Праект партала
Тонус
23.02.2018 / 19:24
Сала карыснае, а ў абястлушчаным тварагу карысці ніякай — нечаканыя факты пра здаровае харчаванне43

Фармацэўт Аляксандра Ганчарова ў сваім твітары распачала флэшмоб папулярнага фармату «адзін лайк — адзін факт пра здаровае харчаванне». Тэма выклікала вялікую цікаўнасць сярод карыстальнікаў, таму мы з дазволу аўтаркі развілі яе і сабралі ніжэй самыя незвычайныя і нечаканыя прыклады.

Фота Волі Афіцэравай.

«Калі я толькі паступіла ў медыцынскі ўніверсітэт у Мінску, пачала вывучаць розныя прадметы, на якіх закраналася тэма харчавання. Я знаходзіла ўсё больш і больш памылак у тым, як прымаюць ежу людзі навокал. Мае сяброўкі, напрыклад, любяць розныя дыеты, якія не заўсёды заканчваюцца добра. Часам яны прыносяць шкоду арганізму», — расказвае Аляксандра.

Дзяўчыне вельмі непрыемна бачыць, як людзі вядуцца на розныя маркетынгавыя хітрыкі, таму яна вырашыла часцей уздымаць гэтую тэму. Карысныя пасты на тэму харчавання, а пасля і лекаў будуць з’яўляцца не толькі ў яе твітары, але і ў тэлеграм-канале.

А цяпер — асноўныя міфы пра харчаванне, якія мы разабралі разам з Аляксандрай.

Не есці пасля 18.00? Дурасць.

У гэтым ёсць сэнс хіба што тады, калі вы збіраецеся спаць у 20.00. Перад самым сном наядацца, канечне, не варта, але найлепш у гэтай справе ўважліва слухаць свой арганізм.

Два літры вады ў дзень — і будзеш худым і прыгожым. Дурасць.

Трызненне, якое захапіла нашы галовы так моцна, што мяне паўсюль атачаюць людзі з двухлітровымі бутэлькамі. Піць трэба столькі, колькі патрабуе арганізм.

Усе сокі карысныя? Цяперашнія сокі з пакетаў не лепшыя за кока-колу — амаль столькі ж цукру, а яшчэ і дамешкі.

Натуральны сок будзе каштаваць не менш за 5 рублёў. Ні ў якім разе нельга піць сок нашча, інакш страўнік аднойчы скажа вам «давай, да пабачэння». Тое ж самае з пітнымі ёгуртамі з дадаткамі.

Калі хочаш схуднець, адмоўся ад белага хлеба? Дурасць.

А чаму не чорнага? Таму што ён чорны? У чорным хлебе амаль столькі ж калорый, хіба што ён крыху больш карысны.

Толькі аліўкавы алей, толькі аліўкавы! Дурасць.

Тая самая гісторыя з аліўкавым і сланечнікавым алеямі. Аліўкавы алей карысны сваімі амегакіслотамі, але там столькі ж калорый, колькі і ў сланечнікавым, нават больш.

Абястлушчаны тварог? З такім жа поспехам вы можаце пажаваць кардон.

Кальцый з такога тварагу не засвойваецца, ды і наогул карыснасць прадукту пад сумневам. Тое самае тычыцца абястлушчанага кефіру, малака і гэтак далей.

Глазураваны сырок як карысны перакус? Анягож!

Здаецца, чаму б і не? Тварог і крышачку шакаладу. Але гэта падман: у маленькім брыкеціку столькі цукру і іншых гадасцяў, што проста жах!

Аляксандра Ганчарова.

Ад піва мы правімся? Насамрэч, не.

Мы папраўляемся ад чыпсаў і сухарыкаў. У літры піва столькі ж калорый, колькі ў ста грамах віскі.

Разгрузачныя дні на кефіры і яблыках. А-ха-ха.

Калі б была мая воля, я б выдаліла такія схемы пахудання з інтэрнэту, бо гэта толькі шкодзіць страўніку. Усё скінутае падчас такіх дзён вернецца назад, нават яшчэ больш.

Варэнне — крыніца вітаміну С? Варэнне — выключна крыніца цукру, які хутка ператворыцца ў цэлюліт на вашым азадку.

Вітамін С знікае ўжо пры 50 градусах. І яшчэ адзін момант. Людзям, якія хварэюць, заўсёды нясуць апельсіны. Расчарую: вітаміна С у іх не так ужо і шмат. Нясіце лепш перац і капусту. Гародніна ўвогуле куды больш карысная, чым уся садавіна разам узятая.

Пра вітаміны. Новы модны трэнд: вітамін D. Калі ласка, не вядзіцеся на гэта.

Прымайце яго толькі па медыцынскіх паказаннях і ў адпаведнасці з інструкцыяй.

Адмаўленне ад тлушчаў. Дзяўчаты, не рабіце гэтага! Акрамя лішніх кілаграмаў, вы загубіце жаночае здароўе. Усе палавыя гармоны фактычна сінтэзуюцца з тлушчаў.

Іх можна і нават трэба есці, толькі кантралюйце колькасць.

«Добрыя» прысмакі на фруктозе? Не!

Фруктоза — для дыябетыкаў. Здаровым людзям яна прынясе столькі ж калорый, колькі і звычайны цукар. Яшчэ і праблемы з вугляводным абменам.

Дрэнныя і добрыя калорыі? Усё гэта лухта.

Калорыі — гэта энергія, якую атрымлівае арганізм. І яму пляваць, ідзе яна з тортаў ці з агуркоў.

Яшчэ адзін тэрмін, які варта забараніць выкарыстоўваць: мінусавая каларыйнасць. Напрыклад, фішка з сельдэрэем. Арганізм не дурань.

Калі вы думаеце, што пасля торта з’ясцё вядро сельдэрэю і выйдзеце ў нуль, то даруйце.

Малако з кальцыем. Што? Я пагляджу на чалавека, які зробіць малако без кальцыю.

Ён апрыёры ёсць у малацэ.

Самы багаты на бялок прадукт — не знакамітая курыная грудка.

Арэхі, арэхавая паста і мацарэла ўтрымліваюць амаль у два разы больш бялку.

Сушы — нізкакаларыйная ежа? Гэтае сцвярджэнне выклікае ў мяне слёзы.

Гэта няпраўда.

Арэхі — не перакус для людзей, якія худнеюць.

Так, арэхі карысныя. Але калі не больш за 5-6 арэхаў, бо яны вельмі каларыйныя.

«Грызіце свежую моркву, набірайцеся вітаміну А», — казалі нам у дзяцінстве. Усё не так проста.

Вітамін А засвойваецца толькі разам з тлушчамі, таму моркву трэба запраўляць алеем.

Сала шкодзіць фігуры? Насамрэч не, наадварот, яно дапамагае схуднець.

Вядома, размова не пра кілаграм смажанага сала, а пра 30-50 грам свежага, салёнага.

Пяць-шэсць прыёмаў ежы ў дзень? Не, і два, і шэсць прыёмаў ежы дадуць вам аднолькавыя вынікі пры ўмове, што гэта будуць роўныя порцыі.

Не варта цягаць з сабой шэсць кантэйнераў з ежай на працу. Можаце выдыхнуць.

Запісала Кацярына Карпіцкая

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура