Даўганогая брунетка Кацярына Кавалёва — чэмпіёнка свету па кікбоксінгу. У яе сацсетках шмат фота з ахапкамі руж, з падарожжаў і модных здымак.
«Некаторыя глядзяць на мой інстаграм і думаюць: «Ёй усё лёгка даецца». Называюць мяне эскортніцай, — усміхаецца дзяўчына. — Але я ўсяго дасягнула потам і крывёй».
Мы сустракаемся са спартоўкай пасля спаборніцтваў. Над бровамі ў яе засталіся маленькія сінякі. Кацярына адмахваецца: нічога страшнага. Кажа, што ў яе па плане сёння яшчэ візіт у салон прыгажосці — пасля баёў трэба аднавіць манікюр.
Пра здзекі аднакласнікаў, заробкі ў спорце, расійскіх чэмпіёнак, якія яе баяцца і ўвагу мужчын Кацярына распавяла «Нашай Ніне».
Пайсці на бокс Кацярына хацела з дзяцінства. Але яе запісалі на акрабатыку, дзе ёй было зусім нецікава.
«Бацька не дазваляў займацца боксам. Казаў: ты дзяўчынка, ніякіх боек. Калі бацькі развяліся, я падлавіла момант і настойліва папрасіла маму. Мне было 9 гадоў. Мама падумала і сказала: давай пачнем з каратэ. Канечне, я пагадзілася, я проста ляцела на трэніроўкі! І пайшло-паехала. Каратэ, таэквандо, кікбоксінг, тайскі бокс, ММА і цяпер бокс», — расказвае спартоўка.
Сама яна з Магілёва, расла ў шматдзетнай сям’і. Успамінае, што падлеткавыя гады былі не вельмі добрымі.
«Маёй маме самой давялося падымаць трох дзяцей. У нас былі аліменты каля 50-100 даляраў і дзіцячая дапамога. У школе з мяне шмат здзекаваліся, бо я не магла сабе дазволіць купляць новае адзенне. Тры гады магла хадзіць у адным і тым жа.
Памятаю, як суседзі прыносілі нам паесці, бо не хапала грошай на ежу. Я пешшу хадзіла пяць кіламетраў на трэніроўку, каб зэканоміць на талончыках».
Здзекі аднакласнікаў Каця не пераносіла моўчкі — давала здачы, як мама навучыла. А з 15 гадоў стала падпрацоўваць. Была і вартаўніцай на гаражах, і афіцыянткай, і дворнічыхай.
«Я пасля школы хацела паступаць у Акадэмію міліцыі. Думала, што калі патраплю на поўнае забеспячэнне з боку дзяржавы, то маме двух дзяцей будзе лягчэй падымаць. Але, на жаль, не паступіла. І на наступны год таксама. На судмедэксперта дзяўчатам трэба было набраць больш за 300 балаў, а пацанам — 170. У мяне было 200 з нечым. І конкурс сярод дзяўчат быў 40 чалавек на месца».
Пазней Кацярына паступіла ў Магілеўскі дзяржуніверсітэт харчавання, але, калі на чацвёртым курсе падвярнулася прапанова працаваць трэнеркай за мяжой, забрала дакументы.
Чэмпіёнкай свету па кікбоксінгу Кацярына стала ў 2015 годзе. А перад тым ледзь не сышла з прафесійнага спорту праз траўмы калена і голені. Падчас перапынку дзяўчына працавала трэнеркай у Бахрэйне, куды запрасілі прыяцелі. Чуткі пра беларускую кікбаксёрку хутка разляцеліся па востраве — займацца да яе прыходзілі нават члены каралеўскай сям’і.
«У мяне трэніраваліся і ўнучкі караля, і прынцэса. Зразумела, не кожны дзень — яны дастаткова гультаяватыя асобы, пару разоў на месяц прыходзілі.
Яны, канечне, звыклі, што ім ва ўсім патураюць, іх слова — закон. Але я паставіла ўмову: пераходзіце праз парог маёй залы, і я тут галоўная, вы робіце тое, што я кажу. Яны былі ў шоку: нічога сабе, нахабная. Але пагадзіліся і праз час дзякавалі, бо быў вынік. Я была для іх першай трэнеркай, якая пасмела камандаваць».
Спартоўка расказвае, што калі мужчыны ў Бахрэйне мяккацелыя (на трэніроўках былі вельмі асцярожнымі, каб не траўмавацца), то дзяўчаты так люта білі грушу, што станавілася цікава, хто ж іх так пакрыўдзіў.
Паўтара года Кацярына жыла ў Штатах. Паехала туды развеяцца, калі не трапіла на чэмпіянат свету па муай-тай — ніводная суперніца не захацела зарэгістравацца да яе ў катэгорыю. У Амерыцы дзяўчына пазнаёмілася з зоркамі ММА, атрымала кантракт ад спартовага менеджара. Але далася ў знакі старая траўма, і давялося ўсё прытармазіць.
«Калі б не траўма, было б цікава ў Амерыцы развівацца. А заставацца аднаўляцца там вельмі дорага. У Штатах за месяц у нікуды вылятае $3000 — гэта проста на пражыванне».
Мінулым летам Кацярына пераключылася на бокс, выступае за беларускую нацзборную.
«Я цяжкавагавік, мяне ўся каманда ненавідзіць, бо мне вагу ганяць не трэба, — смяецца. — Але я ўсё роўна прытрымліваюся правільнага харчавання, бо, калі ёсць лішняя вага, трэніравацца складана: нагрузка на сэрца, адышка, і тры раўнды выстаяць вельмі цяжка. Самае цікавае, што я, хоць і самая вялікая ў камандзе, ем менш за ўсіх».
Дзяўчына прызнаецца, што была ў шоку, калі ўпершыню пабачыла спаборніцтвы па жаночым боксе.
«Глядзіш мужчынскі — там тактыка, спартоўцы не паддаюцца эмоцыям. А жанчыны на рынгу як кошкі, тэхніка наогул губляецца.
Я стараюся думаць падчас бою, але ў мяне мала вопыту. За што мяне паважаюць, дык гэта за характар. Мне не хапае тэхнікі, але апошні турнір [міжнародныя спаборніцтвы ў Сербіі. — «НН»] я выйграла выключна на жаданні».
Зарабляць у прафесійным спорце, бядуе Кацярына, нерэальна. На чэмпіянаты яна рыхтуецца за свой кошт — за зберажэнні, якія назапасіла падчас працы за мяжой.
«Магілёўскі аблвыканкам мне праспансараваў паездку на чэмпіянат свету, але зразумела, што, акрамя гэтага, было яшчэ шмат іншых растрат. І калі я ўзяла бронзавы медаль, думала, мне краіна аддзячыць, дадуць прэмію. Мяне месяцы два футболілі, а ў апошні момант сказалі, што ніхто нічога не заплаціць, бо мне не хапіла аднаго чалавека ў катэгорыі — у іх ёсць правіла, што ў вагавай катэгорыі павінна быць пэўная колькасць людзей і баёў.
За выйгрыш чэмпіянату свету па кікбоксінгу мне таксама нічога не заплацілі. Падарылі вазон з кветкамі, далі ганаровую грамату майстра спорту міжнароднага класу і сказалі «дзякуй».
І мяне дабіў «ліст шчасця», дзе патрабавалі заплаціць штраф за дармаедства. Мне было так крыўдна! Мяне выратавала не тое, што я чэмпіёнка свету, а што я не знаходзілася ў краіне паўгода.
Цяпер хочуць паставіць мяне на стаўку як члена нацыянальнай зборнай. Заробак — 900 з нечым рублёў, плюс даюць інтэрнат. Але шчыра скажу, гэта малыя грошы для спартоўца. Калі падлічыць, колькі ідзе на экіпіроўку, адзенне, спартыўнае харчаванне, паўнацэнны рацыён, гэта проста смех.
Маё хобі мне дорага абыходзіцца і мой патрыятызм таксама».
Да Кацярыны прыглядаюцца трэнеры з Турцыі, Арменіі, Казахстана. А расійская зборная, жартуе дзяўчына, супраць таго, каб яна выступала — пасля таго як Кавалёва выйграла бой з іх чэмпіёнкай.
«Прапановы зарабляць за мяжой добрыя грошы ў якасці трэнеркі ёсць. Але гэта прадугледжвае тое, што я не змагу займацца сваёй любімай справай. Бо тут трэба выбіраць — або праца, або прафесійны спорт. Калі ўсе ездзілі на спаборніцтвы за свой кошт, у мяне такой магчымасці не было. Я працавала на дзвюх работах, спала па тры-чатыры гадзіны і заўсёды марыла, каб у мяне была магчымасць паездзіць па чэмпіянатах, пажыць у іншых краінах, забрацца на п’едэстал».
Яшчэ адна мара баксёркі — адкрыць цэнтр для жанчын, што пацярпелі ад гвалту, дзе яны будуць навучацца самааброне і атрымліваць кваліфікаваную дапамогу псіхолага.
Да таго, што хтосьці лічыць яе эскортніцай, дзяўчына ставіцца з іроніяй.
«Гэта пачалося яшчэ гадоў 10 таму, калі я стала зарабляць грошы і добра адзявацца, некуды ездзіць. Многія не думаюць, што сама зарабіла. Кажуць розныя паскудствы, што я жыву за нечы кошт, нехта спансуе. Плюс я падарожнічаю заўсёды адна. Неяк так складаюцца абставіны — то сябры занятыя, то нікому не цікава. Калі ў Амерыцы была, пляткарылі, што амерыканца сабе старога знайшла».
Кацін рост — 193 см, вага — 92 кг. Дзяўчына ўспамінае, што да пераезду ў Мінск вельмі камплексавала праз свой выгляд.
«У мяне быў маршрут дом-спартзала-праца, я ні з кім не кантактавала, жыла ў сваім свеце. Хадзіла як пацанка. А тут мне прапанавалі ў ахове клуба працаваць. Сказалі, што патрэбны класічны дзелавы касцюм і туфлі. Я пайшла ў краму, купіла туфлі на невялікім абцасе. А побач стаялі шпількі. Я памерала: такія прыгожыя! І купіла, каб па кватэры хадзіць.
Прыйшла дадому, надзела летнюю сукенку, легінсы, туфлі, гляджу ў люстэрка — прыгожа. Мне было так зручна на абцасах, і я выйшла на вуліцу прагуляцца. Такой рэакцыі я, канечне, не чакала. Нават калі прыйшла на працу, мяне пазналі, толькі калі акуляры зняла. І з таго моманту я пачала насіць абцасы.
Сяброўкі, канечне, псіхавалі са мной кудысьці ісці, бо я шпількі надзявала па 10-12 сантыметраў (смяецца). Яны: ты з глузду з’ехала, нас з табой ніхто не заўважыць.
Высокія дзяўчаты знаходзілі мяне ў сацыяльных сетках і прасілі пазнаёміцца, бо я была для іх матыватаркай».
Кацярына жартуе: мужчыны баяцца з ёй знаёміцца.
«Калі я ў спортзале, у мяне такі сур’ёзны твар, што страшна падыходзіць. У асноўным пішуць мне ў сацсетках, запрашаюць кудысьці. Праз знаёмых спрабуюць са мной скантактавацца. А некаторыя такія нахабныя, што і не толькі на каву запрашаюць!
Але для мяне важна, калі ёсць свабодны час, правесці яго з сям’ёй, братамі, сябрамі».
Баксёрка не замужам. Кажа, што асаблівых патрабаванняў да выгляду будучага абранніка ў яе няма. Ён можа быць нават крыху ніжэйшым за яе, але мусіць быць моцным і шыракаплечым.
«Каб я разумела, што я знаходжуся за мужчынам, а не ён за мной. Калі мужчына мініяцюрны, у мяне адразу прачынаюцца мацярынскія пачуцці», — усміхаецца.
Дзяўчына страшна любіць падарункі.
«А хто іх не любіць? Мяне весяліць больш за ўсё, калі дзяўчаты кажуць: мне нічога не трэба. Ну хлусяць жа! Усім падабаюцца падарункі».
З баксёрамі Кацярына не сустракаецца. Тлумачыць чаму:
«Ёсць сфера вучобы, спорту, сям’і, і ні ў якім разе іх нельга міксаваць. Я ніякіх раманаў на працы не заводжу. Гэта наогул табу, па маім разуменні, так рабіць нельга.
Я была ў камандзе адзінай дзяўчынай, і заўсёды пацаны падкатвалі. Я давала зразумець: не. Мы каманда, і ніякіх адносін, апроч таварыскіх, быць не можа. І былі моманты, калі мне рэальна нехта падабаўся і я бачыла сімпатыю у свой адрас, але не. Бо нічым добрым такі раман не скончыцца. У большасці выпадкаў гэта катастрофа.
Мне часта задаюць пытанне: чаму ты не замужам, чаму ў цябе няма дзяцей, гадзіннік жа цік-цік. Відаць, праз тое, што я сама прайшла праз няпростыя жыццёвыя моманты, калі ў мяне і будуць дзеці, то я не хачу ім таго, што было ў мяне. У першую чаргу я сама павінна рэалізавацца як асоба, у мяне мусіць быць уласнае жыллё, створаныя ўсе ўмовы для таго, каб маё дзіця ні ў чым не мела патрэбы.
Я не разумею тых, хто заводзіць дзяцей проста так, не задумваецца пра тое, як іх будзе выхоўваць. З горыччу назіраю ў крамах за малымі, па якіх бачна, што яны недаядаюць. Я часта нават купляю ім прадукты і проста пакідаю, бо сама ведаю, што гэта такое.
А сустрэць мужчыну, які скажа: «Ды ладна, усё будзе, я ўсё дам», — не веру. У мяне ёсць уласны прыклад — мой бацька калісьці таксама казаў, што усё забяспечыць. Нічога падобнага».
Наталля Лубнеўская