Беларускія біятланісткі ў неймаверным стылі атрымалі перамогу ў эстафеце на Алімпіядзе ў карэйскім Пхёнчхане. Ніхто не праваліўся на сваім этапе, а Дынара Алімбекава, якая выклікала найбольшы непакой, выступіла вышэй за ўсякія чаканні.
Мы ведаем Надзею Скардзіна, Ірыну Крыўко, Дынару Алімбекаву і Дар’ю Домрачаву як выдатных спартсменак, а хто яны ў жыцці? У гэтым артыкуле гаворым пра алімпійскіх чэмпіёнак з чалавечага гледзішча.
Надзя родам з Пецярбурга, але ўжо даўно жыве ў Беларусі. «Я і руская, і беларуска, — кажа Надзея. — У Беларусі людзі нейкія дабрэйшыя. Гэта я заўважыла, калі прыехала ў Піцер і зайшла там у метро. Усе нейкія злыя, засяроджаныя. Беларусы больш разняволеныя».
Вырасла Скардзіна ў шматдзетнай сям’і: у яе ёсць два браты і чатыры сястры. Надзея дапамагае родным, чым можа.
Беларуская біятланістка адна з самых трапных у свеце. Гэта пры тым, што яна мае праблемы з вачыма — астыгматызм. «Хвароба ўзнікла, бо я часта страляла», — кажа Надзя. Дзяўчына зрабіла аперацыю, але медыкі не могуць абяцаць, што хвароба не вернецца.
Рост Надзеі ўсяго 160 сантыметраў — гэта адна з самых мініяцюрных біятланістак. На Алімпіядзе ў Сочы Надзея ўжо брала бронзу ў індывідуальнай гонцы, цяпер будзе мець і залаты алімпійскі медаль.
Што тычыцца асабістага жыцця, то Скардзіна пакуль незамужняя.
Дзяўчыне 26 гадоў, яна родам з Сянна, невялікага райцэнтра на Віцебшчыне. Іра кажа, што пайшла ў спорт праз няшчасце: згарэў дом. І сям’я пераехала ў інтэрнат, які знаходзіцца побач з трэніровачнай базай. «Калі б дом не згарэў, то наўрад ці б пайшла ў біятлон, бо са старога месца хадзіць на трэніроўкі трэба было праз могілкі», — кажа Крыўко.
Сям’я Ірына зусім не багатая. Мама працуе памочніцай выхавацелькі ў дзіцячым садку, а бацька даўно сышоў з сям'і. Маці Крыўко прызнавалася, што калі дзеці пайшлі ў біятлон, то ёй стала значна прасцей: шмат што ўзяла на сябе дзяржава. Брат Ірыны — Віктар — таксама біятланіст, але такіх поспехаў не дасягнуў.
Летась у снежні Ірына прызналася, што ёй зрабілі прапанову і цяпер яна ходзіць з пярсцёнкам. Яе абраннік — сэрвісмен нацыянальнай зборнай, то бок пара заўсёды побач. У той самы месяц яна ўпершыню паднялася на п’едэстал этапа Кубка свету, узяўшы срэбра ў масстарце.
Самая маладая ўдзельніца нашай каманды — Дынары ўсяго толькі 22 гады. Бацька ў Дынары казахстанец, і дзяўчынка сама нарадзілася ў Карагандзе. Мама — расіянка. Калі Дынары было тры гады, сям’я пераехала ў Беларусь, у райцэнтр Чавусы на Магілёўшчыне. Мама там працуе бухгалтарам, з бацькам дзяўчыны яна разышлася. Яшчэ ёсць брат.
Пасля гэтага ў Казахстане Дынара была ўсяго толькі адзін раз — у сем гадоў. Выступаць за казахскую зборную дзяўчына ніколі не марыла. «Мяне ўсё задавальняе ў Беларусі». У біятлон трапіла, калі было 11 гадоў. На той момант Алімбекава ўжо займалася харэаграфіяй і фартэпіяна. Плакала і прасіла маму, каб адпусціла займацца спортам. Удалося ўгаварыць.
У камандзе Дынару па-добраму называюць Дыназаўрыкам — гэта ад яе імя. «Але я зусім не крыважэрная. Наадварот, добрая. Часам нават празмерна добрая».
Першая і пакуль адзіная жанчына, якая атрымала ганаровае званне Героя Беларусі. Гэта адбылося пасля таго, як Дар’я заваявала адразу тры залатыя медалі на Алімпіядзе ў Сочы. Пасля золата Пхёнчхана ў Домрачавай стала агулам чатыры ўзнагароды найвышэйшай пробы. Такім чынам, Дар’я — самая тытулаваная біятланістка у гісторыі Алімпіяд.
Дар'я нарадзілася ў Мінску, але выхоўвалася ў расійскай Нягані Цюменскай вобласці. Калі развальваўся Саюз, бацька Дашы Уладзімір пераехаў у Сібір працаваць архітэктарам. Потым па яго ініцыятыве туды запрасілі і маму Ларысу, якая стала галоўным архітэктарам Нягані. У 2004 маці з’ехала спачатку ў Маскву, а потым у Беларусь. Бацька затрымаўся… Ён так і памёр у Нягані ва ўзросце 54 гадоў, не вытрымала сэрца. Пахавалі яго ў Міхнавічах пад Мінскам.
Наконт абрання краіны, за якую збіралася выступаць Домрачава, сумневаў не было. Яна заўжды хацела прадстаўляць толькі Беларусь. У Дар’і атрымалася фантастычная спартыўная кар’ера, яна мае і алімпійскія залатыя медалі, і чэмпіёнствы свету, і перамогу ў Кубку свету.
Асабістае жыццё Домрачавай не таямніца. Яна замужам за каралём біятлона, вялікім нарвежцам Уле-Эйнарам Б’ёрндаленам.
Пара жыве ў Аўстрыі, будуе катэдж пад Мінскам. У Дар’і і Уле ёсць дачка Ксенія. Падчас Алімпіяды яна заставалася з бабуляй у Мінску. Менавіта муж быў першым, хто пабег віншаваць Домрачаву з чарговым медалём.
Цяпер для Домрачавай будзе вырашальны момант: вызначыць, ці завяршаць кар’еру, ці працягваць далей.
Зміцер Панкавец