Калі ў 1990-х Мікалай Статкевіч ударыў па твары Азаронка-старэйшага, то атрымаў за гэта штраф. За поўху Азаронку-малодшаму пакаранне аказалася больш жорсткае: перакладчыцы Вользе Калацкай далі два гады хатняй хіміі. Два месяцы да суда яна правяла пад вартай. У інтэрв’ю «Нашай Ніне» жанчына распавяла пра сябе і пра турму: як спявала «Пагоню» ў камеры, выбіла сродкі ад вошай і адчула, што такое ўнутраная свабода.
З Вольгай мы сустракаемся на Дзень Волі. Яе тэлефон не змаўкае.
«Гэта Уладзімір Арлоў віншуе», — сустракае яна на парозе, адказваючы на чарговы званок.
Перакладчыца жыве ў спальным раёне Мінска разам з 90-гадовай мамай. Тая вельмі перажывала, што можа ўжо не пабачыць дачку, і цяпер увесь час не зводзіць з яе замілаваных вачэй. Вольга — адзінае дзіця ў сям’і.
«Я з дзяцінства заўсёды адчувала бязмежную маміну любоў. Калі мы з’язджалі ў адпачынак, гэты месяц быў цалкам прысвечаны мне. Мама мне паказвала шмат цікавых рэчаў у прыродзе. Натуральна, калі я сталела, адносіны былі не настолькі блізкімі. Але цяпер разумею, што мама — самы блізкі, самы дарагі для мяне чалавек. Калі ў мяне ёсць мама, у мяне заўсёды прыкрыты тыл», — абдымае Вольга Анегу Іванаўну.
«Захвалі-захвалі, — усміхаецца тая. —
Самыя страшныя дні былі, як Воля сядзела там. А яна кажа, што як у санаторыі пабыла: нічога не трэба думаць — накормяць, пагуляць выпусцяць і спаць адправяць. Яна, канечне, локшыну на вушы вешае».
З няволі Вольга даслала маці 50 лістоў. Дайшлі 40.
«Я толькі і чакала: калі атрымаю? Калі хто з суседзяў ішоў уніз, прасіла ўзяць маю пошту. А не, дык сама спускалася. І бальзам на сэрца, калі пісьмо ад дачушкі. Я ёй у адказ сама пісала. Хочацца шмат сказаць, але не ўсё можаш і рукі дрыжаць ад хвалявання. Лісты мае, канечне, там няўдалыя», — адмахваецца Анега Іванаўна.
Стаць перакладчыцай Вольга вырашыла яшчэ ў дзяцінстве.
«Гэта мара. Мне пашанцавала вучыцца ў 30-й школе (цяпер гэта 1-я гімназія), у мяне была геніяльная настаўніца ангельскай мовы, і з ёй не палюбіць прадмет было немагчыма. У мяне не стаяла пытання, куды ісці паступаць, — толькі замежныя мовы», — кажа жанчына.
Яе юнацкія гады прыпалі на канец 1980-х — пачатак 1990-х. Бурапенны час, калі абудзіўся нацыянальны рух. Большасць сяброў Вольгі былі беларускамоўныя — у такім асяродку фарміравалася яе стаўленне да культуры.
А вось у МДЛУ панавала строгая атмасфера.
«У нас рэктарам была Краснова, абсалютна неліберальны чалавек. Яна нават забараняла дзяўчатам хадзіць у кароткіх спадніцах і карыстацца касметыкай. Натуральна, студэнцтва было гэтым незадаволена. Напэўна, тады склалася ўнікальная сітуацыя, калі можна было дамагчыся зменаў у кіраўніцтве нейкім рухам знізу. Студэнцкія арганізацыі шмат зрабілі для таго, каб змяніць Краснову на іншага, больш ліберальнага чалавека — Уладзіміра Макарава. У нас фактычна адбылася маленькая ўнутраная рэвалюцыя.
Змагацца тады не было страшна. У мяне, напэўна, парог страху не там, дзе ў звычайных людзей. Тады было адчуванне, што час на нашым баку і ў нас усё атрымаецца».
«А цяпер ёсць такое адчуванне?»
«Мне горка пра гэта казаць, але здаецца, што гэтым разам мы ўсё-такі свой шанец на перамены не выкарысталі напоўніцу, страцілі яго. Улетку ў мяне было адчуванне, што ёсць шанец змяніць гэту ўлады. Невялікі, але ёсць. Таму я вырашыла зрабіць усё, што ад мяне залежыць (Вольга была незалежнай назіральніцай на ўчастку. — «НН»), каб дапамагчы пабудаваць краіну вольную, незалежную, дзе паважаюць правы чалавека, дзе кожны можа рэалізаваць свае таленты. Краіну, у якой хацелася б жыць і не страшна было б глядзець у будучыню».
Пасля заканчэння ўніверсітэта Вольга выкладала там жа. А потым занялася рэпетытарствам і перакладам фільмаў і кніг.
«Улюбёныя аўтары — тыя, каго я перакладала. Голдынг, Этвуд, Ці Сі Бойл… З Этвуд я асабіста не знаёмая. Але для мяне было вялікае шчасце даведацца, што яна выказвала заклапочанасць маім лёсам, перадавала вітанні. Я не чакала», — усцешана Вольга.
З беларускіх пісьменнікаў яна любіць чытаць Алеся Разанава, Валянціна Акудовіча, Галіну Дубянецкую, Таццяну Сапач. З Уладзімірам Арловым, які быў яе кумірам з юнацтва, Вольга працавала разам — рэдагавала пераклады яго кніг на ангельскую мову.
Некалькі разоў яна была ў Брытаніі.
«Першы раз — калі яшчэ працавала ў лінгвістычным, у рамках праграмы «Тэмпус» для маладых спецыялістаў. Чатыры тыдні стажыроўкі ў Лондане. Там жыў айцец Аляксандр Надсан, кіраўнік беларускай грэка-каталіцкай місіі ў Брытаніі. Некалькі разоў я прыязджала да яго ў госці. Ён вельмі шмат зрабіў для беларускай справы. Бібліятэка імя Францыска Скарыны ў Лондане — у вялікай ступені плён ягоных намаганняў. Адна з галоўных рэчаў, якой я навучылася ў айца Аляксандра, — трэба бачыць у кожным чалавеку дзіця Божае. Я пыталася: і ў Лукашэнку? Ён: і ў Лукашэнку (усміхаецца).
Але думак застацца там не было. Мне заўсёды хацелася жыць у сваёй роднай краіне. Пагатоў я не магла кінуць бацькоў».
Дзед Вольгі Іван Пархімчык жыў у Смалявічах і ў вайну ўратаваў габрэйскую сям’ю.
«Спачатку яны ў нас хаваліся. А тады недзе татка знайшоў воз, каня і адвёз іх у глыбокую вёску, за 18 кіламетраў, і яны так засталіся жывыя, — згадвае Анега Іванаўна. — У іх была дзяўчынка, Фанечка, мая аднагодка, мы гулялі разам. А ім жа рабілі такія карычневыя нашыўкі. Я кажу: давай здымем, на чорта табе яе насіць. Яна: не, што ты, тады нас усіх адразу расстраляюць».
Пра той учынак цяпер нагадвае лыжачка, якую на памяць падарыў гаспадар габрэйскай сям’і.
Перакладчыцу затрымалі 15 студзеня ва ўласнай кватэры.
«У мяне былі заняткі з маёй вучаніцай, і недзе блізу 3-й гадзіны дня мы пачулі працяглы званок у дзверы. Я падышла, пабачыла, што вочка закрытае, і зразумела, што гэта па мяне. Адчыніла: два міліцыянеры паказалі пасведчанні, сказалі, што мне давядзецца праехаць з імі ў Фрунзенскае РУУС, што мяне, хутчэй за ўсё, затрымаюць на 72 гадзіны. Я хуценька сабралася, узяла зубную шчотку ды пасту і паехала», — апісвае Вольга.
Тое, што 72 гадзінамі справа не скончыцца, яна зразумела яшчэ ў той момант, як пачула званок — чытала пра падобныя затрыманні.
За гэтыя два месяцы Вольга пабывала на Акрэсціна, у жодзінскім СІЗА і на Валадарцы.
«Для мяне ўсё ішло па ступені падвышэння камфорту. Самай цяжкай была першая ноч у ІЧУ. Цяжкая ў тым сэнсе, што вакол публіка была досыць шумная. Пасля гэтага Жодзіна было лягчэйшае. Хоць, вядома, умовы там складаныя. Стары будынак, шыбы рассохліся, увесь час скразняк. Камера, разлічаная на 12 чалавек, жалезныя нары двух’ярусныя. Мяняюць пасцельную бялізну раз на тыдзень па панядзелках. Санвузел у камеры выглядае жудасна. Калі хто ўяўляе старыя піянерскія лагеры савецкага часу, вось штосьці падобнае і цяпер ёсць у Жодзіне — дзірка ў падлозе на вялікай цэментнай прыступцы. Прычым у адзін дзень нас вывелі з камеры і работнікі зрэзалі ніжнюю частку металічнага шчыта, які адгароджваў прыбіральню. Бог іх ведае, навошта.
Самае цяжкое — пракуранае паветра для чалавека, які не курыць, і мат. Мат з боку персаналу гэтага «гатэля» і мат у камеры. Я да такога не звыклая.
Як правіла, больш за двух-трох палітычных у адну камеру не садзяць. З некаторымі суседкамі я пасябравала. Мне пашанцавала, што са мной была Каця Андрэева. У першы ж дзень я заходжу, кажу: «Добры вечар, мяне зваць Вольга». І чую: «Добры вечар, спадарыня Вольга». Божа, зварот, як з нармальнага жыцця! Гэта была Каця. Яна цудоўны чалавек. Вельмі моцны, справядлівы і пры гэтым пяшчотны.
З некаторымі было цяжка. Напэўна, можна сказаць, што ў нас у грамадстве няма культуры канфлікту, умення слухаць адно аднаго, дамаўляцца. Вельмі непрыемна адчуваць зайздрасць да сябе, калі ты атрымліваеш ліст, а хтосьці іншы не.
Персанал ставіўся па-рознаму. У Жодзіне больш строга. У іх пераважаў загадны лад у адносінах. Ёсць змена нармальная, калі не надта будуць турбаваць, ёсць больш жорсткая.
Я баюся, што яшчэ доўга аўтаматычна буду трымаць рукі за спінай. Вельмі хачу пра гэта як мага хутчэй забыць. Калі цябе выводзяць з камеры, ставяць тварам да сценкі, гэта страшэнна непрыемна — я заўсёды імкнулася трымацца як мага далей ад сценкі. Непрыемна хадзіць шэрагам. А да ўсяго астатняга нібыта можна прызвычаіцца.
На Валадарскага была меншая па памеры камера, на 6 чалавек. Прычым наша відавочна была разлічана спачатку на чатырох, а потым пасярэдзіне паставілі яшчэ пару нараў. Што добра ў Пішчалаўскім замку — санвузел значна больш цывільны. Праз два месяцы, прабачце, я пабачыла нармальны ўнітаз.
Персанал там больш чалавечы».
Гэтыя месяцы Вользе бракавала інфармацыі — газета «Новы час», якую ёй выпісалі, ні разу не трапіла ёй у рукі. Адзін нумар сяброўка даслала лістом — яго перакладчыца пабачыла толькі на пару гадзін, калі яе перавозілі з Жодзіна на Валадарку. Часам у камеру прыносілі «СБ», але чытаць яе, жартуе Вольга, не дазвалялі элементарныя правілы гігіены.
Дарэчы, пра гігіену.
«Быў момант, калі нашу камеру аб’ядналі з суседняй, а ў тую незадоўга да таго падсялілі жанчын-бяздомніц, у якіх былі вошы. Адпаведна, яны заразілі ўсю тую камеру, і пяць чалавек адтуль апынуліся ў нас. Мы пад пагрозай галадоўкі дамагліся таго, каб нам далі сродкі ад вошаў, а гэтым жанчынам-бяздомніцам — чыстае адзенне. Бо нават калі б іх апрацавалі, а адзенне засталося старое, вынік быў бы нулявы.
Адкуль чыстыя рэчы — там людзі, які не атрымлівалі перадачы і не мелі грошай на рахунку, маглі пісаць заяву з просьбай аказаць гуманітарную дапамогу. У асноўным гэта гігіенічныя сродкі і, калі ёсць, штосьці з адзежы і абутку».
Увечары перад апошнім пасяджэннем Вольга з сукамерніцамі спявала «Пагоню» і «Магутны Божа». Студэнтка Ксенія Сырамолат, якая сядзела там жа, згадала любімыя фальклорныя песні сваёй мамы.
Жанчына прызнаецца, што была гатова да рэальнага тэрміну.
«Шмат у чым жыву па прынцыпе «рыхтуйся да горшага, спадзявайся на лепшае». Здзівіць мяне што-небудзь падчас працэсу наўрад ці магло.
Мне паведамілі, што Азаронак напісаў хадайніцтва аб спыненні справы ў сувязі з прымірэннем бакоў. Я сказала, што напішу такое пры ўмове, што ён папросіць прабачэння ў маці Бандарэнкі і прызнае, што людзі, якія сабраліся тады, шчыра смуткавалі з нагоды смерці Рамана. Хадайніцтва ў выніку напісаў мой адвакат».
Ці верыць Вольга ў шчырасць гэтага ўчынку прапагандыста?
«Я стараюся не абмяркоўваць матывы паводзінаў іншых людзей, пагатоў незнаёмых, таму што ты фактычна гаворыш пра сябе, ты не можаш ведаць, што адбываецца ў галаве ў іншага чалавека. Але я мяркую, што ўладзе проста з гледзішча рэпутацыйных страт было нявыгадна накіраваць мяне ў калонію, таму што было б вельмі непрыгожа, калі б 90-гадовая жанчына засталася адна. Але магчыма, яны зыходзілі з іншых меркаванняў», — разважае перакладчыца.
Першы вечар на волі яна правяла на кухні ў гутарках з блізкімі.
«Хацела сказаць вялікі дзякуй усім, хто прыйшоў мяне падтрымаць у суд. Хацелася абняць тых, хто пісаў, перадаваў перадачы. Паглядзець ім у вочы, у гэтыя чыстыя твары. І, канечне, хацелася даехаць да хаты і пабачыць маю мамачку».
«Прайшла дачка ўніверсітэты турэмныя, — уздыхае Анега Іванаўна. — Ніколі не думала, што мне такое давядзецца перажыць. Ведаеце, зусім незнаёмыя людзі прыходзілі мяне падтрымаць. Хто фрукты прынясе, хто яшчэ што. Я кажу: не трэба. «Ну вы ж засталіся адна. Калі ласка, вазьміце, гэта дзеля вашай Волечкі». Вельмі каштоўна, што людзі суперажываюць».
Вольга дзеліцца тым, што яна зразумела пра сябе, пакуль рэфлексавала за кратамі:
«Магчыма, гэта будзе трохі пафасна гучаць, і чалавек, які не быў там, не зможа да канца зразумець, што я ўкладаю ў гэту фразу. Але я адчула, што тваю свабоду ніхто ніколі не можа адняць. Няважна, ёсць краты ці няма іх. У мяне даўно адным з улюбёных выслоўеў было «свабода — гэта катэгорыя ўнутраная». Ці, як пісаў спадар Акудовіч, «свабода як зубная шчотка — у кожнага свая». Там я на іншым узроўні зразумела гэтыя фразы.
Мы не выбіраем абставіны. Але ў чалавека заўсёды ёсць выбар, як паводзіцца. Для мяне было вельмі важна проста застацца сабой. І насамрэч нічога складанага ў гэтым няма».
Наталля Лубнеўская, фота Надзеі Бужан