Праект партала
Тонус
09.05.2018 / 15:55
Скрынка з прыправамі як аптэчка: мускатны арэх — у «бардачок» кіроўцам, куркума — тым, хто мае праблемы з абменам рэчываў14

Мы пагутарылі з Сяргеем Савічам, гандляром духмянымі прыправамі, які ўпэўнены: калі выкарыстоўваць спецыі правільна, можна адмовіцца ад хатняй аптэчкі назаўжды. 

Сяргей Савіч, прадпрымальнік з Маладзечна.

«Самая вялікая памылка — гэта мець адну ўніверсальную прыправу на ўсе стравы», — кажа гандляр. Так, такія сумесі карыстаюцца найбольшым попытам і падыходзяць да ўсяго, але Сяргей параўноўвае іх з тым, як змяшаць бульбу, рыс і кампот у адной каструлі: «Нясмачна ж атрымаецца, праўда?».

Сяргей можа прапанаваць сваім пакупнікам 150 відаў розных спецый.

«Гэта вельмі мала, можна было б асартымент лёгка пашыраць да 300. Але ёсць спецыі, якія каштуюць дорага, а тэрмін прыдатнасці ў іх малы. Напрыклад, тая ж ваніль. Калі яе захоўваць у закрытай ёмістасці, яна можа пакрыцца цвіллю, калі ў адкрытай — засохнуць. Кілаграм такой духмянай спецыі каштуе каля 70 рублёў».

Калі ведаць, як правільна ўжываць спецыі, то можна і значна паправіць здароўе, сцвярджае Сяргей Савіч.

«Да мяне ўвесь час ходзіць жанчына, якой 55 гадоў. Але больш за 40 ёй, наўрад ці дасі. Сакрэт яе маладосці вельмі просты: кожную раніцу яна з’ядае лыжку куркумы, запівае шклянкай вады і выходзіць на прабежку. Справа ў тым, што куркумін, які ўваходзіць у склад гэтай спецыі, прадухіляе назапашванне тлушчу. Куркума прыводзіць у парадак абмен рэчываў. Калі рэгулярна дадаваць куркуму ў ежу, то калорыі будуць спальвацца хутчэй. Акрамя таго, куркума робіць кроў больш вадкай і дапамагае знізіць крывяны ціск».

А пасля прабежкі надыходзіць час сняданка. І добра было б, раіць прадавец спецый, да вашай штодзённай аўсянкі ці яечні дадаваць семачкі ільну або кунжута.

«І тое, і тое — вельмі смачна і карысна. Зярняткі ільну ахінаюць слізістаю абалонку страўніка, тым самым паляпшаюць працэс стрававання. Лён таксама карысны і для печані».

Кунжут Сяргей раіць дадаваць амаль да ўсяго. У яго быў выпадак, калі адзін з пакупнікоў паскардзіўся, што пасля пералому дрэнна зрастаецца нага. Сяргей параіў дадаваць у стравы кунжут як крыніцу кальцыя: «Не ведаю, ці кунжут дапамог, але праз месяц хлопец прыйшоў дзякаваць і купляць чарговы пакет з ім».

Як і на многія іншыя рэчы, на спецыі таксама ёсць мода. Апошнім часам папулярнымі спецыямі сталі размарын і шафран. Але не ўсе ведаюць, як карыстацца імі.

«Жанчына купляла размарын. Я пытаюся, — кажа Сяргей, — У якую страву вы хочаце? А яна мне: «У рыбу». Ну, якую рыбу? Размарын у рыбе дасць толькі горыч. Ці прыйшла яшчэ адна: «Ваш шафран — нейкая лухта. Ні смаку ні колеру». Пытаюся: «Як дадавалі?». Кажа, што пасыпала зверху. А шафран жа трэба папярэдне расцерці ў ступцы».

Такія памылкі людзі робяць не ад недахопу інфармацыі, а ад недахопу часу. «Пыталіся ў мяне марынад для шашлыкоў, каб закінуць у яго мяса на паўгадзінкі — і на агонь. А так не бывае».

Не толькі ў асноўныя стравы варта дадаваць спецыі, але можна іх выкарыстоўваць у дэсертах ці каве.

Напрыклад, каву варта піць з кардамонам і цынамонам. Вашы мазгі гарантавана адпачнуць і пачнуць генерыраваць новыя ідэі.

Кардамон паляпшае зрок, дапамагае ад прастуды ды бяссонніцы. Як і мускатны арэх, з’яўляецца афрадызіякам. 

«А мускатны арэх, — удаклядняе Сяргей, — наогул павінен быць у «бардачку» кожнага кіроўцы. Дзякуючы свайму водару, ён зможа схаваць непрыемны пах, які застаўся «ад учора»».

Топ- 5 самых папулярных спецый

Першыя месцы займаюць розныя ўніверсальныя прыправы і сумесі для мяса, салатаў, засолкі і гэтак далей.

Далей «прызавыя» месцы сярод спецый размяркоўваюцца наступным чынам.

  1. Сушаны часнок.
  2. Імбір.
  3. Хмелі-сунелі.
  4. Кары.
  5. Сванская соль.

Сушаны часнок, удаклядняе прадавец, бывае рознага памолу. «Але калі мяне пытаюцца, які смачнейшы, я адказваю: як смачней, калі каўбасу буйна парэзаць ці тоненька».

Сванская соль — гэта сумесь солі з каляндрай, папрыкай, куркумай, часнаком. «Той, хто паспрабаваў яе адзін раз, больш не захоча карыстацца звычайнай соллю. Я ўжо не кажу пра магазінныя сумесі з рознымі там глутаматамі».

Наталля Тур, фота аўтаркі

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура