Акнэ — гэта не толькі праблема падлеткаў. Не заўсёды са сканчэннем пераходнога ўзросту скура вяртаецца ў нармальны стан. Якія памылкі робяць дзяўчаты ў барацьбе з прышчамі, як правільна лячыць вугравую хваробу, чаму асобным пацыенткам забараняюць цяжарыць на некалькі гадоў і ці праўда, што лепш наносіць макіяж пальцамі, а не спонжыкам? Разбіраемся з дактарамі.
Прычын можа быць некалькі. Асноўная — уплыў палавых гармонаў. Часцей за ўсё справа ў лішку тэстастэрону, які можа выклікаць гіперпрадукцыю скуранога сала.
Часам ролю грае генетычная схільнасць.
— Калі парушаны механізм арагавення вонкавага слою эпідэрмісу, скура не адшалушваецца і не абнаўляецца як след. Закупорваюцца вусці вывадных пратокаў сальных залоз. У выніку залоза разрываецца, і ўмоўна хваробатворная мікрафлора, якая ёсць на скуры ў кожнага, выклікае запаленчую рэакцыю, — кажа доктар-дэрматавенеролаг цэнтра «Скінлюкс» Таццяна Ногцева.
Доктар-дэрматавенеролаг Таццяна Ногцева.
Вугры могуць справакаваць лекавыя прэпараты з бромам — іх выпісваюць, калі ёсць праблемы са станам нервовай сістэмы.
Сярод прычын, звязаных з высыпаннямі, — таксама рэгуляцыя сасудзістага тонусу, стан слізістай страўніка і экалогія. Ацягчальнымі фактарамі могуць быць няправільны догляд скуры, лішак стрэсу, нерацыянальнае харчаванне.
Застацца адзін на адзін са сваёй праблемай. «Ніхто не спрабуе самастойна пастрыгчыся ці выдаліць апендыцыт. Трэба зразумець, што акнэ — гэта захворванне і звярнуцца да спецыяліста», — адзначае доктар-касметолаг, дэрматолаг цэнтра Жанна Кудзіна.
Касметолаг Жанна Кудзіна.
Выціскаць ці часаць прышчы. Лепш наогул як мага менш мацаць твар. Памылкай будзе і скупляць усе сродкі ў аптэцы, якія абяцаюць пазбавіць ад высыпанняў, перабольшваць з касметыкай з агрэсіўнымі падсушваючымі кампанентамі.
Эксперыментаваць з ежай. Харчаванне мусіць быць збалансаваным, багатым на вітаміны, бялок і мінералы. «Хуткія» вугляводы, газіроўкі, вострае, салодкае — ад гэтага лепш устрымацца. Кандытарскія вырабы павышаюць узровень цукру ў крыві і, адпаведна, у скуры. А гэта пажыўное асяроддзе для мікраарганізмаў, якія выклікаюць запаленне.
Ад вегетарыянцаў часам можна пачуць, што адмова ад мяса пазбавіла іх ад высыпанняў. У гэтым можа быць доля праўды: мяса цяжка ператраўляецца і ўскладняе працу страўніка (а яго стан, нагадаем, звязаны са станам скуры). Але медыкі не заклікаюць да вегетарыянства.
— Гэта не зусім рацыянальна — асабліва для падлеткаў, якія часцей за ўсё сутыкаюцца з праблемай акнэ. На 100% жывёльны бялок замяніць немагчыма, а ён важны для арганізма, які фарміруецца. У гэтым узросце моладзь і так адчувае вялікія стрэсавыя нагрузкі з-за гарманальнага статуса, а таксама ўваходу ў дарослае жыццё — экзаменаў, першага кахання. Калі ў гэты момант забраць у арганізма «будаўнічы матэрыял», гэта можа выліцца ў розныя захворванні, — папярэджвае Жанна Кудзіна.
Шмат загараць. Так, сонца і салярый паляпшаюць стан скуры — але гэта кароткатэрміновы эфект.
— Доўгае знаходжанне пад ультрафіялетавымі прамянямі абвастрае сітуацыю, і праз месяц-два захворванне працякае цяжэй, — заўважае Таццяна Ногцева.
Найперш — здаць агульныя аналізы крыві і мачы, біяхімічны аналіз крыві. Пры цяжкай стадыі акнэ скуру правяраюць на мікрафлору і адчувальнасць да антыбіётыкаў.
Высыпанні могуць быць звязаныя з парушэннем дзейнасці яечнікаў, наднырачнікаў, шчытападобнай залозы. Таму доктар распытвае пра стан органаў, скаргі пацыенткі і прызначае скрынінг пэўных гармонаў. Калі ўзровень гармонаў нармальны, праводзяць дадатковае абследаванне на сэкс-звязаны глабулін, каб разабрацца ў сітуацыі.
— На першай стадыі стадыі захворвання часцей прымяняюць мясцовыя вонкавыя сродкі, каб зняць абвастрэнне. Напрыклад, узбоўтаныя сумесці з антыбіётыкамі ці іншымі дэзынфектантамі, такімі як сера, — апісвае лячэнне Таццяна Ногцева. — Калі працэс больш глыбокі, тады прызначаем антыбіётыкі ўнутр. Таблеткі п’юць курсамі да трох месяцаў.
Пры кістозных вуграх (тых, пасля якіх застаюцца рубцы) падключаюць «цяжкую артылерыю» — рэціноіды. Гэта прэпараты з вялікай дазіроўкай вітаміна А. Як правіла, яны даюць добры вынік. Але маюць сур’ёзны пабочны эфект.
— Калі жанчына ўжывае рэціноіды, яна дае падпіску, што на працягу трох гадоў пасля лячэння не будзе цяжарыць. Бо гэтыя прэпараты валодаюць тэратагеннымі ўласцівасцямі і выклікаюць выродлівасць плода, — звяртае ўвагу дэрматолаг.
Вельмі важны штодзённы хатні догляд. Ён павінен складацца з трох этапаў: ачышчэнне, танізаванне і, нягледзячы на тое што скура тлустая, увільгатненне.
Фота medaboutme.ru.
— Сродкі могуць утрымліваць кіслоты (у першую чаргу гліколевую ці азалаінавую), вонкавыя рэціноіды (вытворныя вітаміну А, але з мінімальным пабочным эфектам). Абавязкова мусяць быць SPF-фільтры, бо пад уздзеяннем прэпаратаў змяняецца адказ скуры ўльтрафіялетавым прамяням, а яе важна абараняць у гэты перыяд, інакш можа развіцца пігментацыя. Таксама ў склад уваходзяць падсушваючыя кампаненты: цынк, саліцылавая кіслата, сарбенты (вугаль, гліна), — пералічвае Жанна Кудзіна.
Дадаткова можна падключыць розныя працэдуры. Напрыклад, пілінгі (цяпер ёсць такія, якія можна рабіць і ўлетку), фота- і лазернае лячэнне (скура апрацоўваецца светлавымі хвалямі пэўнай дыўжыні — гэта нармалізуе кровазварот, змяншае выдзяленне скуранога сала і здымае запаленне).
Ёсць ін’екцыйныя методыкі: мезатэрапія, ін’екцыі плазмы, узбагачанай трамбацытамі. Апошняе — даволі новы метад у касметалогіі. У пацыенткі бяруць кроў, цэнтрыфугуюць яе і ўводзяць пад скуру. Такія ўколы стымулююць клеткі да аднаўлення і барацьбы з акнэ.
А што наконт народных сродкаў? Маскі з кефіру, гаспадарчага мыла…
— Гэта ўжо пазаўчораўшні дзень, — усміхаецца Таццяна Ногцева. — Канечне, у нечым сэнс ёсць, бо гэта кіслотны і шчолачны пілінг. Але навошта рызыкаваць, калі ёсць касметыка з патрэбным працэнтам гэтых агрэсіўных сродкаў?
Для гэтага ёсць лазерныя методыкі. Яны дапамагаюць выраўняць скуру, прыбраць перапады, зрабіць менш заўважнымі пігментныя плямы. Паляпшэнне магчыма ўжо пасля першай працэдуры. Адно «але»: калі скура зарубцавалася, вярнуць ёй першапатковы выгляд ужо немагчыма.
Фота izum.ua.
Таму важна своечасова звярнуцца да дэрматолага і не калупаць прышчы самому. Бо разбірацца з рубцамі — гэта дорага, балюча і доўга.
Можна. Трэба толькі ўлічваць свой тып скуры. А крэмы не павінны ўтрымліваць сіліконы, парабены, мінеральнае масла і іншыя кампаненты, якія абцяжваюць ці забіваюць поры.
— Важна макіяж змываць. Прыйшлі дадому — знялі касметыку. Я ўжо не кажу пра тое, што нельга спаць з макіяжам — інакш лячы не лячы — нічога не дапаможа, — кажа Жанна Кудзіна.
Крэмы павінны быць у тубах, а не ў банках, бо кожны раз, калі мы залазім туды пальцам, заносім свае мікробы.
Яшчэ адзін вораг — пэндзлік ці спонжык. Пасля кожнага макіяжу яго трэба мыць з мылам і сушыць, інакш там размнажаюцца мікраарганізмы. А лепш наогул адмовіцца ад спонжыкаў і наносіць касметыку чыстымі пальцамі.
Фота kosmetista.ru.
Памятайце, што самі гнайнічкі ні ў якім разе нельга замазваць і запудрываць — ёсць рызыка траўмаваць іх і разнесці хваробатворную мікрафлору на іншыя ўчасткі скуры. Лепш прыпячыце іх баўтушкамі-ласьёнамі.
Каб атрымаць працяглую рэмісію, можа спатрэбіцца год і больш.
— Лячэнне акнэ — гэта даволі складаны працэс, які залежыць не толькі ад лекара і працэдур. Ён у большай ступені залежыць ад самой пацыенткі — як яна будзе выконваць рэкамендацыя па доглядзе скуры, дыеце, прыёме прэпаратаў, — кажуць спецыялісты.
І яшчэ. Скурай трэба займацца пастаянна. Закінеце — прышчы могуць вярнуцца.
Апошнім часам папулярнасць набірае такі рух, як акнэ-пазітыў. Дзяўчаты з праблемнай скурай не хаваюць яе пад густым слоем танальнага крэму і любяць такой, якая яна ёсць. Цікава, што да гэтага ж заклікаюць і касметолагі. Бо калі ты любіш сваю скуру, то не будзеш чапаць яе бруднымі рукамі і не забудзеш зрабіць маску.
Nina.nn.by