У Беларусі ўпершыню будуць заканадаўча рэгуляваць мадэльную дзейнасць. Аляксандр Лукашэнка падпісаў адпаведны ўказ №423. Падрабязнасці «Нашай Ніне» расказалі ў Нацыянальнай школе прыгажосці.
Вось некалькі цікавых момантаў (некаторыя з іх будуць прапісаны не ва ўказе, а ў пастановах урада да яго).
Першае — кантракты з непаўналетнімі. Калі дзяўчыне да 14 гадоў, кантракт за яе будуць заключаць бацькі (ці іншыя законныя прадстаўнікі), калі ад 14 да 18 гадоў — то яна сама, але з пісьмовай згоды кагосьці з бацькоў.
Дазволены працоўны дзень юных мадэляў будзе такім жа, як і ў іншых беларускіх падлеткаў. Для тых, хто да 16 гадоў, — максімум 4,5 гадзіны, ад 16 да 18 гадоў — максімум 7 гадзін.
Фота Волі Афіцэравай.
Другое — рэпутацыя мадэлі. Нацыянальная школа прыгажосці прапанавала, каб агенцтва магло абараняць правы мадэлі ў судзе — напрыклад, калі нейкі часопіс апублікаваў фота дзяўчыны без яе ведама.
«Мадэль — гэта такая ж прафесія, як і любая іншая. Ніякіх стэрэатыпаў тут быць не павінна. Конкурсы прыгажосці — гэта адно, а мадэлінг — зусім іншае. Указ ствараўся, каб гэта прафесія паважалася», — кажа юрыст Нацыянальнай школы прыгажосці Вольга Нікіціна.
Трэцяе — навучанне за кошт бюджэту. Два разы на год у Нацыянальнай школе прыгажосці набіраюць бясплатную групу — 25 чалавек. Яны вучацца за дзяржаўныя сродкі, але не ўсе заканчваюць курс — кідаюць. Дык вось цяпер той, хто па ўласнай ініцыятыве не захоча давучвацца, будзе абавязаны вярнуць грошы, патрачаныя дзяржавай на яго адукацыю.
НЛ