Праект партала
Тонус
16.01.2018 / 06:16
Чым небяспечныя навушнікі, як правільна смаркацца — расказвае лор10

Рыніты, сінусіты і гаймарыты — усё гэта верныя спадарожнікі жыхароў буйных гарадоў. Оталарынголагі сёння — адны з самых запатрабаваных спецыялістаў, чэргі да іх у дзяржаўных паліклініках распісаныя мінімум на месяц наперад. Як прадухіліць захворванне, як пазбягаць алергіі і якім чынам паводзіць сябе ў халодны сезон — у гутарцы з лор-доктаркай медыцынскага цэнтра «Вокамедсон» Яўгеніяй Жукоўскай.

Даведка:

Жукоўская Яўгенія Маркаўна — доктар-отарыналарынголаг 1-й катэгорыі. Скончыла МДМІ па спецыяльнасці «педыятрыя». Пасля — клінічную ардынатуру пры БелМАПА па спецыяльнасці хваробы вуха, горла, носа. Бабуля Яўгеніі была заслужанай доктаркай Беларусі, у яе гонар яе і назвалі. Спадарыня Жукоўская ўпэўненая, што выдатны выгляд для доктара — такая ж візітоўка, як для фітнэс-трэнера добрая фізічная форма. Бо калі ты сам выглядаеш нездарова, то як можаш дапамагаць іншым?

«НН»: З якімі праблемамі да вас звяртаюцца часцей за ўсё?

Яўгенія Жукоўская: Фарынгіт, ларынгіт, рыніт — інфекцыі верхніх дыхальных шляхоў з’яўляюцца найбольш распаўсюджанымі паталогіямі ў медыцыне ў прынцыпе. Гэта калі весці гаворку пра дарослых людзей. У дзетак жа мы вельмі часта лечым празмернае разрастанне адэноідаў, аціты.

Крыху радзей людзей непакояць праблемы органаў слыху. І калі раней зніжэнне іх працаздольнасці адбывалася з узростам, то сёння гэта праблема маладзее. Адна з галоўных прычын, чаму так адбываецца, заключаецца ў частым выкарыстоўванні навушнікаў. Заходзіш у метро і бачыш, што вялікая частка моладзі слухае музыку. Але пастаянным затыканнем вуха людзі пазбаўляюць яго асноўнай фізіялагічнай функцыі: вы проста ўявіце, якая магутнасць гуку павінна быць, каб заглушыць усё тое, што шуміць навокал? Менавіта таму мы раім як мага менш карыстацца навушнікамі, асабліва затычкамі, якія глыбока пранікаюць ў слыхавы праход.

Асобна трэба сказаць пра петарды, феерверкі і іншыя забавы. Яны таксама траўмуюць слых, таму, калі ласка, набывайце такія рэчы толькі ў правераных месцах, дзе вам могуць гарантаваць ліцэнзаваны тавар.

«НН»: Са слыхам больш-менш зразумела, а чаму так шмат хвароб носу, ці ўплывае на гэта наш клімат?

ЯЖ: Безумоўна, беларускае надвор’е з яго пастаяннай вільгаццю і адсутнасцю сонца робіць сваю справу — адсюль такая вялікая колькасць інфекцый верхніх дыхальных шляхоў.

Сучасная экалогія спрыяе росту алергічных (калі насмарк выклікае алерген) і вазаматорных рынітаў (калі слізістая разбухае і перастае спраўляцца з функцыяй ачышчэння паветра).

Акрамя клімату, на імунітэт уплывае наш лад жыцця. Пагадзіцеся, усе мы сталі менш рухацца, радзей праводзіць час на вуліцы. Нават дзеці і тыя пасля школы сядаюць спачатку за ўрокі, а пасля — бягуць за камп’ютар, а не на горку.

Каб умацоўваць імунітэт, мы ўсім пацыентам даём агульныя парады: больш рухацца, ужываць сезонную садавіну з гароднінай і быць не проста цёпла апранутымі, а старацца падбіраць адзенне так, каб яно не скоўвала рухі. Гэта рэкамендацыі не толькі на папярэджанне лор-хвароб, але і многіх іншых.

«НН»: Хто вінаваты ў тым, што большасць агучаных хвароб прымаюць хранічную форму: інфантыльныя пацыенты ці некампетэнтныя спецыялісты?

ЯЖ: У нас ва ўсіх розная генетыка, таму цяжка сказаць. Часцей за ўсё — гэта збег абставінаў. Вынікі лячэння залежаць і ад імунітэту, і ад дактароў у тым ліку.

Гэта не ўнікальны выпадак, калі да нас прыходзяць пацыенты, якія не першы дзень п’юць прызначаныя антыбіётыкі. І гэта пры мінімальных прастудах! Мне нават страшна становіцца, калі дзіцяці ўсяго пяць гадоў, а за сваё жыццё ён выпіў больш антыбіётыкаў, чым я за 50. Пра які імунітэт можа ісці гаворка?

Большасць вірусных інфекцый лёгка лечыцца без антыбіётыкаў. Іх варта выпісваць толькі на пяты-шосты дзень, калі хвароба прагрэсуе і паляпшэнняў не бачна.

І не трэба ўспрымаць тэмпературу як бясспрэчны знак, што прыйшоў час піць антыбіётыкі. Тэмпература — гэта таксама праяўленне віруснай інфекцыі, гэта абаронная рэакцыя арганізма, сігнал, што ён змагаецца. Перш, чым карміць сябе таблеткамі, здайце агульны аналіз крыві хаця б.

«НН»: З якімі самымі страшнымі наступствамі недалечаных хвароб вам прыйшлося сутыкнуцца за гады практыкі?

ЯЖ: Яны адбываліся не ў медцэнтры, а падчас навучання ў ардынатуры.

Я бачыла, як запушчаныя формы сінусітаў прыводзілі да абсцэсаў галаўнога мозгу, ці калі сіплы голас быў вынікам раку гартані.

Усе гэтыя праблемы, праўда, былі характэрныя для жыхароў раённых цэнтраў і так званых асацыяльных элементаў.

«НН»: Вы згадвалі, што дзеці часта пакутуюць ад разрастання адэноідаў. Я ведаю, што некаторыя бацькі баяцца аддаваць малых на аперацыі па іх выдаленні, ці апраўданы такі страх?

ЯЖ: Маё меркаванне тут адназначнае: калі нарадзілі дзіця, вы павінны думаць пра яго здароўе, а не жыць уласнымі страхамі. Дзяцей, якія сутыкаюцца з праблемай адэноід, заўсёды было шмат (каля 25—30 працэнтаў). Гэта не нейкая там паталогія: адэноідныя тканіны ёсць ва ўсіх, проста ў некаторых яны вырастаюць больш, чым трэба. У выніку яны перакрываюць насаглотку, абцяжарваюць дыханне. Калі гэта не лячыць, можна лёгка нажыць аціт, напрыклад, і іншыя непрыемныя наступствы.

Калі вы бачыце, што дзіця пачынае пасопваць, храпці, дыхае ротам — не думайце, што гэта проста нейкая дрэнная звычка — вядзіце яго да спецыяліста. Звычайна, калі мы выдаляем пацыенту адэноіды, гэтыя «звычкі» адразу знікаюць. Праўда, калі 25 гадоў таму, калі я толькі пачынала працаваць у гэтай сферы, на выдаленне адэноідаў адпраўлялі шмат дзетак, то сёння, дзякуючы сучасным медыцынскім прэпаратам, мы можам блакаваць іх рост у вялікай колькасці выпадкаў.

«НН»: А што наконт праколаў, ці змянілася колькасць ужывання дадзенай методыкі для лячэння гаймарытаў?

ЯЖ: Калі я толькі пачынала працаваць, то рабіла праколы штодзённа. Сёння такі абавязак выконваю ўсяго некалькі разоў на год. Добрыя антыбіётыкі, сакрэталітыкі і спецыяльныя працэдуры добра спраўляюцца з лячэннем. Цяпер пракол робіцца толькі ў радыкальных выпадках: калі ніводны з пералічаных спосабаў лячэння не дапамог.

Але не трэба думаць, што пасля таго, як чалавеку зрабілі пракол, гэта будзе паўтарацца да канца жыцця. Такі міф не мае ніякага дачынення да рэальнасці.

«НН»: Калі насмарк патрэбна пераставаць лячыць у хатніх умовах і звяртацца да доктара?

ЯЖ: Безумоўна, не з кожным насмаркам адразу трэба бегчы ў паліклініку. Для пачатку паспрабуйце лячыць яго самі, напрыклад, прамываннем носа салявымі растворамі. Дарослым можна выбалбатаць з мінералкі газы і выкарыстоўваць гэтую вадкасць для працэдур 2—3 разы на дзень. Улічвайце, што будова носа, асабліва ў дзетак, фізіялагічна спрыяе таму, што з яго ўсё можа лёгка трапіць у слыхавую трубу і такім чынам прывесці да аціту. Таму прамыванне не павінна ісці пад ціскам: не трэба выкарыстоўваць для гэтых мэт спрынцоўкі ці вялікія шпрыцы — дастаткова закапаць некалькі піпетак салёнай вадкасці і высмаркацца.

«НН»: Як спецыяліст, патлумачце раз і назаўжды: як правільна смаркацца?

ЯЖ: Зручней, канешне, рабіць гэта па чарзе: спачатку адна ноздра, пасля — другая. Але не трэба прыкладаць звышнамаганняў: што выходзіць з носа — тое і тваё. Любая вірусная інфекцыя, а таксама перапады тэмпературы аслабляюць сасудзістую сценку, на гэтым фоне вельмі лёгка дасмаркацца да крыві.

«НН»: А што наконт кропель? Наколькі яны небяспечныя ў якасці самалячэння?

ЯЖ: Звычайны вірусны насмарк мінае хутка, але калі вы кропаеце каплі цягам тыдня і ніякіх паляпшэнняў не адчуваецца — трэба паказацца доктару. Здараецца, што да нас прыходзяць пацыенты, якія маглі карыстацца кроплямі па некалькі гадоў. Яны прыходзяць толькі тады, калі тыя перастаюць дапамагаць.

Любыя сасудазвужальныя каплі дзейнічаюць такім чынам, што скарачаюць слізістую, пасля — яна зноў набухае. Чалавек закропвае нос — і пачынае дыхаць свабодна. Але з кожным разам гэты час камфортнага дыхання скарачаецца. Кроплі трэба капаць усё часцей — узнікае залежнасць. Гэта можа прывесці да таго, што праблема будзе вырашацца толькі хірургічным шляхам: падразаннем ніжніх насавых ракавін.

«НН»: Колькасць алергікаў павялічваецца ва ўсім свеце, гэтаму можна неяк процістаяць?

ЯЖ: Алергія — гэта тое, з чым чалавек нараджаецца і жыве ўсё жыццё, яна нікуды не знікае.

Тое, што колькасць алергікаў павялічваецца, магчыма, звязана з тым, што нас акружае ўсё больш агрэсіўных рэчаў: разнастайная бытавая хімія, выхлапныя газы ад машын, прамысловая дзейнасць… Некаторыя моманты мы можам кантраляваць.

Напрыклад, у перыяд цяжарнасці будучая маці павінна абмежаваць ужыванне пэўных прадуктаў, па мінімуме карыстацца той жа бытавой хіміяй. Калі дзіця народзіцца, не трэба да трох гадоў даваць яму цукеркі, цытрусы і іншыя алергены. Тым больш, калі дзеці не ведаюць смак салодкага, яны не будуць нават яго прасіць. Памятаю, маёй малодшай дачцэ ва ўзросце каля трох гадоў на Новы год прынеслі бот з цукеркамі — дык яна з іх рабіла паравоз, бо не ўяўляла, што гэта можна есці.

«НН»: Вяртаючыся да тэмы міфаў і праўды. Ці патрэбныя нашым вушам гігіенічныя палачкі?

ЯЖ:

Яшчэ ў гады майго навучання ў інстытуце стары прафесар, які чытаў нам лекцыю пра лор-хваробы сказаў: «Калі бог зрабіў наш палец таўсцейшым за слыхавы праход, гэта для чаго? Каб мы туды пальцам не лазілі!» Вуха — гэта орган, які здольны самаачышчацца, для гігіены дастаткова памыць тое, што навідавоку, не трэба лезці далей.

Калі ж у вас там нешта свярбіць, гэта можа казаць пра дэрматыт слыхавых праходаў. У вуха лёгка занесці інфекцыю, таму не трэба расчэсваць яго: сверб здымаецца вельмі лёгка, калі своечасова наведаць доктара.

«НН: Ці заўсёды боль у горле ці ў вушах сведчыць пра тое, што ў чалавека праблемы менавіта з гэтымі органамі?

ЯЖ: Боль у калявушной вобласці можа быць наступствамі неўралгіі трайчастага нерва або артрыту і артрозу скронева-сківічнага сустава. Боль у горле могуць даваць астэахандроз шыйнага аддзела хрыбта, гастраэзафагеальны рэфлюкс ці праблемы са шчытавіцай. Сучасны доктар не можа мысліць вузка і развярнуць пацыента са словамі: гэта не да мяне, ідзі туды, не ведаю куды. Калі гэта не па нашай частцы, мы ўсё роўна павінны перанакіроўваць да тых спецыялістаў, якія дапамогуць. У гэтым заключаецца добрапрыстойнасць лекараў.

УНП 191126676
ТАА «Окамедсон»

Кацярына Карпіцкая

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура