Праект партала
Гісторыі
10.02.2021 / 16:51
«Для яе выпрабаванне не турма, а разлука з дзецьмі». Як муж з жонкай апынуліся на Валадарцы

Калі кажуць, што пад рэпрэсіі патрапілі цэлыя сем’і, то гэта не проста вобразны выраз. Сяргей Ярашэвіч і Антаніна Канавалава — муж і жонка. Ён — адміністратар канала «Армія з народам», яна — давераная асоба Святланы Ціханоўскай. Абое цяпер на Валадарцы. Іх гісторыю расказала маці Антаніны, якая вымушана з’ехала з унукамі за мяжу.

«З мужам пазнаёмілася на працы»

Сям’я жыла ў Мінску, гадавала маленькіх дзяцей — Насту (4 гады) і Ваню (6 год).

«Тоня пасля школы паступіла ў БДУ на рамана-германскае мовазнаўства, але пасля першага семестра адтуль сышла, сказала: я настаўніцай не буду. Шукала сябе, да дэкрэту працавала лагістам, — расказвае маці Ганна. — Пасля дэкрэту дачка не магла знайсці працу: расклад не падыходзіў. Муж быў кіроўцам, частыя камандзіроўкі, а ёй трэба было своечасова адводзіць дзяцей у сад. Тыя вакансія, якія прапаноўвалі, мелі графік два праз два ці па 12 гадзін змены».

З мужам Антаніна пазнаёмілася на працы. Сяргей родам з Беразіна, але даўно жыве ў сталіцы. «Добры хлопец», — лагодна ставіцца да яго цешча. Калі Сяргей прыязджаў з камандзіровак, стараўся дапамагаць з дзецьмі, адпускаў жонку развеяцца. Кожны раз прывозіў малым падарункі.

Тоня, заўважае маці, сапраўдная майстрыха.

«На Новы год для Ваневай групы яна склеіла з пап’е-машэ кіндар-сюрпрызаў памерам сантыметраў 30 для кожнага дзіцяці — вельмі эфектныя былі падарункі. Цяпер у СІЗА пачала маляваць. Дзецям дасылае малюнкі, піша ім цёплыя словы друкаванымі літарамі, каб яны маглі прачытаць.

Яна вельмі добрая маці. І я думаю, што для яе выпрабаванне не турма, а разлука з дзецьмі. Гэта пакуты для яе».

Антаніна вучылася на завочцы ў Інстытуце парламентарызму і прадпрымальніцтва, заставаўся апошні год. У сакавіку, як пачалася сесія, дзеці паехалі пагасціць да бабулі за горад.

«У нас добры вясковы дом. Малако купляем з-пад каровы, у нас 5—7 курыц, заўсёды яйкі ёсць, — апісвае Ганна. — Пасля Тоня ўвесь красавік прахварэла. Хутчэй за ўсё, карона. Класічная была карціна: пачыналася з хворага горла, кашлю, тэмпературы 37,5. Некалькі дзён тэмпература ноччу да 40 падскоквала. Але тэст ёй не рабілі, на КТ не магла запісацца».

«Вобшук у загарадным доме нагадваў захоп — аўтаматчыкі па ўсім перыметры»

Першы адміністрацыйны пратакол на Антаніну склалі яшчэ ў красавіку — за тое, што падчас мінскага стрыму Ціханоўскага падышла выказацца да мікрафона. Аштрафавалі на 25 базавых (675 рублёў на той момант).

Чаму яна захацела далучыцца да «Краіны для жыцця»?

«Можа, усё гэта дастала, тыя ж паборы ў садку. Яна бачыла, як людзі жывуць усё горш», — мяркуе маці.

Антаніна стала валанцёрам у штабе, дапамагала са зборам подпісаў.

«Я яе падтрымала. Адзінае, неяк спытала: дачура, ты не шкадуеш? Бо яна ўсё лета дзяцей не бачыла, ездзіла па Беларусі. Было такое, што начаваць не знаходзілі дзе, галодныя заставаліся. Дачка кажа: «Мама, ні грама не шкадую, я ніколі ў жыцці не пазнаёмілася б з такой колькасцю добрых людзей, калі б у гэтым не ўдзельнічала».

Жанчыну затрымалі ў нядзелю 6 верасня, яшчэ да маршу. Яна заехала ў двор папіць кавы, калі пад’ехаў бусік з сілавікамі. У сумцы Антаніны ляжаў бэйдж з надпісам «давераная асоба Святланы Ціханоўскай».

На наступны дзень яе судзілі па артыкуле 23.34. Вынік — штраф. Але з Акрэсціна жанчына не выйшла.

«Мы яе згубілі — нас вадзілі за нос некалькі дзён. На Акрэсціна казалі: «Тут яе няма, яна ўжо недзе піва п’е». Пасля адпраўлялі шукаць у СІЗА ці ў Жодзіна, але там дачкі не было. Давялося падаць заяву аб знікненні чалавека, і толькі тады патэлефанаваў следчы (гэта было ўвечары 8 верасня), паведаміў, што Тоня затрымана на 72 гадзіны па падазрэнні ў крымінальным злачынстве. Пасля гэтага яе не выпусцілі.

Было два вобшукі: адзін у Мінску, другі ў загарадным доме. Канфіскавалі тэхніку. У загарадным доме вобшук нагадваў захоп — аўтаматчыкі па ўсім перыметры дома былі рассыпаны. Гэта ўсё на вачах у дзяцей». 

Неўзабаве сталі цікавіцца сынам і дачкой Антаніны. Сэрца бабулі адчувала: нічым добрым гэта не скончыцца.

«Я ўдзельніца акцый і 2006 года, і 2010-га. За ўсім гэтым сачыла і ведала, канечне, што ціск на дачку з зяцем будзе праз дзяцей. У мяне ўвесь час перад вачыма стаяла Ірына Халіп, як у яе органы апекі спрабавалі забраць сына. Я разумела, што Ірына Халіп — вядомая журналістка, жонка кандыдата ў прэзідэнты, а мы хто? Цырымоніцца не будуць. Я павінна была ісці на крок наперад.

У верасні мы з дзецьмі з’ехалі. Каля пад’езда дзяжурыла машына, мы не змаглі зайсці ў кватэру, узяць адзенне. У мяне не было дарожнай сумкі — толькі чахол ад коўдры. Кінула туды 10 рэчаў. Насці не было чаго абуць, бо са сваіх чаравікаў яна вырасла — я надзела ёй Ваневы кеды, якія на тры памеры большыя. Мы з’ехалі не на сваёй машыне, у тры гадзіны ночы былі пад Украінай і ў цемры пешшу пераходзілі мяжу. Мы з’ехалі ў нікуды».

У Сяргея, які быў адным з адміністратараў канала «Армія з народам», праблемы пачаліся яшчэ летам. У ліпені яго двойчы затрымлівалі — пасля другога разу мужчына з’ехаў за мяжу. Вярнуўся, калі даведаўся пра затрыманне жонкі.

«Не ведаю, што ім рухала. Канечне, цяжка яму было ад таго, што жонка за кратамі. Сяргея затрымалі 2 кастрычніка. Ведаем толькі, што ён быў збіты, бо калі да яго хадзіў адвакат, бачыў сляды збіцця».

«Стараецца нас не засмучаць, але я ведаю, што сядзець там — гэта катаванне»

Малым пра арышт бацькоў спачатку не расказвалі.

«Але ў нас Ваня дарослы хлопчык, і калі размова ішла пра Тоню, ён усё пачуў. Задаў пытанне: «Бабуля, што, мая мама ў турме?» Канечне, я яму сказала праўду, — дзеліцца Ганна. — 

Маіх лістоў дачка, наколькі ведаю, не атрымлівае. Я спрабавала пісаць сваёй рукой і адпраўляць — не. Дасылала тэкст сяброўкам, каб яны перапісалі ад іншага імя — не. Але дачка атрымлівае лісты ад бацькі.

Яна стараецца нічым нас не засмучаць. Але я ведаю, што сядзець там — гэта катаванне».

Ліст дачцэ ад Антаніны

У Тонінай камеры 8 чалавек. Туляцца ў памяшканні памерам 1,5 на 3,5 метра. Раз на тыдзень бываюць у душы. 

Бацькі падавалі хадайніцтва аб змене меры стрымання, прасілі выпусціць пад заклад — паўсюль адмоўлена. Пыталіся пра спатканне з адзінай дачкой. У адказ паступіла: «Спатканняў не будзе, будзе сядзяць». З універсітэта Антаніну адлічылі.

Сяргей піша вельмі кароткія лісты. «Дзякуй за пасылку, у мяне ўсё добра, не хвалюйцеся. Як там малыя? Я вельмі па іх сумую», — даходзяць ад яго стрыманыя радкі.

Для бабулі цяпер галоўны клопат — унукі, якія невядома калі пабачацца з бацькамі. Разам з дзецьмі яна жыве ў Польшчы. Не хавае: цяжка.

«Пад фонды, якія створаны, мы не падыходзім — мы не звольненыя з працы, не пацярпелыя, — уздыхае Ганна. — Дапамагаюць звычайныя людзі».

Наталля Лубнеўская

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура