Праект партала
Рост
26.01.2018 / 12:22
Луцэнка, Антаноўская, Яўнцемене: топ-15 паспяховых жанчын у беларускім бізнэсе16

Часопіс «Ежедневнік» склаў топ-15 паспяховых жанчын у беларускім бізнэсе па выніках 2017 года.

Рэйтынг узначаліла саўласніца Групы кампаній «Садружнасць» Наталля Луцэнка, якая некалі пачынала сваю справу ў Беларусі, а цяпер разам з сям'ёй кантралюе аднаго з найбуйнейшых вытворцаў кармоў у Еўропе.

1. Наталля Луцэнка, саўласніца Групы кампаній «Садружнасць»

Грамадзянка Беларусі Наталля Луцэнка разам са сваім мужам Аляксандрам Луцэнкам валодаюць 90% доляй у Групе кампаній «Садружнасць» — міжнародным холдынгу па вытворчасці і дыстрыбуцыі кармоў для жывёлагадоўлі са штаб-кватэрай у Люксембургу.

Галоўныя вытворчыя магутнасці «Садружнасці» знаходзяцца ў Калінінградскай вобласці, але з пачатку 2010-х гадоў група актыўна інвестуе ў Беларусь, дзе на пачатку 1990-х стартаваў гэты бізнэс. У 2014-м годзе ў Смаргоні быў запушчаны ў эксплуатацыю найбуйнейшы ў краіне агралагістычны тэрмінал, а з 2016 года даччыная кампанія холдынгу «Белагратэрмінал» як рэзідэнт СЭЗ «Гроднаінвест» будуе там жа алееперапрацоўчы завод (па перапрацоўцы насення рапсу і соі).

Расійская франшыза часопіса Forbes летась у чарговы раз уключыла Наталлю Луцэнка ў топ-10 самых багатых расіянак. Яна заняла ў ім 8-е месца, а яе багацце ацэнена ў 400 млн даляраў.

Яе муж заняў у спісе самых багатых бізнэсоўцаў Расіі, складзеным Forbes, 131-е месца з капіталам 800 млн даляраў. У Аляксандра Луцэнкі таксама ёсць беларускі пашпарт і як адзін з самых паспяховых і ўплывовых беларускіх бізнэсмэнаў па версіі «Ежедневніка» ён знаходзіцца на 6-м радку.

2. Людміла Антаноўская, уладальніца Групы кампаній Polimaster

Фота probusiness.io.

Уладальніца 94% долі ў групе «Полімайстар» з'яўляецца архітэктаркай па адукацыі. Узначаліць гэты бізнэс у 2006 годзе яе прымусіла трагічная акалічнасць — смерць бацькі. Людміла Антаноўская на працягу ўжо амаль 13 гадоў паспяхова спраўляецца з кіраўніцтвам адным з найбуйнейшых у свеце распрацоўшчыкаў і вытворцаў абсталявання для радыяцыйнага кантролю.

Летась «Полімайстар», пашыраючы гарызонты прымянення сваіх спецсродкаў, быў актыўны ў ваенна-прамысловым кірунку. У Мінску пабывалі прадстаўнікі войскаў хімічнай абароны ААЭ, «Полімайстар» стаў адным з 140 экспанентаў на мінскай выставе ваенна-прамысловых дасягненняў MILEX.

Людміла Антаноўская ў 2017 годзе стала адной з ініцыятарак стварэння асацыяцыі «Інавацыйнае прыборабудаванне», у якую ўвайшлі «Полімайстар» і найбуйнейшыя прыватныя прыборабудаўнічыя кампаніі Беларусі.

3. Алма Яўнцемене, саўласніца «Суседзяў», «Піцы Тэмпа», «Васількоў», «Сушы Вёслы»

Фота probusiness.io.

У 2017 годзе адна з шасці ўласнікаў гандлёва-рэстараннага холдынгу (дыстрыбутар «Сціма», крамы «Суседзі», сеткі «Піца Тэмпа», «Васількі» і «Сушы Вёслы») упершыню была ўключана ў топ-500 найбагацейшых бізнэсменаў Літвы. Алма Яўнцемене — грамадзянка Літвы, але, па некаторай інфармацыі, мае пасведчанне на права жыхарства ў Беларусі і праводзіць тут досыць шмат часу. Літоўскі часопіс TOP ацаніў яе багацце ў 20 млн еўра, што адпавядае 170 месцу.

4. Святлана Беразоўская, саўладальніца «Дамашніх» і ўніверсама «Цэнтральны»

Святлана Беразоўская стаяла ля вытокаў аднаго з найбуйнейшых дыстрыбутараў прадуктаў харчавання «НП-Сэрвіс», якім валодае на парытэтных пачатках са сваім мужам Іванам Беразоўскім.

З сярэдзіны 2010-х гадоў іх холдынг, таксама актыўна інвеставаўшы ў нерухомасць, выйшаў у новую нішу — адкрыў сетку крам каля дома «Дамашніх», а таксама выкупіў універсам «Цэнтральны». Брэнд «Цэнтральны» павінен быў распаўсюдзіцца на некаторыя гандлёвыя аб'екты ў іншых гарадах краіны. Але ўжо ў пачатку 2018-га года стала вядома, што да ўладальнікаў бізнэсу прад'явілі прэтэнзіі падатковыя органы і ў дачыненні да іх распачата справа. Пара Беразоўскіх у гэты час знаходзілася ў Лондане.

5. Святлана Сіпарава, саўладальніца Групы кампаній Mark Formelle

Фота probusiness.io.

Mark Formelle, якім яна валодае на роўных з мужам Андрэем Серыкавым, летась стаў пастаўшчыком навін для fashion-свету постсавецкай прасторы.

За рэкламу з мужчынамі, якія шыюць бялізну, кампанію абвінавацілі ў сэксізме. Mark Formelle наняў новага крэатыўнага дырэктара, італьянца Лучана Парызе, які стварае для яе калекцыю ў стылі унісэкс.

Андрэй Серыкаў у мінулым годзе ўвайшоў у абноўленую Раду па развіцці прадпрымальніцтва.

6. Ксенія Шураўка, саўладальніца Onliner.by

Фота citidog.by.

Анлайн-агрэгатар Onliner.by, у якім пасля разводу Ксеніі Шураўка адышла кантрольная доля, уваходзіць у топ-10 самых наведвальных інтэрнэт-рэсурсаў байнэту.

Уладальніца бізнэсу, якая жыве на дзве краіны (Беларусь і Вялікабрытанію), працягвае паспяхова манетызаваць гэтую папулярнасць рэсурсу.

7. Алена Шыгалава, уладальніца кантрольнага пакета Гандлёвага дома «Ждановічы»

Пасля смерці свайго мужа ў 2014 годзе яна атрымала ў спадчыну кантрольны пакет (67,55%) у самым буйным у краіне гандлёвым комплексе — «Гандлёвы дом «Ждановічы».

Бізнэсам кіруюць яе дзеці, якія ў апошнія гады займаюцца рэарганізацыяй кампаніі.

8. Таццяна Кальцова, саўладальніца будаўнічых гіпермаркетаў Mile

У 2017 годзе кампанія «Астомбуд», кантраляваная Таццянай Кальцовай і яе сям'ёй, адкрыла найбуйнейшы будаўнічы гіпермаркет Mile у сваёй сетцы. Ён размясціўся ў мікрараёне Каменная Горка. Гэта чацвёрты аб'ект у Мінску, яшчэ адзін працуе ў Брэсце.

З 1 студзеня 2018 года праз рэканструкцыю «Аквабел» спыніў працу «Навасёлкін» на Лагойскім тракце — першы будаўнічы гіпермаркет, з якога пачынаўся бізнэс сям'і Кальцова. Гаспадар бізнэсу плануе адкрыць праз дарогу новы Mile.

9. Святлана Памалейка, саўладальніца Групы кампаній «Каштан»

Святлана Памалейка з мужам і сынам валодае адным з найбуйнейшых на постсавецкай прасторы вытворцаў пластыкавай упакоўкі — Групай кампаній «Каштан». Магутнасці знаходзяцца ў Гомелі, а дыстрыбуцыйныя структуры ў СНД — ад Мінска да Омска.

Яе сын Кірыл — вядомы ў Гомелі рэстаратар. Яму належыць Burger Loft. Летась Кірыл Памалейка апынуўся ў цэнтры ўвагі ў сувязі з замовай лагатыпа для новага праекта (сеткі бургерных фуд-тракаў «Джон Фёдар») у вядомай студыі Арцемія Лебедзева. Праект масквіча, мякка кажучы, бізнэсоўцу не спадабаўся.

10. Вера Рашэціна, саўладальніца CactusSoft

Фота facebook.com

У 2006 годзе яна стварыла і ўзначаліла IT-кампанію CactusSoft, галаўны офіс якой знаходзіцца ў бельгійскім Генце, а цэнтр распрацоўкі праграмнага забеспячэння ў Мінску.

CactusSoft уваходзіць у Парк высокіх тэхналогій, сярод яе кліентаў — замоўцы з Еўропы і ЗША.

Партнёрам Веры Рашэцінай па бізнэсе з'яўляецца яе муж Андрэй.

11. Ірына Кенгерлі, саўладальніца сеткі «Зялёная аптэка»

Сямейны аптова-рознічны бізнэс па гандлі БАДамі, створаны ёю ў пачатку 1990-х гадоў, налічвае больш за 100 аптэк. Яны працуюць пад брэндам «Зялёная аптэка», большасць гандлёвых месцаў (больш за 60) размешчана ў Мінску.

Кіруе бізнэсам яе дачка Ругія.

Чытайце таксама:
Ругія Кенгерлі, якая кіруе сотняй аптэк: «Мяне ўзялі прыбіраць і прыносіць каву»

12. Таццяна Крапчук, саўладальніца «Таёта Цэнтр Мінск»

Мінулы год аказаўся не вельмі паспяховым для саўладальніцы вядомага аўтадылера.

Брэнд Toyota пры істотным росце рынка страціў у дзясятцы самых прадаваных новых аўтамабіляў некалькі пазіцый і заняў дзявятае месца. У 2017 годзе было рэалізавана 820 адзінак, у 2016 годзе гэты паказчык быў вышэйшы — 1261 аўтамабіль.

13. Марыя Пракаповіч, уладальніца мінарытарнай долі ў Гандлёвым доме «Ждановічы»

Ёй належыць астатняя доля (32,45%) у найбуйнейшым у краіне гандлёвым комплексе — «Гандлёвы дом «Ждановічы».

Актыў дастаўся Марыі Пракаповіч пасля смерці аднаго з заснавальнікаў гэтага бізнэсу Міхаіла Пракаповіча. Бізнэсмен пайшоў з жыцця ў канцы 2016 года.

14. Алена Скрыпель, саўладальніца сеткі Helen&Valery

Фота sportedu.by.

У апошнія гады кіраваць бізнэсам — сеткай магазінаў бяспошліннага гандлю — ёй даводзіцца ва ўмовах, якія пастаянна змяняюцца.

Спачатку ў гэты сегмент увайшлі Прэзідэнцкі спартыўны клуб з «Белмытнясэрвіс» («МаркетЛіга»), а ў 2016 годзе змяніўся ўласнік адной з найбуйнейшых сетак крамаў duty free «Беламаркет Д'юці Фры». Украінскі бізнэсмен з беларускім пашпартам Артур Гранц выкупіў у аператара долю расіяніна Аляксандра Пацёмкіна.

15. Таццяна Санчук, уладальніца Выдавецкага дома «Талака»

Нягледзячы на павальную інтэрнэтызацыю СМІ, друкаваная прадукцыя выдавецкага холдынгу Таццяны Санчук запатрабавана на рынку. І не толькі Беларусі, дзе паспяхова прадаюцца разнастайныя часопісы для хатніх гаспадынь, але і ў Расіі, Украіне, краінах Балтыі.

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура