Абмеркавалі з доктарам-дэрматолагам Кацярынай Карпіловіч, ці трэба рабіць перапынак у наведванні манікюрнага салона, якія хваробы можна «зачапіць» у салоне, і навошта браць з сабой на манікюр сонцаахоўны крэм.
Кацярына Карпіловіч працуе доктарам-дэрмакасметолагам ужо 12 год. За гэты час, расказвае доктарка, ёй не раз даводзілася лячыць захворванні рук у тым ліку і ад наступставаў неправільна выкананага манікюру.
Доктар-дэрматолаг Кацярына Карпіловіч.
«Манікюр ні ў якім разе нельга лічыць абсалютна бяскрыўднай працэдурай. Па-першае, далёка не ўсе лакі для пазногцяў бяспечныя. Некаторыя з іх утрымоўваюць шкодныя фармальдэгіды, якія негатыўна могуць адбіцца на здароўі, а па-другое, гэта працэдура парушае цэласнасць скуры, што можа прывесці да розных інфекцый», — расказвае Кацярына Карпіловіч.
Усё часцей модніцы аддаюць перавагу салоннаму манікюру, які выконваецца гель-лакам. Яно і зразумела, такі манікюр трымаецца на пазногцях 2-3 тыдні, ён не аблазіць, пазногці пад ім як правіла не ламаюцца, але за камфорт і прыгажосць даводзіцца плаціць. Калі не грашыма, то сваім здароўем, бо такі від манікюру — гэта сур’ёзнае выпрабаванне для пазногцяў.
Па-першае, гель-лак здымаецца апаратным спосабам: спецыяльнай машынкай, якая спілоўвае дастаткова вялікі пласт пазногця, ад чаго пазногці становяцца крохкімі, цмянымі, непрыгожымі.
Па-другое, УФ-лямпы, пад якімі сушыцца гель, таксама выклікаюць сумневы і розныя меркаванні дактароў і майстроў манікюру. Некаторыя лічаць, што частае іх выкарыстанне можа прывесці да раку скуры.
І па-трэцяе, часам, жадаючы зэканоміць на наведванні салона, мы карыстаемся паслугамі сумнеўных майстроў, якія робяць манікюр дома, дзе інструмент не апрацоўваецца і не дэзынфікуецца належным чынам. А такое абыякавае стаўленне да інструментаў, з якімі працуе ваш майстар, можа таіць у сабе нават заражэнне ВІЧ.
«Усё ж трэба заспакоіць, што заражэнне ВІЧ у салоне манікюру малаверагоднае. Як і заражэнне гепатытам. А вось чаго варта асцерагацца сапраўды, дык гэта грыбковай інфекцыі. Грыбок вельмі ўстойлівы ў знешнім асяроддзі. Каб заразіцца грыбковай інфекцыяй, дастаткова, каб яна была на інструментах. Прычым пілкі — адныя з самых небяспечных інструментаў, менавіта на іх застаюцца ўзбуджальнікі захворвання. У прыстойных салонах пілкі аднаразовыя, так і павінна быць, але на практыцы ўсё іначай. Таксама праз інструменты і пашкоджанні скуры можна заразіцца стафілакокам ці стрэптакокам. Яны выклікаюць запаленчыя працэсы, якія часам патрабуюць нават хірургічнага ўмяшальніцтва», — распавядае доктар.
Гелі, пудры, лакі, іншыя сродкі для абястлушчвання і зняцца лакаў могуць выклікаць алергію. Калі пасля наведвання майстра па манікюры вы заўважаеце, што скура на пальцах пачырванела, свярбіць, стала сухой, не чакайце, што ўсё пройдзе само, звяртайцеся да доктара.
«Хачу яшчэ раз спыніцца на УФ-лямпах. Па сваім прынцыпе яны падобныя на тыя, што стаяць у салярыях. Мы, дэрматолагі, супраць наведвання салярыяў, бо яны правакуюць развіццё меланомы на скуры. Аднак таксама няправільна параўноўваць лямпы для манікюру і лямпы салярыяў. У манікюрных салонах стаяць не такія магутныя лямпы, каб яны маглі правакаваць сур’ёзныя захворванні. Але, як кажуць, сцеражонага бог сцеражэ. Перад наведваннем манікюрнага салона змажце рукі сонцаахоўным крэмам ці апраніце пальчаткі без пальчыкаў, каб святло лямпы не сушыла скуру рук», — раіць доктар-дэрматолаг.
Каб зберагчы здароўе сваіх рук, раіць доктар, трэба самім клапаціцца пра ўласную бяспеку ў салонах.
«Самая простая і дзейсная парада — прыходзьце ў салон са сваімі інструментамі і пілкамі. Калі гэта парада для вас невыканальная, то папрасіце хаця б паказаць вам, як дэзынфікуюцца інструменты, папрасіце майстра працаваць у пальчатках», — адказвае Кацярына Карпіловіч.
Яшчэ адно пытанне, якое ўзнікае ў модніц, якія хочуць заўсёды мець бездакорны манікюр: ці трэба даваць сваім пазногцям адпачыць ад доўгатэрміновага пакрыцця?
«Пачну з таго, што ногцевая пласціна — гэта прыдатак скуры, гэта досыць трывалы матэрыял. Ногцевая пласціна не ўтрымлівае потавых і сальных залоз, не ўбірае і не вылучае вільгаць, на паверхні ногцевай пласціны ўсе клеткі — без вады, ядра і цытаплазмы. Адпаведна, харчавання пазногцям не трэба. Яно трэба толькі зоне росту — вобласці куцікулы, дзе клеткі інтэнсіўна дзеляцца. Ад куцікулы залежыць таўшчыня і даўжыня ногцевай пласцінкі.
То, што пазногці дыхаюць, гэта памылковае меркаванне, з паветра ніякія рэчывы да іх не паступаюць, таму што харчаванне ідзе за кошт капіляраў, якія забяспечваць крывёй фалангі пальцаў.
Таму насіць пакрыццё можна без перапынку, пры ўмове абсалютна правільна выкананага манікюру, без парушэння зоны куцікулы.
Наадварот, якаснае пакрыццё дадаткова абараняе тонкія пласціны ад уздзеяння знешніх хімічных і фізічных фактараў. Аднак самі майстры манікюру рэкамендуюць рабіць адпачынак пазногцям на 3—4 месяцы пасля таго, як вы носіце доўгатэрміновы манікюр цягам году. За 3—4 месяцы поўнасцю адрастае ногцевая пласціна.
Але вырашаць вам. Памятайце, што пазногці павінны мець здаровы выгляд. Калі ўзніклі хоць якія сумневы, не палянуйцеся, наведайце доктара», — просіць Кацярына Карпіловіч.
Nina.nn.by