Беларуская зіма яшчэ пару дзён таму была падобная, хутчэй, на познюю восень ці на вясну, але холад мацнее. Мароз, колкі вецер, мокры снег, сухасць у памяшканнях, перапады тэмпературы — зімой наша скура сутыкаецца з безліччу выпрабаванняў. Валасы электрызуюцца, скура на руках робіцца сухой… Ніжэй мы распавядзём, як пазбавіцца ад усіх гэтых праблем.
Мы сабралі 7 недарагіх, але эфектыўных [гэта не рэклама, а правераны намі топ] беларускіх сродкаў ці нават лінеек, што дапамогуць камфортна перажыць зіму, якая дакладна ўжо тут.
Фота vitex.by. «Вітэкс», «Зімовы догляд».
Гэтую лінейку «Вітэкс» вырабляе даўно. Крэм для твару «Абарона ад холаду і марозу» можна параіць аматарам актыўнага адпачынку і тым, хто праводзіць шмат часу на вуліцы. У прынцыпе, калі тэмпература апусціцца ніжэй за мінус 15, раіць гэты крэм можна наогул усім. З танальнікамі ён наўрад ці пасябруе, затое твар сапраўды не будзе лупіцца.
Звярніце ўвагу на сродкі для валасоў: шампунь і асабліва кандыцыянер «Зімовы рэцэпт для стомленых валасоў». І першы, і другі мае цудоўны пах. Пра аднаўленне валасоў у гэтым выпадку цяжка нешта сказаць, але тое, што яны куды менш электрызуюцца, — факт.
А вось на пену для ванны «Зімовая казка з алеямі размарына, бергамота і эўкаліпта» лепш і не глядзець, бо яна сушыць скуру. Ад невялікай колькасці сродку ўтворыцца вельмі шмат пены, яна густая і пахучая, але пасля такога купання дакладна захочацца нанесці крэм. Таму альбо спрабуйце загадзя нейтралізаваць гэты эфект, дадаўшы ў ваду солі для ванны, альбо не эксперыментуйце наогул.
Зіма — найлепшы час для выкарыстання кіслотных масак. Яны выдатна ачышчаюць скуру, робяць яе мяккай і бліскучай.
У беларускіх вытворцаў (асабліва ў «Вітэкс») цяпер ёсць з чаго выбіраць. Трэба разумець, што эфектыўнасць сродку канкрэтна для вас будзе залежаць ад вашага тыпу скуры. Мы абралі тры сродкі.
Фота vitex.by. «Вітэкс», «Renew skin» (клетачнае абнаўленне). Маска-эксфаліянт для бездакорнага колеру твару.
У гэтай маскі, напэўна, рэкордная колькасць кіслот. Цяжкая артылерыя! Твар будзе моцна шчыпаць, але вынік вы ўбачыце пасля першага прымянення: разгладжвае рэльеф скуры, асвятляе чорныя кропкі і постакне.
Фота oz.by. «Модум», Asoba. Маска-эксфаліянт для праблемнай скуры.
Яшчэ адна выдатная маска, больш падобная на гліняную з дабаўленнем кіслот. На скуру кладзецца добра, мае дробныя абразіўныя часціцы, якія замяняюць скраб.
Наогул, Asoba — гэта цэлая лінейка сродкаў з кіслотамі, але маскі сярод іх самыя эфектыўныя.
Фота belita-bb.ru. «Беліта», «Пратэіны маладосці Milkline». Лёгкі пілінг для твару з малочнай кіслатой.
Мяккі, далікатны пілінг, які пахне какосам і ваніллю. Падыходзіць тым, каму не трэба асвятляць постакне і ў каго сухая скура. Адразу вы эфекту не заўважыце, можа, калі толькі дакранецеся да твару. Але праз тыдзень-два выкарыстання скура мяняецца ў лепшы бок.
Калі вы выкарыстоўваеце сродкі з кіслотамі, не забывайце, што пры гэтым павялічваецца святлоадчувальнасць скуры і могуць з'явіцца пігментныя плямы. Некаторыя мяркуюць, што гэта тычыцца толькі салонных пілінгаў, бо сродкі, даступныя ў продажы, не такія канцэнтраваныя. Аднак лепш падстрахавацца і нават зімой выкарыстоўваць санскрын (што засцерагае ад уздзеяння сонца). Як мінімум, ён зберажэ скуру ад фотастарэння.
Другі важны момант: не забывайце ўвільгатняць скуру, бо кіслоты могуць яе сушыць. Байкі пра тое, што зімой нельга выкарыстоўваць ўвільгатняльныя крэмы — міф, нічога на твары не замерзне і скуру не траўмуе (тэмпература скуры не апускаецца да нуля, і тэмпература сродкаў на ёй — таксама).
Пра ўвільгатненне яшчэ асобна раскажам ніжэй.
Па дзеянні ён падобны на знакаміты крэм са слімаком ад карэйскага брэнда «Мізон».
Тры ў адным: увільгатняе, насычае, узмацняе рэгенерацыю (а значыць — змагаецца з постакне і вуграмі). А яшчэ муцын (бялок у складзе слімаковай слізі) змагаецца з маршчынамі.
Фота belita-m.by.
Гэты сродак добры для ўсіх узростаў. Не звяртайце ўвагу, калі сустрэнеце на ўпакоўцы знак «30+», бо гэта толькі парада, а не абавязковае правіла. Разам з кіслотнай маскай такі сродак стане верным памочнікам усім, хто пакутуе ад акне, незалежна ад узросту.
З усяго пералічанага тут ён каштуе найбольш — каля 10 рублёў.
Фота markell.by.
У кампаніі «Маркел» лінейка з муцынам слімака з'явілася прыкладна на паўгода раней, чым у «Беліты». Сродкі розныя, іх можна падабраць пад любыя патрэбы скуры. Знаёмства варта пачаць з дзённага крэму. Версія для тлустай скуры па адчуваннях трохі больш шчыльная, чым у «Беліты», але ўвільгатняе і зажыўляе таксама добра.
У ідэале паспрабуйце крэмы ад двух вытворцаў і абярыце той, які больш падабаецца.
Дарэчы, у маркелаўскай лінейцы хваляць праймер для маціравання твару. Калі верыць водгукам, ён добра маціруе і падаўжае жыццё макіяжу. А яшчэ праймеры дадаткова засцерагаюць скуру пры нізкіх тэмпературах.
Фота selfielab.by.
Маскі — важны элемент догляду, асабліва зімой, калі скура быццам становіцца танчэйшай і патрабуе большай колькасці сродкаў. Тканкавая маска ў такім выпадку будзе выдатным памочнікам — гэта якасны экспрэс-сродак.
Брэнд «Лабараторыя сэлфі» выпускае тканкавыя маскі ў незвычайным фармаце. У камплекце будуць сурвэтка для ачышчэння рук, твару, уласна маска і сурвэткі для зняцця яе рэшткаў.
Усё гэта прыгожа запакавана ў асобныя кішэнькі, кожны этап падпісаны. Карыстацца такімі маскамі зручна, асабліва ў падарожжы.
Усяго ў асартыменце ажно 16 масак! Спачатку бярыце тую, што спадабаецца па апісанні. І не палохайцеся ўзроставых пазнак (калі вам 23, а вы выкарыстоўваеце маску «35+», нічога страшнага не здарыцца).
Асабіста мне больш за ўсё падабаецца «ФітаКісларод «Лекавыя травы»».
Фота belkosmex.by.
Усе, напэўна, сто разоў чулі, што скура вакол вачэй — самая далікатная, таму мае патрэбу ў адмысловым доглядзе. Аднак менавіта зімой яна можа пачаць моцна капрызіць, і тады тэрмінова спатрэбіцца моцнае ўвільгатненне.
Звярніце ўвагу не толькі на яркія (але пры гэтым вельмі эфектыўныя) маскі з кавалачкамі садавіны, але і на маскі з серыі «Хатні касметолаг». Напрыклад, «Антыстрэс. Танізіраванне і асвяжэнне» адчувальна паляпшае стан скуры вакол вачэй і зручна наносіцца. А вось нармальна пакласці кавалачкі садавіны (маскі з ківі, агурком ці клубніцамі) з першага разу можа і не атрымацца.
Фота liv-delano.by.
«Малачко мультыактыўнае для сухой адчувальнай скуры цела» лёгка наносіцца, хутка ўбіраецца, выдатна ўвільгатняе і сілкуе скуру (не толькі сухую). Малачко ідзе з помпай, дазатар салідны, таму карыстацца ім адно задавальненне.
Фота liv-delano.by.
Увільгатняльны крэм-сарбет для рук (праўда, не зусім ясна, чым «сарбет» адрозніваецца ад простага крэму) таксама ўбіраецца хутка, пры гэтым быццам стварае дадатковую плёнку на руках. Праз хвіліну вы не будзеце яе адчуваць, але заўважыце, што скура стала больш прывабнай і быццам крышачку васковай. Сарбет выдатна аднаўляе скуру рук пасля холаду ці мыцця посуду.
Беларускія вытворцы рэгулярна радуюць навінкамі, аднак для гэтай падборкі мы абралі толькі праверанае і даўно любімае. Раскажыце ў каментарах, чым з гэтага вы карысталіся, што вам спадабалася, а што, наадварот, не падышло?
Ліна Несцяровіч, ілюстрацыя на застаўцы аўтаркі