Праект партала
Тонус
13.11.2018 / 12:50
Клімакс: што лепш ведаць пра яго ўжо сёння, колькі б год вам ні было10

Калі інфармацыю пра першыя месячныя нам як-ніяк даюць у школе, то ўсё, што чакае нас пасля апошняй менструацыі, для многіх жанчын аказваецца непрыемным сюрпрызам. І дарма: з клімаксам звязана мінімум чвэрць жыцця кожнай жанчыны, і лепш ведаць усе сімптомы, якія суправаджаюць гэтыя змены ў арганізме, загадзя.

Публікуем інфармацыю, якая дапаможа больш дазнацца пра сваё цела, падрыхтавацца да клімаксу (тым больш ён імкліва «маладзее») і лепш разумець маці, старэйшых калег ці знаёмых, якія перажываюць гэты досвед проста цяпер.

Разабрацца з усімі нюансамі нам дапаможа доктарка-гінеколаг Алена Рудская, якая, між іншым, вядзе карысны інста-блог, прысвечаны жаночаму здароўю.

Што такое клімакс?

У гінекалогіі існуе некалькі паняццяў: клімакс і клімактэрычны сіндром. Клімаксам называюць фізіялагічны перыяд, у якім жанчына пераходзіць у безменструальную фазу: нашы яечнікі вычэрпваюцца і паціху згасае дзетародная функцыя. Клімактэрычны сіндром — гэта набор сімптомаў, характэрных для гэтага перыяду.

Сінонімам клімаксу ёсць тэрмін «менапаўза». Доктар адлічвае яе з моманту апошніх месячных. Вылучаюць таксама прэменапаўзу (год да апошняй менструацыі), перыменапаўзу (прэменапаўза плюс год пасля апошняй менструацыі) і постменапаўзу (пасля года ад апошняй менструацыі і далей).

Як зразумець, што клімакс не за гарамі?

Хуткі надыход менапаўзы праяўляе сябе раннімі (нерэгулярнасць цыклаў, змена настрою, прылівы, павышаная патлівасць, зніжэнне лібіда, бяссонніца, скокі артэрыяльнага ціску, трывожнасць, раздражняльнасць), адкладзенымі (сухасць скуры, з'яўленне грубых маршчын, выпадзенне валасоў, крохкасць пазногцяў, сухасць і сверб вульвы) і познімі сімптомамі (постменапаўзальны метабалічны сіндром: атлусценне, атэрасклероз, артэрыяльная гіпертэнзія, цукровы дыябет; зніжэнне ўвагі, зроку, слыху; «удовін горб», пераломы шыйкі сцягна і інш.). 

У жанчын з худым целаскладам за кошт малой колькасці эстрагенаў, якія ў тым ліку прадуцыруюцца ў тлушчавай тканцы, сімптомы астэапарозу і ўвогуле праблемы з касцямі будуць мацнейшымі, чым у жанчын больш поўнага целаскладу. Але жанчыны з высокім індэксам масы цела, якія пакутуюць ад атлусцення, павінны памятаць, што ў тлушчавай тканцы ўтвараецца дрэнны гармон лептын. Ён вядзе да зніжэння выпрацоўкі палавых гармонаў, што спрыяе ранняму прыходу клімаксу і ранняму старэнню.

Некаторым жанчынам больш за ўсё не хапае тэстастэрону: дадаецца лішняя вага, знікае жаданне актыўнай сацыяльнай дзейнасці (не хочацца ісці на працу, у госці, падарожнічаць), з'яўляюцца праблемы з сэксуальным жаданнем.

А ці бывае, каб не было ўсялякіх непрыемных сімптомаў?

Першапачаткова прыродай было задумана так, каб жанчыны лёгка пераходзілі да сталасці. Аднак сёння мы дрэнна харчуемся (ненатуральныя каўбасы, фаст-фуд, маянэз, шмат вугляводаў), маем маларухомы лад жыцця, мала бываем на прыродзе, дыхаем забруджаным паветрам, недаатрымліваем прыроднага вітаміну D і пастаянна стрэсуем на працы і дома.

Соцыум развіваецца, але жаночы арганізм не паспявае адаптавацца да ўсіх гэтых змен. Таму ў сучасных беларусак менапаўза не праходзіць бясследна.

Безумоўна, каб мы вялі актыўны лад жыцця, пілі вітаміны (асабліва D), пастаянна абследаваліся б, наш арганізм мог бы больш плаўна перайсці у клімактэрый, без фізічных ускладненняў, якія абцяжарваюць жыццё. Але ўсё роўна праз 10 год ад старту менапаўзы амаль кожную жанчыну даганяюць хваробы.

Які ўзрост — норма для клімаксу?

Лічыцца нормай надыход каля 50 год. Калі справа распачынаецца з 40 да 45 год — гэта ўжо ранняя менапаўза. І цяпер ва ўсім свеце назіраецца тэндэнцыя: клімакс у жанчын праяўляецца ўсё раней, як, уласна кажучы, і першыя месячныя.

Варта дадаць, што ранні клімакс можа пачацца таксама пасля перажытых сур’ёзных хвароб з медыцынскім умяшаннем: выдаленне яечнікаў або хіміятэрапія. У такім разе гаворка будзе ісці пра штучны клімакс.

Ці можна пасунуць надыход менапаўзы?

Не варта забывацца на тое, што існуюць фактары, на якія мы з вамі паўплываць не ў сілах: напрыклад, экалогія, генетыка. Вядома, калі ва ўсіх сваячак у родзе жанчыны клімакс прыходзіў досыць рана (напрыклад, да 45 год), нават выкарыстоўваючы ўсе магчымыя механізмы, пасунуць яго надыход (харчаванне, здаровы лад жыцця, вітамінныя дабаўкі) можна на плюс-мінус некалькі год.

Калі клімакс не дае нармальна жыць, што рабіць?

Звычайна ў 45—50 год жанчыны ўжо дасягнулі пэўных мэт і ў кар’ерным, і ў сямейным плане. Яны актыўныя і, часцей за ўсё, займаюць высокія пасады. Само сабой, такія рэчы, як прылівы, змены настрою, бяссонніца, стамляльнасць, цяжкасці з сэксуальным жаданнем перашкаджаюць ім адчуваць сябе цалкам камфортна.

Першы самы дзейсны спосаб прафілактыкі — гарманальная тэрапія нізкадазаванымі сучаснымі прэпаратамі. Яе варта прызначаць як толькі выяўлены гарманальны дэфіцыт. Вядома, у гарманальнай тэрапіі ёсць супрацьпаказанні, на дапамогу ў якасці замены прыходзяць альтэрнатыўныя метады — гэта фітатэрапія (ужыванне раслінных прэпаратаў, што падтрымліваюць пэўны стан).

Я не прыхільніца лячэння гарманальнай тэрапіяй у рэпрадукцыйны перыяд, але калі прыходзіць менапаўза, і відавочна, што гармоны прынясуць больш карысці, аблегчаць фізічныя адчуванні, наладзяць жыццё з сэксуальным партнёрам, то, безумоўна, трэба іх прымаць.

Само сабой, перад прызначэннем менапаўзальнай тэрапіі ў жанчыны не павінна быць выяўлена супрацьпаказанняў накшталт анкалагічных захворванняў маткі, спадчыннай схільнасці да раку малочнай залозы (ген BRCA 1/2), артэрыяльнай гіпертэнзіі 3—4 ступені, гіперплазіі эндаметрыі, матачных крывацёкаў, трамбозаў глыбокіх вен, цяжкіх захворванняў печані і жоўцевага пузыра, узросту больш за 60 гадоў, менапаўзы больш за 10 гадоў і інш. (існуе цэлы пералік абсалютных і адносных супрацьпаказанняў, які павінен улічвацца доктарам).

Дык а што ж усё-такі адбываецца з лібіда ў гэты перыяд?

У жанчын, якія ўзростава набліжаюцца да перыяду,пра які мы вядзём гаворку, зніжаецца выпрацоўка гармонаў, якія адказваюць за палавую актыўнасць — тэстастэрону ў прыватнасці. Разам з тым у арганізме зніжаецца колькасць эстрагену — стэроіднага палавога гармону, які ўплывае на вільготнасць похвы. У клімактэрычны перыяд жанчыны ўсё часцей скардзяцца на боль, непрыемныя адчуванні падчас сэксуальных кантактаў. На гэты выпадак існуе спецыяльная тэрапія, якая накіраваная выключна на зняцце сухасці ў похве, балючасці падчас палавога акту — гэта ўжыванне мясцовых эстрагенных прэпаратаў (геляў, свечак). Можна таксама карыстацца лубрыкантамі, аднак гэта на заўсёды зручна, бо кожны раз змазку трэба мець пад рукой. Тым больш, яна ніяк не дапаможа вярнуць сэксуальнае жаданне, калі тое знікла.

Як рыхтавацца да менапаўзы?

Пажадана правесці шэраг абследаванняў: звярнуцца да гінеколага, які прызначыць гарманальныя аналізы, каб прааналізаваць, наколькі хутка чакаецца менапаўза і ці можна неяк дапамагчы жанчыне: падтрымаць цыкл медыкаментамі, напрыклад, тым самым падоўжыць яе жаночую маладосць. Да такіх аналізаў адносіцца аналіз на ФСГ (фалікуластымулюючы гармон), эстрадыёл, АМГ (антымюлераў гармон). Разам з гарманальным абследаваннем праходзяць біяхімічнае — на ліпідны ўзровень, бялковы, вугляводны абмен, а таксама УГД органаў малога тазу, абследаванне малочных залоз, пры наяўнасці сямейнага анамнэзу — генетычнае даследаванне, кансультацыі вузкіх спецыялістаў і інш.

Наладзіўшы свой лад жыцця наноў, згодна з вынікамі гэтых аналізаў, можна падоўжыць перыяд да менапаўзы і палегчыць адчуванне ў момант яе надыходу.

Таксама раю ўсім пацыенткам перад прызначэннем менапаўзальнай гарманальнай тэрапіі ці ў постменапаўзе зрабіць абследаванне на наяўнасць астэапеніі/астэапарозу: рэнтгенаўскую дэнсітаметрыю (DXA) паяснічнага аддзела хрыбетніка і праксімальнага аддзела сцягна (ацэнка рызыкі пераломаў па FRAX).

Ці можна не засцерагацца падчас палавых кантактаў з прыходам клімаксу?

Каб быць дакладна ўпэўненай ў тым, што вы больш не зацяжарыце, трэба здаць аналіз на аварыяльны рэзерв — функцыянальны запас яечнікаў, які робіць магчымымі авуляцыі. Канечне, калі жанчыны знаходзіцца ў постменапаўзе, у яе адсутнічае цыкл, то гэта азначае, што зацяжарыць яна не можа. Але гэта яшчэ магчыма ў прэменапаўзе, калі цыкл нерэгулярны, і менструацыя то ёсць, то няма.

Трэба памятаць, што менапаўзальная гарманальная тэрапія не абараняе ад цяжарнасці, і ў такім выпадку трэба выкарыстоўваць дадатковя метады кантрацэпцыі (напрыклад, бар'ерны метад — прэзерватыў) або разгледзець сумесна з доктарам прымяненне камбінаваных аральных кантрацэптываў.

Гутарыла Кацярына Карпіцкая, у якасці ілюстрацый выкарыстаныя працы Карынэ Варданян

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура