Праект партала
Рост
04.12.2019 / 19:19
Як архітэктар Ганна Строцава стала стваральніцай строяў з воўны для артыстаў Вялікага тэатра

Вялікі тэатр у Маскве адкрыў сезон яскравай прэм'ерай «Казка пра Цара Салтана». Апошні раз гледачы бачылі пастаноўку 30 гадоў таму. У новай версіі на сцэне задзейнічалі вялікую колькасць тэхнікі, адных толькі перамен святла можна было ўбачыць некалькі сотняў. І канешне, для спектакля стварылі 340 новых унікальных касцюмаў. Гледачы выходзілі з тэатра ў захапленні, а журналісты адзначалі ў сваіх артыкулах незвычайную прыгажосць убрання герояў. Яно і сапраўды было нібыта зроблена чараўніком. Журналістам «Звязды» пашчасціла пазнаёміцца з адной са стваральніц гэтых касцюмаў, беларускім дызайнерам Ганнай СТРОЦАВАЙ, якая робіць адзенне з воўны. Якім жа чынам архітэктар па прафесіі стала аўтарам вытанчаных строяў?

Чып роду

У сям'і дызайнера ўсе былі рукастыя, прычым не толькі жанчыны, але і мужчыны. Ганна, можна сказаць, расла ў свеце хэнд-мэйда. Яе латвійская бабуля лічылася майстрам вышыўкі. Амаль усе тканыя рэчы ў доме былі ўпрыгожаныя ёю. Ганна бабулю не бачыла, але з дзяцінства памятае тыя вырабы.

— Мой тата таксама ўмеў вышываць, — расказвае дызайнер.— Гэта нібыта ўбудаваны ў кожнага члена нашай сям'і «чып». У нас дома ляжыць вялікі абрус, вышыты маім бацькам ў дзяцінстве. У тыя часы было цяжка, і мой тата моцна захварэў, не ведалі нават, выжыве ці не. Яму было гадоў дванаццаць, ён ляжаў у ложку. Каб не сумаваў, мая бабуля прыдумала выдаваць яму льняныя квадраты, на якіх ён вышываў ружы. Гэтыя вышыўкі бабуля злучала паміж сабой ільнянымі карункамі. І цяпер, калі бяру ў рукі той абрус, адчуваю сувязь паміж намі ўсімі.

Другая бабуля ў свой час была выбрана жыхарамі некалькіх вёсак для вялікай справы: ткаць убранне для алтара храма. Вось яе Ганна памятае, бо тая часта бывала ў іх і даглядала яе малую. Напрыклад, гуляе Ганначка ў цацкі, а побач бабуля вяжа: то берэцік для лялькі, то кофтачку, то сукенку. Але малая расла, і ёй самой хацелася нешта ствараць. Бабуля і маці заўсёды спынялі свае справы і паказвалі, як і што вязаць ці шыць. Калі Ганна стала больш дарослая, то магла з лёгкасцю ператварыць мужчынскую кашулю ў модную жаночую сукенку. Але бацькі Ганны працавалі ў Мінскпраекце і ўсімі магчымымі спосабамі далучалі яе да архітэктуры. Яны прыносілі ёй кубікі розных формаў і памераў, і дзяўчынка будавала па ўсёй кватэры фантастычныя гарады. Таму калі паўстала пытанне, куды паступаць, бацькі не адпусцілі Ганну ў Віцебскі тэхналагічны інстытут лёгкай прамысловасці вучыцца на мадэльера: яны не сумняваліся, што яна будзе архітэктарам. Ганна і сапраўды паступіла вучыцца на архітэктара, але працягвала рабіць адзенне для сябе, сям'і, сяброў.

Гэта нешта магічнае!

Скончыўшы інстытут, яна пайшла працаваць па спецыяльнасці. Але «час архітэктуры» быў непрацяглы. Хутка пачаліся дзевяностыя.

— Я страціла работу, — расказвае Ганна.— Але з цеплынёй успамінаю той узрушальны час неверагодных магчымасцяў. Здаралася, што я прачыналася і не ведала, чым буду карміць сваё дзіця, але ведала, як зарабіць. Мой муж ставіў дзіўныя спектаклі на сцэне Палаца прафсаюзаў, працаваў з выдавецтвамі і пісаў. Я ж стала шыць на заказ. Набывала ў камісіёнцы паношаныя джынсы і шыла з іх курткі, потым рабіла са скуры розныя рэчы, адначасова вывучала і потым вырабляла народныя касцюмы. І ўжо ў 1999 годзе, цяжарная трэцім дзіцем, уступіла ў Саюз дызайнераў.

Аднойчы яна паехала з мужам адпачываць у Грузію і, прагульваючыся па Тбілісі, убачыла ў краме вялікія прыгожыя шалікі з воўны на шоўку (такая тканіна называецца нунавоўна). Гэта была не прывычная грубая воўна, а такая тонкая і далікатная, што Ганна адчула: гэта яе матэрыял.

— Стала працаваць з ім, і здавалася, што здзяйсняю нешта магічнае, — кажа дызайнер. — Уявіце, усе гэтыя шарсцінкі маюць сваю даўжыню, і пад уздзеяннем шчолачы і трэння кожная з іх ператвараецца ў маленькую цудоўную спіральку. А потым тыя спіралькі чапляюць адна адну, і на выхадзе атрымліваецца тая ці іншая рэч. Заўсёды ўкладвала ў свае работы і мастацтва, і архітэктуру, і працу з адзеннем, ды ўвогуле ўвесь свой жыццёвы досвед. І воўна магла ўсё гэта ўмясціць у сябе. Я адчувала, што не магу спыніцца, у маіх руках нараджаліся шалікі, камізэлькі, сукенкі, бясшоўныя паліто з дзіўнымі аплікацыямі кветак, лісцікаў, бурбалак…

Касцюм для цара

У хуткім часе рэчы, якія зрабіла Ганна, былі распрададзеныя на выстаўцы-кірмашы аўтарскіх вырабаў «Млын». Гэта ўпэўніла жанчыну, што яна на правільным шляху, і наступным разам яе аўтарскія работы паехалі ў Маскву, на выстаўку «Гранд Тэкстыль». Там і сустрэлася Ганна з заслужаным мастаком Расіі Вікторыяй Сеўруковай. Тая набыла ў дызайнера некалькі аўтарскіх работ і… прапанавала супрацоўніцтва. Так Ганна стала ствараць касцюмы для Вялікага тэатра.

— Гэта вельмі цікавая работа, — кажа яна. — Нават калі я рабіла апошні раз касцюм для цара Салтана, то немагчыма было зразумець, што на выхадзе атрымаецца. Вядома, ёсць нейкая ідэя, і ты прыкладна ўяўляеш, што трэба рабіць, каб рухацца ў патрэбным кірунку. Але воўна — нібыта жывы матэрыял, яна «дыхае» пад рукамі і сама нешта ад сябе дадае кожны раз. Таму і паўтарыць адну і тую ж рэч немагчыма, можна толькі зрабіць падобную.

Цяпер Ганна працуе над новай капсульнай калекцыяй, якую можна будзе ўбачыць на выстаўках-кірмашах у Мінску. І канешне, у пэўны час яна зноў ператворыцца ў чараўніцу, каб гледачы Вялікага тэатра маглі апынуцца ў фантастычным і казачным свеце.

Гутарыла Наталля Талівінская, фота Таццяны Ткачовай

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура