Праект партала
Рост
06.01.2018 / 13:36
Дадайце ў выходныя сапраўднай зімовай атмасферы! Топ-5 калядных кніг2

Калі святочная мітусня ўжо надакучыла, а зімовае надвор’е за акном не радуе, знайдзіце вольную хвіліну, вазьміце ў рукі кнігу і хаця б ненадоўга забудзьце пра ўсе свае справы і праблемы.

Ніжэй — калядны кніжны топ, у якім сабраныя абсалютна розныя творы: як дзіцячыя, так і дарослыя, як фантастычныя, так і вельмі жыццёвыя. Прыемнага чытання!

Свэн Нурдквіст «Калядная каша»

«Набліжаліся Каляды. Увесь падворак быў зацярушаны чыстым белым снегам. Вечарэла. З вокнаў кухні ды гасцёўні лілося цёплае святло. Там, у хаце, накрывалі святочны калядны стол. Хутка ўсе збяруцца разам».

Пакуль шведы накрываюць на стол у сваіх вялікіх дамах, побач з імі мітусяцца маленькія, амаль нябачныя чалавечкі, якія таксама рыхтуюцца да святаў. Гэта гномы, яны дапамагаюць людзям і чакаюць ад іх свае калядныя пачастункі. Але часам людзі забываюць пра сапраўдных памочнікаў і пакідаюць гномаў без галоўнай стравы святочнага стала — каляднай кашы з маслам. І дарэмна, бо тады чакай бяды!

Дзіцячы казачнік Свэн Нурдквіст паказвае нам, як важна шанаваць традыцыі.

Чарлз Дыкенс «Калядны харал»

«Ох ужо гэты Скрудж! Ён быў сапраўдным скнарам, выціскаў з людзей усе сокі, адбіраў апошняе, абдзіраў як ліпку, не пакідаў ні на семя ні на емя, абскубаў з галавы да пят, аблупліваў да жывога! Ох ужо гэты стары грэшнік! Ён быў цвёрды і востры, як крэмень, з якога ніколі не высякалі хаця б іскрынкі шчодрага агню, ён быў скрытны, і самотны, і замкнёны, як рак-пустэльнік».

Магчыма, самая вядомая калядная гісторыя, напісаная яшчэ ў 1843 годзе, але яна дагэтуль не страчвае сваёй папулярнасці і актуальнасці.

Той яшчэ скнара Скрудж нікога і нічога ў гэтым жыцці не любіць больш за грошы. Ён эканоміць на ўсім і хоча зарабіць усе грошы ў свеце. Аднойчы ў яго дома з’яўляецца былы кампаньён Марлі. Гісторыя не была б такой незвычайнай, калі б Марлі не памёр сем гадоў таму. Цяпер ён прыйшоў у выглядзе духа і хоча дапамагчы Скруджу зірнуць на мінулае і пераасэнсаваць жыццё.

Калі адчуваеце, што недзе ў вас жыве такі самы Скрудж, то прачытайце гэтую кнігу. Яна не прымушае мяняцца і не ставіць ультыматумаў, а толькі дапамагае зрабіць правільны выбар.

Змітрок Бядуля «На Каляды к сыну»

«Як зышла з маляваных сходаў, як апынулася на шумным тратуары каля варот, яна сама не памятала… Ачухалася толькі тады, калі той самы лёкай яшчэ раз выйшаў да яе і торкнуў ёй у скурчаныя ад холаду пальцы нейкія бумажкі…

— Ад пана!..

Яна нават не чула, як з яе акалелых пальцаў выпаў гасцінец роднага, доўгажаданага сына. Некалькі трохрублёвых прыліплі да макраватага тратуара…»

Апавяданне Бядулі, у якім не варта чакаць добры фінал, бо на Каляды здараюцца не толькі вясёлыя і пазітыўныя гісторыі.

Старая ўдава палясоўшчыка Тэкля на Каляды выпраўляецца ў горад, у госці да сына Лаўрука, які даўно замацаваўся там на важнай пасадзе, пакуль яго маці дажывае свае дні ў старой хаціне. Ці можна асуджаць духоўнае адчужэнне сына, якога яшчэ ў дзяцінстве забраў да сябе пан і вырасціў па-панску? Запанеў Лаўрук, забыў родных бацькоў…

Зімовыя святы ў тым ліку і сямейныя, таму варта памятаць, што «Трэба дома бываць часцей». Пажадана, не толькі ў святы.

Эва Суса «Снежны чалавек у Мінску»

Фота halijafy.by.

«— ЕЦІН ПЛЕЦІН ПЛАК! — ветліва сказаў Снежны чалавек і, раскідаючы снег, падняўся з сумёта».

Дзіцячая кніга шведскай пісьменніцы Эвы Сусы стварае ўтульную зімовую атмасферу, пасля чытання хочацца бегчы на вуліцу ляпіць снегавікоў (шкада, пакуль няма з чаго). А потым разам са Снежным чалавекам піць яго любімы кісель у парку Горкага. Бо Каляды — гэта час, калі магчымыя любыя цуды.

Уладзімір Караткевіч «Калядная рапсодыя»

«Божа мой, гэта ж якраз заўтра Каляды!.. І вакол Палессе. Маё Палессе. Не Брэстчына, не лясістыя, лістоўныя ўзгоркі Мазыршчыны. Маё. А я ж сто год не быў на радзіме. І вось ужо хутка мой паўстанак. Палову хвіліны стаянкі. Потым удараць у пазелянелы медны звон, і цягнік кіне мяне на рэйках.

А там яшчэ дваццаць вёрст — і вось мае маленькія Ласевічы, загубленыя сярод бясконцых лясоў, дрэмлючыя ў снягах пад начную пераклічку ваўкоў у палях і сабак у сяле…»

Крыху сумная гісторыя маладога інжынера Міколы Ласевіча, які яшчэ ў часе навучання ва ўніверсітэце зразумеў, што абраў памылковую прафесію, якая не прынясе яму шчасця ў жыцці. Каб кампенсаваць гэта, ён стаў у вольны час рабіць тое, да чаго ляжала душа: збіраць на Палессі народныя песні. У творы герой крыху пагардліва апісвае калядны стол у доме сябра-архітэктара, зроблены ў псеўдафальклорным стылі, падрабязна распісваючы, як святкаванне Калядаў адбываецца ў гарадскіх жыхароў.

Гісторыя кахання (няхай і не самага шчаслівага) на фоне Калядаў і каштоўныя этнаграфічныя замалёўкі — усё гэта музычна-рамантычнае апавяданне Караткевіча «Калядная рапсодыя».

Наста Карнацкая

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура