Праект партала
Тое-сёе
16.02.2018 / 15:42
Новы лідар у фрыстайле — алімпійскі чэмпіён Ганна Гуськова ФОТЫ9

На Алімпіяду ў Пхенчхан жаночая каманда Беларусі па фрыстайле паехала з новым лідарам — Ганнай Гуськовай, якая сёння выйграла залаты медаль.

25-гадовая спартсменка праводзіць алімпійскі сезон магутней за Алу Цупер, якая пасля трохгадовай паўзы вярнулася ў вялікі спорт. Пераможца Сочы-2014 пакуль выглядае цёмным конікам: нешта можа, але што менавіта — незразумела. Найлепшае дасягненне Алы пасля камбэку — пятае месца на этапе Кубка свету ў Маскве.

Гуськова, наадварот, праводзіць самы паспяховы сезон у кар'еры.

У Кітаі яна атрымала першую перамогу на этапах Кубка свету, а ў ЗША выйграла «срэбра». У генеральнай класіфікацыі дзяўчына заняла рэкорднае для сябе другое месца, крыху саступіўшы кітаянцы Сюй Мэнтаа.

Фрыстайлам Ганна Гуськова пачала займацца ў сем гадоў. Такі экстрэмальны від спорту выбралі для яе бацькі. Лыжная акрабатыка настолькі захапіла дзяўчынку, што дзіцячыя мары стаць фатографам ці журналістам адышлі на другі план.

Зрэшты, паспрабаваць сябе ў ролі каментатара Ганне аднойчы ўдалося: на этапе Кубка свету ў «Раўбічах» яна дапамагала Дарыне Запольскай весці рэпартаж для канала «Беларусь-1». 

На Кубку Еўропы Гуськова дэбютавала ў 15 гадоў, на Кубку свету — у 17. Першы сур'ёзны поспех у кар'еры здарыўся ў 2012 годзе — «срэбра» на юніёрскім чэмпіянаце свету.

Амаль увесь мінулы сезон Ганна прапусціла з-за траўмы. На трэніроўцы дзяўчына няўдала прызямлілася і пашкодзіла меніск — прыйшлося класціся на аперацыю. Гэта быў не першы раз, калі праблемы са здароўем перашкаджалі фрыстайлістцы: некалькі гадоў таму яна легла пад нож з-за разрыву пярэдняй крыжападобнай звязкі калена.

Алімпіяда ў Сочы стала для Гуськовай дэбютнай і склалася вельмі няўдала. З-за падзення барацьбу за ўзнагароды Ганна спыніла яшчэ на стадыі кваліфікацыі. У Пхенчхане ад новага лідара зборнай Беларусі чакаюць медалёў не толькі на радзіме.

Напрыклад, амерыканскае агенцтва навінаў The Associated Press прагназуе беларусцы «срэбра».

Спартыўнай форме Ганны пазайздросцяць многія мужчыны. За 15 секунд яна здольная падцягнуцца 10—11 раз. Зрабіць гэта з дадатковай вагой (блін 5—10 кг) для яе таксама не праблема

Татуіроўкі — вялікая страсць Гуськовай. Левую руку дзяўчыны ўпрыгожвае аб'ёмная кветка, на правай суседнічаюць драпежная пума з іншай кветкай. На ключыцы ў Ганны набіты яе жыццёвы дэвіз — Provehito in Altum, што з латыні перакладаецца як «імкніся ўвышыню».

— Дэвіз не толькі пра фрыстайл, хоць блізкі гэтаму віду спорту. Ва ўсім па жыцці трэба імкнуцца ўгару — у толькі наверх і ніякіх падзенняў, — тлумачыць спартсменка.

Першае тату з'явілася ў Гуськовай ў 17 гадоў. Бацькі на гэта адрэагавалі па-рознаму. Бацька, у якога рукі таксама «забітыя», спакойна, рэакцыя маці была радыкальнай: яна размалявала сабе рукі шарыкавай ручкай, каб паказаць Ганне, як татуіроўка будзе выглядаць у 40 гадоў. Ніякага ўражання на дзяўчыну перформанс маці не зрабіў.

Яшчэ адно захапленне лыжнай акрабаткі — шыццё. У Ганны нават ёсць свая швейная машынка, але з-за шчыльнага графіка трэніровак і спаборніцтваў практыкавацца ў стварэнні адзення ў Гуськовай няма часу. Сур'ёзна заняцца дызайнам дзяўчына плануе пасля заканчэння спартовай кар'еры.

Сочым за Алімпіядай разам з Букмекерскай канторай Марафон.

Tribuna.com

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура