Праект партала
Гісторыі
08.09.2019 / 10:50
«Хадзіць з распушчанымі валасамі тут складана». Беларуска з'ехала працаваць у Японію і расказвае пра тамтэйшы побыт8

Грамадскія лазні з відам на горы, футурыстычныя туалеты, самыя ветлівыя афіцыянты і маленькая галава як эталон прыгажосці. Беларуска Аліна Севец паехала працаваць выкладчыцай у Сендайскі ўніверсітэт, які спецыялізуецца на фізкультуры і спорце, і расказвае, чым здзіўляе Японія.

Пра вывучэнне мовы, алімпійскі трэніровачны лагер і японцаў, якія заўзеюць за беларускіх гімнастак

Сібата, дзе жыве Аліна і дзе знаходзіцца ўніверсітэт, — невялікі горад з насельніцтвам 40 тысяч чалавек. Мясцовы пейзаж — гэта невысокія, максімум двухпавярховыя, дамы і рысавыя палі.

Дагэтуль Аліна працавала выкладчыцай на кафедры гімнастыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры. Па вечарах праводзіла трэніроўкі ў фітнэс-клубе. Добрая фізпадрыхтоўка ў яе з дзяцінства: дзяўчына займалася акрабатыкай у спартыўнай школе ў родных Баранавічах.

У Японію Аліна патрапіла ў маі.

— Мінск і Сендай — гарады-пабрацімы. Паміж нашымі ўніверсітэтамі склаліся сяброўскія адносіны. І ў гэтым годзе ў лютым прыйшло запрашэнне ў Японію — патрэбны быў малады спецыяліст. Прапанавалі паехаць мне, — расказвае спартоўка.

Японскую мову яна вывучала на працягу месяца — дапамагаў выкладчык дзюдо Сендайскага ўніверсітэта, які працуе ў Мінску па абмене. 

— Я вельмі мала ведала. Калі сюды прыехала, было складана: нічога не разумела, — успамінае дзяўчына. — Мне дапамагала наша выкладчыца Макарава Марыя Вітальеўна (яна была першай, хто 10 гадоў таму паехаў працаваць у Сендай па абмене). Тут я працягваю хадзіць на заняткі па японскай мове для замежнікаў пры ўніверсітэце.

Алфавіт — хірагана — вельмі складаны. У ім няма асобных галосных і зычных гукаў — замест гэтага склады. Гуку «л» няма — мяне, напрыклад, Арына клічуць. Ёсць асобны алфавіт для замежных слоў — катагана. І іерогліфы (кандзі) — іх каля трох тысяч, гэта наогул немагчыма вывучыць.

У Сендайскім універсітэце Аліна вядзе заняткі ў якасці памочніцы галоўнага трэнера — сэнсэя. Непаразуменняў са студэнтамі не ўзнікае: у спорце ўсё можна патлумачыць і без слоў. Студэнты, па назіраннях дзяўчыны, не адрозніваюцца ад беларускіх. З наведваннем пар тут строга.

— Калі ў нас прысутных адзначаюць у журнале, то ў іх ёсць электронная сістэма. Студэнты дакранаюцца да тэрмінала сваімі студэнцкімі білетамі, і па камп’ютары відаць, хто наведвае заняткі, а хто не.

Акрамя выкладчыцкай дзейнасці, дзяўчына яшчэ з’яўляецца адной з амбасадарак трэніровачнага лагера «Сакура-камп». Сюды напярэдадні Алімпійскіх гульняў прыязджаюць спартоўцы, каб адаптавацца да клімату, мясцовай кухні і потым лепш выступіць. Нашых гімнастак, напрыклад, ужо запрашалі тройчы.

Японцы, дарэчы, з цікавасцю сочаць за беларускай мастацкай гімнастыкай і заўзеюць за нашых дзяўчат.

Пра шалёныя цэны, афіцыянтаў на каленях і жыццё па правілах

За жыллё Аліне плаціць не трэба: апартаменты для яе здымае ўніверсітэт. Але тое, што Японія — дарагая краіна, яна ўжо паспела адчуць. Закупіцца ў краме прадуктамі на два-тры дні каштуе 50$, праезд на «электрычцы» ў суседні горад — 5$. Пра тэлефонную сувязь і казаць няма чаго.

— Я купіла мясцовую сім-картку, кожны месяц плачу каля 40 даляраў. Пакет уключае мабільную сувязь і інтэрнэт 6 ГБ. І гэта я яшчэ выбрала недарагі тарыф — мне прапаноўвалі за 100 даляраў у месяц.

Што дзяўчыну ўразіла больш за ўсё па прыездзе, дык гэта туалеты. Практычна ва ўсіх прыбіральнях стаяць разумныя ўнітазы з пімпачкамі.

— Туалеты тут чыстыя і на кожным рагу. Японцы там пастаянна чысцяць зубы — у іх прынята так рабіць пасля кожнага прыёму ежы. У туалеце з першага разу і не разбярэшся, дзе змыў, бо ў кожным па-рознаму: недзе рукой трэба памахаць, дзесьці кнопку націснуць, — расказвае Аліна.

Здзіўляе таксама хуткасная чыгунка сінкансэн, якая разганяецца да 200—300 кіламетраў у гадзіну, і монарэйка — цягнік, што ездзіць на адной рэйцы над галавой. Дарогі тут вузкія з левабаковым рухам. Дзверы зачыняюццца ў іншы бок і кніжкі чытаюцца наадварот.

— Смецце трэба сартаваць і выкідаць па пэўных днях. Накрыўкі з бутэлек здымаць, этыкеткі таксама. Сметніц на вуліцы нідзе не знойдзеш, толькі калі ў краме ці на станцыі. І лавачак тут таксама амаль нідзе няма.

Пры гэтым японцы захоўваюць свае традыцыі. Будуюць гатэлі ў класічным японскім стылі. Сцены з рысавай паперы, праз якія усё чутно, маленькія столікі, замест крэслаў — падушкі з драўлянымі спінкамі, а замест ложкаў — футоны на падлозе, баваўняныя матрацы. Раней у японцаў былі вельмі маленькія хаткі, таму, каб не займаць шмат месца, яны рассцілалі футоны толькі на ноч.

Паўсюль трэба разувацца, калі ўваходзіш у памяшканне. Нават на занятках па японскай мове для замежнікаў просяць зняць свой абутак і надзець тапачкі.

— Тут прынята ўсё рабіць па правілах. Калі на электрычку ідзеш, на пероне перад кожным вагонам расчэрчаны лініі, за якімі трэба выстройвацца ў чаргу. І не важна, хто там — дзеці, бабулі: хто першы стаў, той заходзіць у цягнік і сядае. Калі бабуля зайшла пазней і месца ўжо няма, то ніхто ёй не саступае.

У некаторых японскіх кафэ наведвальнікі сядзяць на падушачках — афіцыянты тады становіцца на калені, каб аказацца на ўзроўні тваіх вачэй. У краме абутку кансультанты падчас прымеркі таксама становяцца на калені, разуваюць цябе і надзяваюць туфлік.

Калі купляеш прадукты ў краме, прадаўцы ўсё акуратна складаюць у пакет, завязваюць яго і падаюць ручкамі наперад. Грошай не бяруць, пакуль пакупнік не скажа, што можна. А некаторыя прадаўцы нават выходзяць з-за прылаўка і даводзяць наведвальнікаў да дзвярэй.

— Японцы бясконца кланяюцца і пастаянна кажуць «дзякуй, прабачце», — здзіўляецца Аліна іх ветлівасці. — Наогул, яны вельмі адкрытыя і добрыя і ў іх вельмі бяспечная краіна.

Пра грамадскія лазні, мясцовыя далікатэсы і адсутнасць «малочкі»

Японія вельмі розная. Калі ў футурыстычным Токіа можна ўбачыць аўтамабілі будучыні, якія будуць зараджацца ад сонечных батарэяў і ветракоў, то на маленькім востраве Табісоме — акунуцца ў традыцыйны побыт краіны. Востраў Хакайда славіцца вулканамі, гарачымі крыніцамі і найлепшымі крабамі, а пасёлак Ома на востраве Хансю побач з акіянам — самым смачным тунцом. Дарэчы, тэмпература на поўдні і поўначы краіны можа адрознівацца на 15 градусаў.

— Я была ў онсэнах — гэта як нашы грамадскія лазні, толькі з гарачымі ваннамі і горнай вадой. Туды не пускаюць ні ў бялізне, ні ў купальніку, толькі голымі. Адна ванная, як правіла, у памяшканні, а астатнія — пад адкрытым небам з цудоўным відам на горы ці мора.

Мясцовая кухня для беларусаў нязвыклая. Японцы часта ядуць рыс з сырой рыбай.

— Рыс у іх вельмі смачны, — дзеліцца Аліна. — Сырую рыбу я спачатку не збіралася есці, а цяпер мне падабаецца — бяру тунец, чырвоную рыбу, часам грабянькі.

З таго, што дзяўчына раіць пакаштаваць, — дор’я (шарык рысу, паліты расплаўленым сырам і сметанковым соусам, з мясным фаршам ці крэветкамі ўнутры) і анігіры (рысавыя трохкутнічкі з рознымі начынкамі).

— Я адважылася пакаштаваць плаўнік акулы. Ён аказаўся саладкаватым на смак і мяккім — есці можна. А яшчэ ела кіта — вельмі спадабалася, — пералічвае спартоўка.

У кожнай мясцовасці свая фірмовая страва. У Сібаце гэта, напрыклад, смажаны язык.

Японцы любяць таксама парасткі фасолі і дайкон (рэдзьку), прывыклі ўжываць халодную ежу (напрыклад, халодную макарону з грэцкай мукі мачаюць у разбаўлены соевы соус). А мясцовыя слодычы (той жа мочы — шарык з клейкага рысу ў сіропе) занадта салодкія.

— Самае нясмачнае, што я ела ў Японіі, — ната. Гэта такія бабы. Прычым дзеці ў садку ядуць іх з задавальненнем. Я пакаштавала — гэта было жудасна! Больш ніколі ў жыцці не вазьму, нават калі забуду, якія яны на смак, — жартуе Аліна.

Цікава, што там не знойдзеш на прылаўках звыклых для беларусаў малочных прадуктаў (тварагу, кефіру) і буракоў. Бульба ёсць, але крыху іншая, саладкаватая.

Пра стандарты прыгажосці, любоў да брэндавых рэчаў і фота з вялікімі вачыма

Мода ў Японіі своеасаблівая.

— Там пастаянна ходзяць у балахонах. Неяк бачыла ў электрычцы дзяўчыну, якая надзела штаны і кофту, наверх сукенку, а на ногі — шкарпэткі з басаножкамі.

У іх няма канкрэтнай моды — яны проста адзяваюцца, як ім падабаецца. Але сумкі і гадзіннікі абавязкова брэндавыя і вельмі дарагія.

І мужчыны, і жанчыны носяць велізарны абутак, які ім не па памеры. 

— Чаму, я так і не даведалася. Але адзін японец тлумачыў гэта тым, што, калі ты хочаш купіць нейкую брэндавую рэч і твайго памеру няма, бярэш, што ёсць, каб быць уладальнікам эксклюзіву.

Дзяўчаты вельмі любяць банцікі, заколкі і шкарпэткі. Многія прымяраюць на сябе вобраз персанажаў з анімэ — ходзяць з ружовымі валасамі і каляровымі лінзамі.

Пры гэтым ва ўстановах дзейнічае дрэс-код.

— Дзеці ў садку спецыяльныя кепачкі носяць, школьнікі ходзяць з адмысловамі партфелямі (і яны каштуюць шалёных грошай — 500 даляраў), офісныя работнікі — у белых кашулях, пінжаках і штанах (жанчыны ў спадніцах). У офіс, нават калі горача, так адзяваюцца. Але тут усё прадугледжана, каб было камфортна, паўсюль кандыцыянеры.

Калі японкі фатаграфуюцца, то павялічваюць сабе вочы ў мабільнай праграме. Стрыгуцца дзяўчаты ў асноўным коратка і робяць грыўку, бо ім не падабаецца, што ў іх вялікая галава.

— Мне нават казалі: «Вой, у цябе галава такая маленькая». Гэта лічыцца кампліментам, — дадае Аліна.

Мясцовая касметыка — добрай якасці. Асабліва шампуні — нават пасля самага таннага валасы вельмі мяккія. Праўда, хадзіць у Японіі з распушчанымі валасамі складана. З-за вялікай вільготнасці прычоска страчвае выгляд, таму нічога не застаецца, як адразу заплятаць хвост ці коску.

У Сендайскім універсітэце Аліна будзе працаваць да наступнага жніўня, пакуль не закончацца Алімпійскія гульні.

— Больш за ўсё не хапае зносін, — заўважае дзяўчына. — З японцамі размаўляць складана, бо мая японская яшчэ не на тым узроўні, каб я магла ўсё разумець. Сумую па сябрах, па надвор’і — па свежым паветры, бо тут вельмі душна і няма ветру. А яшчэ сумую па некаторых прадуктах. Напрыклад, па нашых супах і смятане — я так яе любіла (смяецца).

Наталля Лубнеўская

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура