Навукоўцы з Каліфарнійскага ўніверсітэта ў Дэвісе высветлілі, што злучэнні чацвярцічнага амонію, якія маюць дэзынфікуючыя ўласцівасці, запавольваюць працу мітахондрый, таму вытворчасць энергіі ў клетках скарачаецца. Даследаванне было апублікаванае ў часопісе Environmental Health Perspectives.
Крышталі амонію. Фота Flickr
Злучэнні чацвярцічнага амонію выкарыстоўваюцца ў вытворчасці зубных паст, сродкаў для паласкання рота, кропель для вачэй, шампуняў, ласьёнаў і іншых бытавых хімікатаў. Гэтае рэчыва шырока ўжывалася ў якасці антысептыку пачынаючы з 1940-х гадоў і выцесніла з рынку іншае супрацьгрыбковае і бактэрыцыднае злучэнне — трыклазан.
Па словах аўтараў працы, дзеянне злучэнняў чацвярцічнага амонію выклікае неспакой, таму што ўплыў іншых рэчываў на мітахондрыі, напрыклад, пестыцыду ратэнону, павышае рызыку хваробы Паркінсана. Цалкам магчыма, лічаць яны, што і даследаванае хімічнае рэчыва можа негатыўна ўздзейнічаць на арганізм чалавека.
Таксама было заўважана, што пры тых жа канцэнтрацыях чацвярцічнага амонію ў клетках запавольваліся не толькі функцыі мітахондрый, але і актывацыя гармона эстрагену, адказнага за рэпрадуктыўную функцыю ў жанчын.
Раней навукоўцы высветлілі, што тое ж рэчыва ўплывае на рэпрадуктыўную функцыю мышэй, а таксама знайшлі сувязь паміж чацвярцічным амоніем і праблемамі развіцця нервовай сістэмы грызуноў.