Яшчэ 20 гадоў таму загадкавае слова «выцінанка» мала хто ведаў і мала хто яго ўспамінаў.
А цяпер, паглядзіце, ажурныя малюнкі з’яўляюцца на беларускім адзенні, выразанымі ўзорамі з паперы аздабляюцца цэлыя будынкі напярэдадні Новага года. Не скажам за ўсю Беларусь, але ў Маладзечне, адкуль наша гераіня, дакладна. Усе школы, садкі, магазіны, банкі спаборнічаюць паміж сабой, у каго ж сёлета будзе самая прыгожая выцінанка на вокнах.
Лізавета Чырвонцава, майстрыха і выкладчыца Маладзечанскага музычнага каледжа імя Агінскага, і цяпер занятая тым, што рыхтуе выцінанкі, якія ўпрыгожаць вокны каледжа да Новага года.
І адначасова расказвае, як яе маці, Вікторыя Чырвонцава, адрадзіла мастацтва выцінанкі, як сама Лізавета першай прынесла ва Універсітэт культуры дыпломную працу па выцінанцы, і як дзеці Лізаветы, Сафія і Стэфанія, працягваюць сямейную дынастыю майстрых-выцінаншчыц.
«Па праўдзе сказаць, любоў да разбярства пачалася далёка не ад маёй мамы, Вікторыі Мікітаўны. Мой бацька расказваў пра свайго дзеда, што той у вёсцы лічыўся адмысловым разбяром, прыдумляў сюжэты і выразаў аднавяскоўцам прыгожыя і ажурныя ліштвы на вокны. Але расказвалі, што да вокнаў не маглі дапрасіцца прыбіць. Казаў, што ён мастак і сваю работу выканаў».
Для самой жа Лізы выцінанка з дзяцінства была забавай, гульнёй.
Лізавета(справа) разам са сваёй сястрой Наталляй, таксама мастачкай.
«Шмат выразала, прыдумляла. А калі ў Мінску праходзіў першы З’езд беларусаў свету, у Маладзечне ладзіліся нейкія імпрэзы, мая мама, якая працавала ў мастацкай школе, сказала мне: «Зрабі серыю выцінанак па беларускіх святах».
Лізавета намалявала, выразала, панесла свайму выкладчыку, мастаку Юрасю Герасіменка-Жызнеўскаму. Той сказаў, што трэба больш папрацаваць з графікай, што выцінанка, пры ўсёй знешняй прастаце, зусім не просты від мастацтва. Кожны выразаны ромб, кожны трохкутнічак знаходзіцца на сваім месцы, за кожным з іх стаіць свая сімволіка.
«Пасля, калі я вучылася ва Універсітэце культуры, я забылася пра выцінанку, была занятая іншымі справамі, але надышоў час дыплома. Па ўмовах, мы павінны былі выбраць нешта з традыцыйнага мастацтва: габелен, кераміку ці саломку. Тады той жа Юрась Герасіменка-Жызнеўскі параіў мне ўзяць выцінанку. Тады, у 1998 годзе, давялося пабегаць па выкладчыках, ніхто не хацеў кіраваць дыпломам па забытай і на той час нікому не патрэбнай выцінанцы».
Гэта ўжо пасля, расказвае Лізавета, намаганнямі Вікторыі Чырвонцавай у каледжы, які тады быў яшчэ музычным вучылішчам, адкрылі дэкатаратыўна-прыкладное аддзяленне.
Сёлета яно адзначыла сваё 20-годдзе.
«Мы шмат ездзім на розныя пленэры ў Польшчу, Літву, Расію, і кожны раз замежнікі здзіўляюцца, што ў нашых мастацкіх установах ёсць такі прадмет, як выцінанка. Толькі ў Беларусі ў сярэдніх навучальных установах выцінанку выкладаюць на прафесійным узроўні».
Кожны год выпускнікі каледжа робяць дыпломныя працы па выцінанцы. Прыдумляюць новыя формы, увасабленні.
У руках таленавітых майстроў выцінанка можа стаць нават напольнай лямпай.
«Па ўмовах, дыпломная работа павінна заставацца ў музеі каледжа, але бываюць выключэнні, калі дыпломную работу робяць на замову. Працы нашых выпускнікоў, напрыклад, аздабляюць цэрквы і касцёлы».
Сафія, старэйшая дачка Лізаветы, сёлета скончыла каледж імя Агінскага. І вырашыла рабіць дыпломную выцінанку адмыслова для касцёла.
Сафія і Стэфанія — дочкі Лізаветы Чырвонцавай.
«Мы дамовіліся с ксяндзом Юрыем, ён прыходзіў да нас, разглядаў працы нашых вучняў, я яму расказвала пра сімволіку выцінанкі. Пасля ён прыходзіў нават на абарону дыплома. Працай застаўся задаволены».
Сёння працу Сафіі Чырвонцавай «Святы Францыск Асізскі» можна пабачыць у касцёле святога Піа ў Маладзечне.
Малодшай дачцэ нашай гераіні Стэфаніі зараз 12 гадоў. І сёлета яна папрасіла ў мамы … творчы адпачынак ад мастацкай школы.
«Стэфанія таксама малюе, але сёлета вось вырашыла год прапусціць. Нічога, я думаю, што ёй гэта пойдзе на карысць. Вернецца з новымі думкамі і новымі сіламі».
Калі Сафія — вельмі сур’ёзная і стрыманая дзяўчына, то Стэфанію сама Лізавета называе «чартом на лыжах».
«Яна мне кажа тут нядаўна. Мама, я зразумела, я люблю людзей. Трэба станавіцца ці псіхолагам, ці начальнікам».
Лізавета, Сафія і Стэфанія.
Шмат работ і самой Лізаветы, і яе вучняў ды выпускнікоў упрыгожваюць сцены самой навучальнай установы. Тут нават працуе музей.
«У нас на сцяне вісіць вялізная выцінанка: міфічны свет беларусаў».
«Дык вось я заўважыла, што праваслаўныя святары вельмі адмоўна ставяцца да яе, як і да ўсяго паганскага агулам. Памятаю, як мне выгаворвалі за кнігу «Міфалогія беларусаў», якая падчас нейкай экскурсіі ляжала ў мяне на стале. Я ж лічу, што без ведання міфалогіі, гісторыі, немагчыма патлумачыць і зразумець культуру беларусаў».
Акрамя асноўнай працы ў каледжы, Лізавета Чырвонцава робіць прынты на адзенне, супрацоўнічае са шматлікімі фірмамі.
Сёлета святочныя навагоднія вуліцы Масквы ўпрыгожаць працы Лізаветы: ажурныя аркі, тэатр ценяў, вялізныя сэлфі-зоны.
«Мне вельмі шкада, што ў Беларусі гэта нікому не патрэбна. Не без зайздрасці сачу за ўкраінскай мастачкай Дар'яй Алёшкінай. Яе выцінанкі ўпрыгожваюць буцікі «Шанэль» і «Карцье» па ўсёй Украіне».
Пры зацікаўленым падыходзе, упэўненая Лізавета, выцінанка магла б стаць сапраўдным брэндам Беларусі, з цэнтрам, вядома, у Маладзечне.
«Я гляджу на нейкія сусветныя прыклады і думаю, чаму б выцінанку не зрабіць нашай «фішкай»? Як Гётэ ў Веймары ці Моцарт у Зальцбургу. Дзе іх выяў толькі няма! Так і выцінанка глядзіцца вельмі сучасна, лёгка кладзецца на сучасны дызайн. Выцінанкай можна ўпрыгожваць адзенне, друкаваць яе на кубках, рабіць упакоўкі шакаладак і цукерак, вырабляць магніцікі, паштоўкі. Ай, што тут казаць, калі ва ўсёй Беларусі няма ніводнага музея дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Не ўмеем мы цаніць свайго».
Наталля Тур, фота аўтаркі і з архіва гераіні