16 мая ў Маямі пройдзе конкурс «Міс Сусвету». Як гэта звычайна бывае на такіх конкурсах, адно з дэфіле прысвецяць нацыянальным уборам. Удзельніца ад Украіны Лізавета Ястрэмская ўжо пахвалілася сваёй сукенкай з традыцыйнай украінскай выцінанкай. Толькі аказалася, што выцінанка тая — беларуская. І дызайн узялі без дазволу аўтара. Выцінанку зрабіла народная майстрыца з Маладзечна Лізавета Чырвонцава.
Так выглядае сукенка.
А на гэтым фота — аўтарская выцінанка Лізаветы Чырвонцавай.
Сама Лізавета даведалася пра гэта пяць дзён таму ад беларускіх і ўкраінскіх калег — яны заўважылі знаёмы дызайн і сталі пытаць у майстрыцы, ці не яе гэта праца.
«Мне скінулі інфармацыю пра фірму Rada.Ethno, якая шыла сукенку. І яе дызайнер Наталля Шаўчук напісала, што ў вольным доступе ў інтэрнэце знайшла выяву маёй выцінанкі. Яны нібыта не змаглі адшукаць ні аўтара твора, ні краіну, адкуль гэта. Гэта так смешна: калі яны прадстаўляюць на конкурсе сваю краіну, дык чаму не звярнуліся да сваіх майстроў? У іх ёсць сайт украінскай выцінанкі, нескладана пракансультавацца з саюзам мастакоў. Упадабалася — і скралі».
Канфлікт так і не вырашылі. Удзельніца конкурсу прыгажосці ўжо адправілася ў ЗША са сваім гардэробам. Хутчэй за ўсё дэфіляваць дзяўчына будзе ў сукенцы з беларускай выцінанкай.
«Калі я напісала пра кампенсацыю, у дызайнерскай фірме адразу замаўчалі. Прайшло тры дні — яны так нічога і не адказалі.
Цяжка дабіцца праўды, асабліва ў чужой краіне. Калі я звярнулася да юрыстаў, яны сказалі, што каб гэта было на тэрыторыі Беларусі, можна было б заяву падаць. А паколькі гэта за мяжой, трэба ехаць туды, траціць грошы на кансультацыі з украінскімі юрыстамі, прысутнічаць на судах. На гэты момант для мяне гэта вельмі складана.
Калі ў мяне мінулы раз была непрыемная сітуацыя, з іншай украінскай дызайнеркай, мы вырашылі гэта пытанне да суда. Пасля доўгай перапіскі яна сплаціла мне кампенсацыю».
Выцінанка, дызайн якой скарысталі для сукенкі на конкурс прыгажосці, была зроблена ў 2016 годзе. Гэта цэнтральная частка трыпціха, у якім майстрыца перадала сваё адчуванне спадчыны. На ёй — Маці Божая, якая моліцца за нашу краіну. На бакавых частках змяшчаліся сімвалічныя вобразы роднай хаты і радаводу.
«Гэты трыпціх раз’ехаўся ў розныя канцы свету. Цэнтральная праца зараз знаходзіцца ў Амерыцы ў асабістай калекцыі», — дзеліцца майстрыца.
Яна тлумачыць, што тыя выцінанкі, якія можна пабачыць у нас, пераважна аўтарскія.
«Сучасная беларуская выцінанка базуецца на народных традыцыях, але ў нас жа амаль не засталося вырабаў, старэйшых за 1950-я гады. Такі матэрыял — штосьці спалілі, штосьці струхнела. Раней не звярталі ўвагу на гэты від мастацтва, ён жа адраджацца пачаў у 1970-я гады. Амаль усе майстры, якія зараз займаюцца выцінанкай, маюць мастацкую адукацыю.
Цяпер рыхтуюцца дакументы, каб прызнаць выцінанку гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Можа, гэта будзе спрыяць абароне творчасці ад плагіяту».
НЛ