, падзяляючы каштоўнасці прачойсераў. Так прынята называць прыхільнікаў права жанчын самастойна вырашаць, ці рабіць ім аборт; ад слоў «pro-choice» — «за выбар».

Юлія сама год таму скончыла факультэт псіхалогіі.

«Мне і раней казалі, што ёсць асобная катэгорыя праваслаўных псіхолагаў, якія кансультуюць жанчын перад абортам. Я тады не звярнула на гэта ўвагу, бо псіхолаг можа мець любыя перакананні. Але калі гэта псіхолаг-кансультант, то перад тым, як аказваць дапамогу, ён абавязаны папярэдзіць, што мае пэўныя погляды на жыццё, што ўнутрана можа не пагаджацца, аднак гатовы выслухаць. Я здавала прадмет «Псіхалагічнае кансультаванне» і ведаю, што псіхолаг-кансультант ні ў якім разе не павінен дзяліцца ўласным досведам, навязваць сваё меркаванне і, пагатоў, ціснуць на чалавека, каб схіліць яго да прыняцця пэўнага рашэння. Гэта такая аксіёма, маральны кодэкс псіхолага-кансультанта. І калі ён яго парушае, мусіць пакласці дыплом на стол», — лічыць Юлія.

Чаму пра «Матулю» загаварылі цяпер

Кіраўніца «Матулі» Вера Сярдзюк папрасіла на старонцы ў фэйсбуку дапамагчы арганізацыі набыць цацачныя эмбрыёны, каб псіхолагі маглі даць іх патрымаць цяжарным жанчынам, што вырашыліся на аборт. Калі яны бачаць, што іх плод — гэта «не згустак клетак, а рэальны чалавек», многія прымаюць рашэнне нараджаць. Вера Сярдзюк у допісе адзначала, што восем псіхолагаў іх арганізацыі працуюць у 12 жаночых кансультацыях Мінска.

«Мяне, як чалавека, што мае профільную адукацыю, гэта абурыла, — тлумачыць Юлія. — Як можна так ціснуць на кліента? А раптам у жанчыны цяжкая жыццёвая сітуацыя і аборт — гэта адзінае рацыянальнае выйсце, якое яна можа абраць?

Апроч таго, гэтыя муляжы не выглядаюць як натуральныя эмбрыёны. На муляжах — мімімішныя ружовыя дзетачкі. Але калі мы пагуглім, як выглядае эмбрыён на пятым-шостым тыдні, то ўбачым, што гэта абсалютна не мімімішны галавасцік, не падобны на чалавека. То бок ідзе моцны псіхалагічны ціск, і ў мяне, натуральна, з’явілася пытанне да кампетэнцыі псіхолагаў».

Муляж эмбрыёна і сапраўдны эмбрыён на шостым тыдні. Фота dewald.livejournal.com, beremennuyu.ru.

* * *

Чытайце таксама: У Лагойскай раённай бальніцы ўсе дактары адмовіліся рабіць аборты

* * *

Адкуль з’явілася «Матуля»

Арганізацыя запрацавала ў верасні 2008 года пры місіянерскім прыходзе сталічнага храма свяціцеля Мікалая Японскага Мінскай Епархіі Беларускай праваслаўнай царквы як Цэнтр падтрымкі сям’і і мацярынства.

У 2012-м «Матуля» пачала дзейнічаць ужо як мясцовае грамадскае дабрачыннае аб'яднанне, мэта якога — «арганізацыя працы па папярэджанні абортаў і распаўсюджванне ідэала здаровай шматдзетнай сям’і», паведамляецца на сайце арганізацыі.

Чым на справе займаецца «Матуля»? Дапамогай жанчынам у сітуацыі крызіснай цяжарнасці, перадабортным кансультаваннем, падрыхтоўкай валанцёраў-кансультантаў па перадабортным кансультаванні, прапагандай традыцыйных сямейных каштоўнасцяў і прафілактыкай абортаў сярод падлеткаў, а таксама прыцягненнем да таго ж медыкаў і спецыялістаў са сферы адукацыі.

Зазначаецца, што арганізацыя не мае свайго памяшкання. Працоўныя сустрэчы праходзяць альбо ў храме, альбо ў кватэры валанцёраў, альбо ў арандаваным адмыслова пад пэўныя заняткі памяшканні.

У раздзеле «Наша каманда» змешчаная інфармацыя пра 14 сябраў арганізацыі. Муж Веры Сярдзюк Павел — духоўнік цэнтра. Разам яны гадуюць пяцярых дзяцей. Сама Вера скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтва, яна магістр гуманітарных навук. Чатыры сябры «Матулі» пазначаныя як псіхолагі, два — юрысты, адзін — доктар, яшчэ адзін як выпускнік БДУКіМ.

Пра адукацыю і дзейнасць іншых сябраў звестак не прыводзіцца, хоць сярод іх адна жанчына пазначаная як валанцёр, што займаецца перадабортным кансультаваннем у мінскай паліклініцы №37.

«У статуце «Матулі» не ўказана, што арганізацыя аказвае псіхалагічную дапамогу [згадваецца толькі «ажыццяўленне дабрачыннай дзейнасці, аказанне матэрыяльнай, сацыяльнай і іншай неабходнай дапамогі сем’ям, дапамогі ў суправаджэнні цяжарнасці, родаў і пасляродавага перыяду» — Ніна]. Тым часам як псіхалагічная дапамога ў Беларусі — ужо сем гадоў як ліцэнзійны від дзейнасці, — адзначае Юлія Шарова.

Для таго, каб атрымаць такую ліцэнзію, трэба мець профільную вышэйшую адукацыю, а таксама стаж працы ў галіне практычнай псіхалогіі не меншы за 3 гады.

На што арыентуецца «Матуля» ў сваёй дзейнасці

«На сайце «Матулі» ёсць, напрыклад, метадычка, узятая з расійскага рэсурсу. Аўтарка — расійскі псіхолаг Аксана Куцэнка, якая займаецца прафілактыкай ці нават змаганнем з абортамі. Куцэнка распісала, з чым трэба ісці да чыноўнікаў, што ім казаць, як уцерціся ў давер да кіраўнікоў жаночай кансультацыі, што рабіць, каб вас не западозрылі ў радыкальным пралайферстве: не надзяваць хустку, не паказваць, што вы праваслаўная, але не адхрышчвацца ад сваіх паплечнікаў, — кажа Юлія.

Фота help-alco.ru.

«Фактычна ў «Матулі» змагаюцца не толькі супраць абортаў, але яшчэ і супраць кантрацэпцыі і ЭКА, — абураецца Юлія. — Яны шкадуюць, што ў жаночых кансультацыях не прапагандуецца натуральны кантроль, гэтак званыя каляндарыкі авуляцыі. Маўляў, давайце не будзем выкарыстоўваць кантрацэпцыю, а будзем выкарыстоўваць прыродныя натуральныя метады рэгулявання цяжарнасці. Але ж добра вядома, што гэтыя метады больш-менш працуюць толькі на абсалютна здаровых жанчынах, у якіх няма ніякіх гарманальных хістанняў, а такіх жанчын сёння няшмат. ЭКА не падабаецца «Матулі» таму, што пры гэтым гіне частка эмбрыёнаў».

«Шляхі да дзетараджэння, якія не адпавядаюць задуме Бога, царква не можа лічыць маральна апраўданымі. Калі муж або жонка няздольныя да зачацця дзіцяці, а тэрапеўтычныя і хірургічныя метады лячэння бясплоддзя не дапамагаюць, ім варта з пакорай прыняць сваю бяздзетнасць як асаблівае жыццёвае пакліканне», — гаворыцца ў цытаце з сацыяльнай канцэпцыі РПЦ, які тычыцца праблем біяэтыкі, змешчаным на сайце «Матулі» ў якасці афіцыйнага дакумента.

«Сапраўды, «Матуля» дапамагае вопраткай, памперсамі, але калі б яны рабілі добрую справу і пры гэтым не ўжывалі псіхалагічныя метады ціску, не змагаліся з кантрацэпцыяй, я б ім дзякуй сказала, — дадае Юлія Шарова. — А так — гэта мяне абурае».

Фота fonar.tv.

Мінюст: «Матуля» чатыры гады не падае звесткі пра арганізацыю ў свой рэгіструючы орган

Запыт наконт «Матулі» Юлія Шарова накіравала ў Міністэрства юстыцыі. Афіцыйны адказ пацвярджае, што прэтэнзіі сапраўды небеспадстаўныя.

У лісце адзначаецца, што апошнія чатыры гады «Матуля» не дае ў галоўнае ўпраўленне юстыцыі Мінгарвыканкама ніякую інфармацыю пра сябе, чым парушае заканадаўства. За гэта арганізацыю могуць папярэдзіць ці нават ліквідаваць.

Акрамя таго, у адказе гаворыцца, што ў Мінюста няма звестак пра выдачу «Матулі» ліцэнзіі на аказанне псіхалагічнай дапамогі. Чыноўнікі тлумачаць, што аказваць бясплатную псіхалагічную дапамогу грамадскія аб’яднанні могуць і без ліцэнзіі. Аднак профільная вышэйшая адукацыя для гэтага ўсё адно абавязковая. Але, як прызнае Мінюст, дзяржава не ведае, колькі сябраў «Матулі» адпавядаюць гэтым патрабаванням.

Дарэчы, на свой сайт «Матуля» выклала справаздачу па выніках працы ў 2016 годзе. У ёй згадваецца, што «сем псіхолагаў цэнтра на валанцёрскіх асновах ажыццяўляюць кансультацыі ў жаночых кансультацыях паліклінік Мінска № 6, 32, 37, 38, 39 і жаночай кансультацыі №4 пры 1-й клінічнай бальніцы. Акрамя таго, праз тэлефоны даверу арганізацыі ідзе паток жанчын на кансультаванне з 20 устаноў аховы здароўя.

За студзень-жнівень 2016 года псіхолагі-валанцёры цэнтра правялі 360 кансультацый. Мінімум 32 жанчыны захавалі цяжарнасць (што складае 8,9%). Больш за 50 кансультацый праведзена па праблемах постабортнага сіндрому, пасляродавых дэпрэсій, праблем шлюбу, іншых псіхалагічных праблем».

Мы звязаліся з загадчыцай жаночай кансультацыі №4 пры 1-й клінічнай бальніцы Аленай Лабецкай. Яна пацвердзіла, што сапраўды перадабортнае кансультаванне ў іх праводзіць валанцёр цэнтра «Матуля», аднак з дазволу Камітэта аховы здароўя Мінгарвыканкама. Па словах загадчыцы, валанцёр мае неабходную адукацыю і дыплом. Перадабортныя кансультацыі прадстаўнік «Матулі» звычайна праводзіць з жанчынамі сам-насам, але пры патрэбе можа прысутнічаць і доктар.

Трэба адзначыць, у папярэдніх інтэрв’ю кіраўніца «Матулі» Вера Сярдзюк адмаўляла тое, што іх валанцёры наўпрост адгаворваюць жанчын ад абортаў.

«Расійскія пралайферы кажуць, што аборты — гэта бязбожжа і беззаконне. Я выступаю за тое, каб разам з гэтымі мерамі па скарачэнні колькасці абортаў стваралася нейкая падушка бяспекі для жанчын, якія знаходзяцца ў сітуацыі незапланаванай цяжарнасці, каб мацярынства не стала для іх трагічным. Наша арганізацыя не пратэстная. Мы не ходзім на мітынгі і свядома адмаўляемся ад распаўсюду гэтых жудасных павялічаных фота з абартаванымі дзецьмі. Ратаваць дзіця за кошт маці таксама няправільна, трэба і маме дапамагчы, і тады яна, магчыма, пабачыць, якое гэта на самай справе шчасце», — тлумачыла яна пазіцыю сваёй арганізацыі The Village.

«Горшай траўмы, чым само забойства дзіцяці, не можа быць, і жанчына, дзякуючы кансультаванню, можа паглядзець на свае рэсурсы. Бо кансультант не ўгаворвае жанчыну нарадзіць, ён павінен з ёй выявіць сапраўдныя прычыны, чаму яна ідзе на гэты крок, яна павінна іх пабачыць, і паглядзець, якія ў яе ёсць рэсурсы ў гэтым жыцці, каб прыняць рашэнне ўсё-такі нарадзіць дзіця.

Гэта больш праца трэнера, а не маніпулятара, як абвінавачваюць псіхолагаў перадабортнага кансультавання. І хацелася б яшчэ звярнуць увагу на той момант, што грамадства ніколі не прыйдзе да думкі, што аборт — гэта зло, пакуль яны будуць дазволеныя», — казала Вера Сярдзюк у праграме «Радыё Свабода».

* * *

Чытайце таксама: У Беларусі 19% цяжарнасцяў сканчваюцца абортамі, у Расіі — 30%, у Літве — 13%

* * *

Што пра сітуацыю думаюць іншыя

Ірына Альхоўка, кіраўніца арганізацыі «Гендарныя перспектывы»:

«Мне падаецца, увогуле праблема ў тым, што ў перадабортным кансультаванні прымаюць удзел прадстаўнікі рэлігійнай арганізацыі. «Матуля» так ці інакш асацыяваная з праваслаўнай царквой. Была б на іх месцы каталіцкая арганізацыя ці любая іншая, у мяне было б такое ж меркаванне. Я лічу, што перадабортным кансультаваннем павінны займацца грамадзянскія службы, не асацыяваныя ні з якой рэлігійнай, палітычнай ці іншай арганізацыяй. Мусяць быць людзі, якія займаюцца праблемай прафесійна. Я паважаю каштоўнасці вернікаў, гэта іх справа і іх адказнасць. Але яны прыносяць гэтыя каштоўнасці ў дзяржаўную клініку, якая павінна быць нейтральнай, а не перадузятай».

Зміцер Салошкін, доктар-рэаніматолаг:

«Любы чалавек, які збіраецца зрабіць аборт, мае права сам абіраць, з кім кансультавацца. Захоча — адмовіцца ад кансультацыі, захоча — не адмовіцца. Можа, часам сапраўды прыходзяць на аборт жанчыны, якія не адчуваюць падтрымкі. Магчыма, для такіх жанчын, якія вагаюцца, баяцца негатыўнай рэакцыі з боку соцыуму, вельмі добра, што ёсць нехта, гатовы іх падтрымаць. У тым ліку і людзі, якія схіляюць жанчыну да захавання дзіцяці. Валанцёры ж не працуюць як звычайныя псіхолагі за грошы. Я думаю, што яны прадстаўляюцца, кажуць, з якой арганізацыі. Яны маюць тыя ж самыя правы на сустрэчу з жанчынамі, што і прачойсеры, і іншыя актывісты, якія чамусьці лічаць свае правы важнейшымі за правы іншых. Я лічу, што мусяць быць усе».

Мы накіроўвалі па просьбе Веры Сярдзюк пытанні да арганізацыі пісьмова да таго, як прыйшоў афіцыйны адказ з Міністэрства юстыцыі, аднак адказаў не атрымалі.

Настасся Роўда

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура