Праз каранавірус многія медыцынскія ўстановы былі перапрафіляваныя, частка ўводзіла каранцінны рэжым, у тым ліку радзільні. Як гэта паўплывала на беларусак, якія выношвалі і нараджалі дзяцей у гэты эпідэміялагічна няпросты перыяд? Пагутарылі з некалькімі маці пра тое, як яны спраўляліся з новымі выклікамі і страхамі падчас пандэміі.
(Пагадзілася распавесці сваю гісторыю паўананімна, бо яны з мужам не расказвалі бабулям і дзядулям, што адбывалася падчас родаў і пасля, каб лішні раз не хваляваць сваякоў.)
«Я была недзе на 32-м тыдні цяжарнасці, калі пачалі з’яўляцца навіны пра першыя выпадкі каранавіруса ў Беларусі. Адразу не разумела ўсёй сур’ёзнасці сітуацыі, таму была звышспакойнай.
Першыя нязручнасці пачаліся, калі маю радзільню (я хацела нараджаць у шостай і ў канцы сакавіка заключыла з імі дамову на платныя роды) перапрафілявалі пад інфекцыйную бальніцу. Пра тое, што я не змагу там нараджаць, даведалася за месяц да родаў. Прыйшлося ехаць у 1-ю радзільню, даступную мне па прапісцы. Я загадзя аплаціла індывідуальную палату, бо па вядомых прычынах не хацела, каб са мной ляжаў нехта яшчэ.
Калі колькасць захворванняў на каранавірус у Беларусі пачала імкліва павялічвацца, з жаночай кансультацыі мне патэлефанавала доктарка і папрасіла, каб я не цягалася ў паліклініку без вострай неабходнасці. Праўда, калі я прыходзіла на планавыя агляды і аналізы, то адразу заўважала, што чэргаў там амаль няма, што было немагчыма ў звычайны час.
У мяне планавалася кесарава. За суткі, па дамоўленасці, я набрала начальніцу медычнай службы і нечакана даведалася, што яна вось ужо як два тыдні на бальнічным. Прыйшлося проста ехаць у прыёмную, мяне адразу паклалі ў бальніцу. Але зусім не ў індывідуальную палату: яна робіцца даступнай акурат у дзень родаў.
Спачатку са мной ляжалі яшчэ дзве парадзіхі: адна таксама чакала роды, другая ляжала на захаванні. А пасля таго, як мяне прааперавалі, мяне перавялі ў іншую палату з яшчэ адной пацыенткай. Як мне казалі, платная была занятая. Варта адзначыць, што ўсе дактары былі ў поўнай экіпіроўцы, ежу нам прыносілі, каб мы менш кудысьці выходзілі самастойна.
У сераду мяне павінны былі выпісаць, але ў панядзелак да мяне прыйшла медсястра і ўзяла мазок на каранавірус. Я думала, што так прынята і гэта робіцца ўсім. Працягвала марыць пра выпіску. Але мне паведамілі, што мой тэст станоўчы. Гэта быў шок! Я не ведала, што рабіць: на вуліцы чакаў муж, які ўжо прыехаў па мяне. У мяне адразу ж забралі дачку, сказалі, што транспартуюць яе ў дзіцячае аддзяленне. У сваім стане я нават не змагла ўдакладніць чаму: мы ж ужо тыдзень правялі разам, і як яе буду карміць?
На хуткай мяне забралі ў шосты радзільны дом, дзе ляжалі інфекцыяваныя парадзіхі. Самае цікавае, што адначасова са мной таксама перавозілі дзяўчыну, з якой я ляжала разам у апошняй палаце. Пасля я прааналізавала, што, хутчэй за ўсё, я магла заразіцца ад яе. Нас паклалі ў розныя ізаляваныя боксы, адразу зрабілі КТ. Дзякуй богу, у мяне не было запалення лёгкіх.
Палаты апрацоўваліся 2-3 разы на дзень, ежу нам пакідалі пад дзвярыма, дактары стараліся без патрэбы не заходзіць у «брудную» зону.
Таксама мне патэлефанавалі з эпідэміялагічнай службы, спыталі, з кім я кантактавала. У мужа і двух старэйшых дзяцей узялі мазкі. Усё яны далі адмоўны вынік.
Лячылі мяне антыбіётыкамі, хоць і тэмпературы, і ніякіх іншых сімптомаў не было. Абяцалі, што выпішуць, калі праз тыдзень два тэсты запар дадуць адмоўныя вынікі. Так і было. Як і ў дачкі, якая без мяне ўвесь гэты час знаходзілася ў дзіцячым аддзяленні. Я прасіла хутчэй аддаць яе мужу, дадому. Спачатку нам доўга адмаўлялі, аргументуючы гэта тым, што муж не справіцца з дзіцем сам. Але мы дамагліся свайго — у нядзелю, 3 мая, муж забраў малую дамоў з чорнага ўваходу. Праз тры дні выпісалі і мяне. У лісце выпіскі было пазначана: «каранавірусная інфекцыя неўдакладненай формы».
Доўгі час мы абліваліся антысепыткамі з ног да галавы, насілі маскі. Тое самае я прымушала рабіць усіх сваякоў. Але хутка, шчыра скажу, усе крыху расслабіліся. Праўда, грамадскія месцы мы не наведваем і цяпер. І з бацькамі не бачыліся з сакавіка.
Каб б ведала пра ўсё, што адбудзецца з намі, загадзя, скажу шчыра: увогуле не планавала б роды на 2020 год, не цяжарала б. Усё ж перажытае — гэта рызыка і для мяне, і для здароўя дзіцяці. Не думала, канечне, што ў чыстай радзільні я ўвогуле сутыкнуся з каранавірусам… Але будучыню наперад ведаць немагчыма. Усё, што было, цяпер успрымаю як досвед. І я яму ўдзячная. Цяпер нам усім прыйдзецца неяк суіснаваць з вірусам».
«Я нарадзіла 9 сакавіка. Амаль уся цяжарнасць выпала на час, калі да нас каранавірус не дайшоў масава: толькі ў канцы лютага афіцыйна зафіксавалі першы выпадак. Я глядзела сусветныя навіны па Euronews, адсочвала блогі сяброў у іншых краінах і дзівілася: як можна ўсю краіну адправіць на каранцін. Гэта здавалася нерэальным. Самой эпідэміі я асабліва не баялася: усё гэта доўга выглядала вельмі далёкім ад нас. Але я ўсё ж з асцярогай хадзіла ў паліклініку, насіла там маску і старалася менш кантактаваць з людзьмі. Цяжарным і прастуда ні да чаго.
Нараджала я ў 6-м раддоме, у віп-аддзяленні. Пасля родаў жыла там яшчэ тры дні, замаўляючы дастаўку ежы: на месцы ўжо ўвялі каранцін і не пускалі чужых людзей. Ведаю, што літаральна праз два тыдні віп-палаты зусім часова ліквідавалі: нам проста пашанцавала. Пасля выпіскі мы ўсёй сям’ёй адразу ізаляваліся. У краму хадзіў толькі муж: рана раніцай і раз на тыдзень. Наведала доктара я толькі аднойчы: на шэсць тыдняў. Цяпер дачцэ ўжо чатыры месяцы, і трэба неяк дабрацца да прыватнага медцэнтра, каб правесці планавыя абследаванні. Спадзяюся, збяромся і даедзем: адзін раз мы ўжо проста адкладалі свае намеры, бо рэальна страшна. Перад тым, як прыехаць да нас у госці, калі дачцэ спаўнялася тры месяцы, мае бацькі два месяцы былі на самаізаляцыі за свой кошт. Усё гэта — каб не нашкодзіць нам, бо маці працуе ў стаматалогіі, а бацька ў санстанцыі. Бацькі мужа таксама самаізаляваліся на тыдзень перад візітам да малышкі. Дарэчы, бескантактнымі дастаўкамі мы карыстаемся і сёння. І вось ужо некалькі месяцаў жывём за горадам: раю зрабіць гэта ўсім, каму таксама выпадзе нараджаць у неспакойную эпідэміялагічную сітуацыю».
«Пра каранавірус і яго распаўсюд я даведалася недзе ў сярэдзіне тэрміна цяжарнасці. Варта зразумець: я чалавек, які зрэдку чытае навіны, асабліва негатыўныя. Таму была ў курсе сітуацыі фрагментарна з расказаў мужа. Я не аматар панікаваць, але думкі на той момант былі розныя. Складана было прыняць факт, што нешта пайшло не так.
Усе пачалі насіць маскі, цяжарных папрасілі прыходзіць у паліклініку толькі ў выпадку вострай неабходнасці. І там было так мала людзей! Ëсць з чым параўноўваць: гэта мая другая цяжарнасць.
Мы адразу прынялі рашэнне самаізалявацца. Муж, канечне, хадзіў на працу, але кантакты з людзьмі былі мінімальныя. Мы ж з дачкой наўпрост сядзелі дома і нікуды не выходзілі.
Перад родамі мяне спыталі, ці хварэла я на каранавірус, памералі тэмпературу і ўсё. 22 мая я нарадзіла, роды прайшлі добра, чаго не скажаш пра пасляродавы перыяд: доўга ляжала ў шпіталі праз лактастаз і яго наступствы. Перажываць праз каранавірус і патэнцыйную небяспеку не было ніякіх сілаў.
На выпіску прыехаў муж, бацькі і сяброўка. Мы сфоткаліся пару разоў і раз’ехаліся па дамах. Месяц сына адзначалі з бацькамі ў Віцебску.
Цяпер мы ўжо не на самаізаляцыі. Каб у Беларусі быў нейкі цэнтралізаваны каранцін, тады б у гэтым усім быў сэнс. А так — нехта сядзіць дома, нехта — не. Усё хаатычна… Але мыццё рук і пастаянная дэзынфекцыя ўжо зрабіліся звычкай.
Варта адзначыць, што ў нас вельмі добры доктар: мы дамаўляемся цяпер, што прыйдзем на планавы агляд у пэўны час, хуценька паказваемся і сыходзім.
У маім асяроддзі ёсць тыя, хто перахварэў на каранавірус. Прычым не некалькі тыдняў, месяц былі сімптомы. Зноў жа, пры наяўнасці каранціну мы б усё гэта перажывалі прасцей, на мой погляд.
Няважна, што роды выпалі на такі цяжкі год. Калі б прыйшлося ўсё перажыць ізноў, мы б усё адно нараджалі зараз: мы вельмі радыя сыну, любоў да яго пераважвае ўсе цяжкасці».
«Першы завазны выпадак каранавіруса прыйшоўся на восьмы месяц маёй першай цяжарнасці. Ці стала неспакойна ад гэтай навіны? Дакладна так. Але ў гэты перыяд у прынцыпе ўзровень трывожнасці памнажаецца мінімум на тры. І інфармацыя пра вірус, натуральна, падагрэла гэта пачуццё. Мая штодзённая руціна адразу змянілася. У ёй стала менш сустрэч з сябрамі і роднымі, менш шпацыраў у людных месцах, у торбе пасяліліся маска і дэзынфектар.
Першапачаткова мы з мужам планавалі партнёрскія роды, прайшлі для гэтага спецыяльныя курсы. Прыкладна за месяц да мяркуемага дня Х мяне паклалі на захаванне. І тут высветлілася, што ўмовы ў радзільні не зусім звычайныя. У пачатку сакавіка там ужо дзейнічаў каранцінны рэжым: пацыентам нельга было выходзіць, усе наведванні былі забароненыя. Яшчэ праз тыдзень нам паведамілі: партнёрскія роды забароненыя таксама. Тлумачылася гэта тым, што муж — патэнцыйны носьбіт віруса, і таму небяспечны. І каб засцерагчы астатніх пацыентаў, трэба спыніць любыя наведванні радзільні лішнімі.
Псіхалагічна было складана прыняць такую навіну. Асабліва цяжка было з ёй змірыцца, калі я даведалася, што партнёрскія роды на віп-умовах ніхто не адмяняў. Але сэнс там той жа: чалавек з вуліцы, магчымы носьбіт віруса. Яшчэ большае неразуменне ў мяне выклікала прысутнасць на аглядах парадзіх групы студэнтаў. Такія паўмеры па абароне ад віруса выклікалі злосць і абурэнне.
Пачынаючы з моманту выпіскі, я стараюся не перасоўвацца ў грамадскім транспарце, у таксі надзяваю маску. Змяніўся фармат адпачынку ў выходны дзень. Раней суботу і нядзелю мы з сям'ёй праводзілі ў горадзе: хадзілі ў кафэ і бары, наведвалі басейны, спа, блукалі па крамах. Цяпер у гэтыя дні мы знаходзімся на лецішчы ці ў вёсцы. Праўда, муж хадзіў і працягвае хадзіць на працу: у яго няма магчымасці рабіць яе аддалена. А застацца без грошай на некалькі месяцаў мы сабе дазволіць не маглі.
На каранавірус перахварэлі мае далёкія сваякі і некаторыя знаёмыя. Ведаю, што колькасць тых, хто захварэў, і цяпер немаленькая, але тэма пандэміі стала заціхаць з пачаткам лета. Падобна на тое, што прага цёплага сонца і сустрэч на летніх тэрасах перамаглі страх за сваё здароўе. Гледзячы на досвед некаторых краін, якія ўсё ж уводзілі каранцін, мяркую, што такая ж мера ў нас магла б выратаваць вялікую колькасць жыццяў.
У любым разе, гэты год нельга прапусціць, пераскочыць. Яго падзеі ніяк не адмяняюць магчымасць кайфаваць ад свайго новага статусу і новых прыемных клопатаў. Маленькія дзеці, дарэчы, выдатна ўмеюць адцягваць увагу ад глабальных праблем».
Кацярына Карпіцкая