Праект партала
Тонус
28.07.2017 / 10:09
Новы выклік для чалавецтва: антыбіётыкі перастаюць спраўляцца з бактэрыямі9

У 1928 годзе адбылася сапраўдная рэвалюцыя ў медыцыне. Брытанскі навуковец Аляксандр Флемінг адкрыў першы ў свеце антыбіётык — пеніцылін. Адкрыццё істотна дапамагло ў барацьбе з інфекцыйнымі захворваннямі і выратавала мільёны жыццяў. Але ўжо праз нейкі час бактэрыі пачалі выпрацоўваць устойлівасць (альбо рэзістэнтнасць) да пеніцыліну. У адказ на гэта фармакалагічны рынак пачаў распрацоўваць усё больш і больш новых антыбіётыкаў для тэрапіі інфекцыйных захворванняў. Але ўзбуджальнікі інфекцый рэагуюць і на новыя лекі: у некаторых відаў бактэрый адбываюцца мутацыі, што выклікае ўстойлівасць і да новых антыбіётыкаў.

Існуе небяспека, што антыбіётыкі цалкам згубяць сваю эфектыўнасць і мы вернемся ў часы, калі эпідэміі інфекцыйных захворванняў забівалі цэлыя гарады.

Чаму антыбіётыкі становяцца неэфектыўнымі?

Галоўная мэта антыбіётыкаў — забіць бактэрыі альбо блакаваць іх рост. Але бактэрыі проста так не здаюцца. У выніку выпадковых мутацый могуць з’яўляцца бактэрыі з новымі ДНК, устойлівыя да антыбіётыкаў. Бактэрыі, якія мутавалі, пачынаюць размнажацца, што робіць раней эфектыўныя лекі бескарыснымі. Гэты феномен называецца рэзістэнтнасцю.

Можа гучаць дзіўна, але ў рэзістэнтнасці вінаватае менавіта празмернае ўжыванне антыбіётыкаў. Чым больш антыбіётыкаў спажывае чалавецтва — тым хутчэй бактэрыі выпрацоўваюць да іх устойлівасць. Згодна з даследаваннямі часопіса Nature, толькі з 2000 па 2010 год спажыванне антыбіётыкаў вырасла на 30%.

У шматлікіх выпадках людзі ўжываюць антыбіётыкі тады, калі яны ім зусім непатрэбныя. Напрыклад, некаторыя спрабуюць такім чынам вылечыць вірусныя хваробы, такія як грып, ці звычайную прастуду. Але гэта абсалютна бессэнсоўнае дзеянне: антыбіётыкі дапамагаюць справіцца з бактэрыяльнымі інфекцыямі, супраць вірусаў яны бездапаможныя. Такім чынам чалавек у сваім жаданні хутчэй вылечыцца не толькі не дапамагае сабе, але і шкодзіць чалавецтву.

Ёсць тут віна і медыкаў, якія выпісваюць антыбіётыкі пацыентам у празмернай колькасці і не тлумачаць, у якіх сітуацыях іх варта ўжываць.

Таксама пацыенты, якім прапісана комплексная тэрапія з некалькіх прэпаратаў, могуць ужываць толькі частку антыбіётыкаў альбо ўвогуле заўчасна спыніць лячэнне. Гэта таксама можа выклікаць устойлівасць да антыбіётыкаў у «недалечаных» бактэрый.

Празмернае выкарыстанне антыбіётыкаў назіраецца і ў жывёлагадоўлі, што таксама правакуе рэзістэнтнасць. У большасці выпадкаў антыбіётыкі дадаюцца да корму нават здаровым жывёлам, каб стварыць для іх спрыяльныя ўмовы жыцця і стымуляваць рост. Але ў выніку гэта вядзе да з’яўлення антыбіётыкаўстойлівых мікраарганізмаў.

Што будзе далей?

Магчыма, праблема не была б такой вострай, калі б фармакалагічныя кампаніі працягвалі распрацоўваць новыя антыбіётыкі ў вялікай колькасці. Так яны і рабілі першыя некалькі дзесяцігоддзяў пасля адкрыцця пеніцыліну. Але праблема ў тым, што распрацоўка новых лекаў — неверагодна дарагі працэс, і патэнцыйны прыбытак для фармаколагаў тут мізэрны. Эканамічна неабгрунтавана распрацоўваць дарагія новыя лекі, тым больш што ўжо праз некалькі гадоў яны могуць стаць бескарыснымі.

Калі фармаколагі ўсё ж выпускаюць новы антыбіётык, яны не толькі не прадухіляюць, але і заахвочваюць да яго празмернага ўжывання. Гэта робіцца, каб «адбіць» тыя велізарныя сродкі, якія былі выдаткаваныя на распрацоўку, таму што праз некалькі гадоў бактэрыі выпрацуюць рэзістэнтнасць (устойлівасць) да гэтага антыбіётыка, і ён стане неэфектыўным. Утвараецца замкнёнае кола, таму што якраз празмернае ўжыванне антыбіётыкаў і правакуе гэтую рэзістэнтнасць.

Спецыялісты адзначаюць, што ўжо сёння некаторыя хваробы, з якімі раней без праблем спраўляліся антыбіётыкі, становяцца невылечнымі. Напрыклад, раней можна было адносна проста вылечыць ганарэю, але з’явіліся новыя віды гэтай хваробы, дзе антыбіётыкі бездапаможныя.

Навукоўцы асцерагаюцца, што мы можам у выніку прыйсці да «постантыбіятычнага свету». Свету, у якім эпідэміі зноў будуць забіваць цэлыя гарады, а любыя, нават самыя простыя хірургічныя аперацыі, стануць смяротна небяспечнымі.

Што варта рабіць?

Але не трэба панікаваць. Праблема даўно вядомая ў навуковым асяроддзі, таму як навукоўцы, так і міжнародныя арганізацыі прымаюць меры, каб яе вырашыць. У 2014 годзе Сусветная арганізацыя аховы здароўя прыняла спецыяльны план дзеянняў, у якім падрабязна апісана, як на ўзроўні дзяржаў трэба змагацца з рэзістэнтнасцю.

Чакаецца, што значна зменшыцца спажыванне антыбіётыкаў у сельскай гаспадарцы. Медыцынскія работнікі і фармацэўты павінны ўзмацніць сістэму прафілактыкі інфекцый, прызначаць антыбіётыкі толькі ў выпадку неабходнасці і строга рэгуляваць распаўсюджванне лекаў.

Але кожны можа ўнесці і свой асабісты ўклад у барацьбу з рэзістэнтнасцю. Варта кіравацца толькі некалькімі простымі правіламі.

  1. Выкарыстоўвайце толькі тыя антыбіётыкі, якія вам прызначае лекар. Памятайце, што антыбіётыкі могуць Вам дапамагчы толькі ў барацьбе з бактэрыяльнымі інфекцыямі. Вірусы антыбіётыкаў не баяцца.

  2. Трымайцеся прадпісанага поўнага рэжыму ўжывання антыбіётыкаў. Нават калі ваш стан здароўя паляпшаецца — не спыняйце курс лячэння.

  3. Не аддавайце антыбіётыкі трэцім асобам.

  4. Выконвайце базавыя правілы гігіены. Нават звычайнае мыццё рук прадухіляе рэзістэнтнасць і спыняе распаўсюд шкодных бактэрый.

Максім Маханькоў

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура