Пра што варта памятаць мамам дзяўчынак? Пра шкоду лішняй вагі ў падлеткаў і важнасць палавой адукацыі расказвае доктар-эндакрынолаг Інна Пупкевіч.
Эндакрынолаг Інна Пупкевіч.
Гэта велізарная праблема: бачыць дзяўчат, якія з дзяцінства лічаць, што іх атлусценне — гэта сямейнае. Не прыдумвайце апраўданняў, будзьце сумленнымі з сабой і дзіцём.
Чаму так важна сачыць за вагой? У дзяўчат з лішняй вагой раней наступае палавая спеласць. Не думаю, што хтосьці з мам хацеў бы бачыць менструацыі ў сваёй дачкі ў 8 гадоў.
Лішняя вага — гэта інсулінарэзістэнтнасць. Яна ў падлеткаў і так ёсць, фізіялагічная. Дадаём паталагічную (з-за лішніх кілаграмаў) — і вуаля! Прывітанне, цукроўка другога тыпу, метабалічны сіндром у будучым. Плюс эстраген-залежныя захворванні — міёмы маткі, эндаметрыёз.
Размова зараз пра бясконцыя дыеты, якіямі пачынаюць мучыць сябе падлеткі.
Бялкова-энергетычная недастатковасць — гэта не проста прыгожая назва дэфіцыту вагі. У гэтым уся сутнасць стану. Калі няма субстратаў для сінтэзу гармонаў (бялкоў і энергіі, то бок тлушчаў), яны проста не ўтвараюцца. Выпраўляць тое, што не наладжана ў дзяцінстве/пубертаце, — гэта наша з гінеколагамі агульная бяда.
Вам не павінна быць сорамна казаць дзяўчынцы пра нармальныя фізіялагічныя працэсы, што адбываюцца ў яе арганізме, нармальнымі словамі. Напрыклад, мая трохгадовая дачка зусім нядаўна пацікавілася, а што гэта ў мяне такое і для чаго яно існуе. Адказ (спакойным роўным голасам) пра тое, што гэта грудзі і яны існуюць для таго, каб карміць малога малаком, яе цалкам задаволіў.
А я ж перыядычна сустракаю на прыёме дарослых жанчын, якія не ведаюць значэння слова «менструацыя». Калі пра фізіялогію не паспеюць расказаць мамы, то гэта зробіць хтосьці іншы і за якасць інфармацыі несці адказнасць ён не будзе.
Нерэгулярны менструальны цыкл на працягу першых 1-1,5 года — гэта норма. У гэты перыяд адбываецца фарміраванне восі гіпаталамус-гіпофіз-яечнікі, імпульснай секрэцыі гармонаў. Прыём КАК ніяк не спрыяе гэтаму працэсу, а наадварот блакуе яго.
Што маем у выніку? Арганізм дзяўчыны, якая гадамі прымала кантрацэптывы (ад балючых менструацый, прышчоў, для атрымання рэгулярнага цыкла), так і не навучыўся самастойна выстройваць фазы цыкла.
Калі такая жанчына, «лечаная» ў дзяцінстве, прыходзіць на прыём, жадаючы наладзіць цыкл ці зацяжарыць, даводзіцца выкручвацца з усіх сіл. Паверце, гэта складана. Гінеколагі пацвердзяць.
Я не супраць КАК, і для падлеткаў у тым ліку. Але яны мусяць прымяняцца толькі з мэтай кантрацэпцыі і толькі ў дзяўчат, у якіх усталяваўся рэгулярны цыкл.
Nina.nn.by