«Песня года Беларусі» магла б прайсці незаўважна, калі б не гэты казус. Спявачку Уладу абвінавацілі ў плагіяце. Не песні — сукенкі, у якой яна выступала на цырымоніі.
Дызайнеркі сёстры Парфяновіч убачылі ў ёй дрэнную копію свайго ўбору.
Спявачка Улада ў той самай сукенцы.
А гэта дызайнерская версія.
«У нашым жыцці гэта не першая сітуацыя, калі нашы рэчы няўмела капіруюць, але мы не прымалі меры. На жаль, спявачцы Уладзе не пашанцавала, наша цярпенне скончылася, — напісала гнеўны пост Марына Парфяновіч. —
Паважаныя зоркі беларускай эстрады, не эканомце грошы, каб не атрымалася вось так! А калі вы вырашылі выйсці ў копіі, то няхай яна будзе лепшай за арыгінал. Паколькі мне асабіста сорамна ад адной думкі, что нехта вырашыць, што сукенку для спявачкі шылі мы — занадта дрэнна яна сядзіць і выглядае.
Таксама дызайнерскі варыянт сясцёр Парфяновіч.
Паважаная Улада, спадзяюся, што гэту сукенку на вас я больш ніколі не ўбачу ў інтэрнэт-крыніцах і на тэлебачанні. Для нас гэта страшная антырэклама!»
«Наша Ніна» патэлефанавала артыстцы, каб спытаць, як так атрымалася.
«Я з сёстрамі Парфяновіч асабіста не знаёмая, і з іх творчасцю таксама. Вясной на мяне выйшла краўчыха — яна нават не з нашай краіны — і сказала, што хацела б са мной пасупрацоўнічаць. А я на той момант рыхтавалася да «Песні года». Паколькі была вельмі занятая гастролямі, скінула ёй сваю песню і папрасіла: прапануйце мне вобраз. Яна выслала эскіз — гэта была бірузовая сукенка з пер’ем паўліна. Я паглядзела, што мне пасуе, і дала адмашку: шыйце», — расказвае спявачка Улада пра гэту сукенку.
Артыстка лічыць, што яна не паўтарае адзін у адзін убор Парфяновіч.
«Калі забіць у інтэрнэце «сукенка з пер’ем паўліна», выдасць кучу варыянтаў з кітайскіх і амерыканскіх сайтаў. Тое, што празрысты ніз, дык гэта ў многіх сукенках. І колер у іх іншы, цямнейшы».
Спявачка кажа, што наўрад ці будзе надзяваць убор яшчэ раз — ён ствараўся адмыслова для «Песні года».
«Як той казаў, вопыт вучыць балюча, тлумачыць даходліва. Для мяне гэта будзе ўрок супрацоўнічаць не з краўчыхай, а з дызайнерамі, як я і рабіла раней.
Рэагаваць і апраўдвацца на пасты ў сацсетках я не лічу патрэбным, у мяне ёсць чым займацца. Да таго ж я лічу, што чалавек, які ні ў чым не вінны, не мусіць апраўдвацца».
НЛ