Праект партала
Накіпела
23.03.2018 / 21:50
Полькі адваёўваюць права на аборт — у Варшаве пратэстуюць 55 тысяч жанчын ФОТЫ58

У пятніцу, 23 сакавіка, у Польшчы ідуць масавыя пратэсты супраць намераў уладаў зрабіць больш жорсткім заканадаўства аб абортах. Gazeta Wyborcza паведамляе, што на вуліцы Варшавы выйшла каля 55 тысяч жанчын — гэта амаль удвая больш, чым падчас папярэдняга жаночага «Чорнага пратэсту», што прайшоў у 2016 годзе.

Прадстаўнікі кіруючай партыі «Права і справядлівасць» прапануюць забараніць рабіць аборт нават тады, калі вядома, што дзіця не выжыве. Адначасова хочуць адмяніць крымінальную адказнасць для жанчын, якія рабілі аборт.

З крытыкай ініцыятывы ўладаў выступілі 200 няўрадавых арганізацый Польшчы. Яны апелююць да таго, што падобны закон ставіць пад пагрозу здароўе жанчын і парушае міжнародныя абавязальніцтвы ў сферы правоў чалавека.

Вось, што скандуюць полькі, якія пратэстуюць сёння не толькі ў Варшаве, але і ў Жэшаве, Кракаве, Познані, Лодзі і Ольштыне:

«Рэвалюцыя — гэта жанчына»,

«Хадземце з намі, з жанчынамі»,

«Баронім жыццё, жыццё жанчын»,

«Хочам дактароў, а не місіянераў»,

«Сэкс — так, сэксізм — не»,

«Думаю, адчуваю, вырашаю»,

«Хопіць польскіх жанчын на каленях»,

«Крывадушнікі, фанатыкі, адчуеце гнеў вуліцы»,

«Нашы маткі».

Польскія ўлады не першы раз спрабуюць забараніць аборты. Раней закон не прынялі праз моцную незадаволенасць і абуранасць жанчын, што масава выйшлі на пратэсты. У кастрычніку 2016 пратэставалі больш за 150 тысяч чалавек у 143 гарадах і вёсках краіны.

Кіруючая партыя «Права і справядлівасць» праводзіць у Польшчы кансерватыўную сямейную палітыку. Улады краіны ўжо спынілі фінансавую падтрымку штучнага апладнення, а таксама дазволілі прадаваць супрацьзачатачныя таблеткі толькі па рэцэптах.

Nina.nn.by

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура