У сакавіцкім нумары часопіса Women Church World — дадатку да афіцыйнага весніка Ватыкана L'Osservatore Romano — выйшлі матэрыялы, якія рэзка крытыкуюць становішча жанчын у царкве. Іх напісалі манашкі.
Сястра Марыя піша: «Адны [манашкі] прыслужваюць у дамах біскупаў або кардыналаў, іншыя гатуюць ежу ў царкоўных установах або вядуць урокі. Некаторыя, каб абслужыць мужчын-царкоўнікаў, прачынаюцца з цёмнага рана, гатуюць сняданак і не кладуцца спаць, пакуль не будзе гатова вячэра, вымыта падлога, памыта і выпрасавана бялізна». Пры гэтым «рэдка, калі іх клічуць за агульны стол».
«За ўсім гэтым стаіць злашчасная думка пра тое, што мужчыны больш годныя за жанчын, і што святары ў царкве — усё, а сёстры — нішто», — адзначае манашка. Паводле яе слоў, многія дзяўчаты — з бедных сем'яў, з Афрыкі, Азіі ці Лацінскай Амерыкі — «адчуваюць сябе ў даўгу і залежнасці» і таму маўчаць пра ўмовы працы.
Змест артыкула — не сенсацыя, але ўпершыню пра стаўленне да жанчын як да «бяспраўных рабынь» загаварылі на старонках афіцыйнага часопіса Ватыкана, дзе публікуюцца папскія ўказы і казанні. «Да гэтага часу ні ў кога не хапала смеласці заявіць пра гэтыя рэчы», — кажа галоўны рэдактар дадатку Лючэта Скарафія, каталіцкая феміністка і выкладчыца гісторыі ў рымскім універсітэце Сапіенца. «У царкве жанчын выкарыстоўваюць», — дадае яна.
Лючэтта Скарафія.
Штомесячнае выданне Women Church World таксама жыве за кошт бясплатнай працы. Калі аўтары артыкулаў яшчэ атрымліваюць ганарары, то восем штатных супрацоўнікаў, уключаючы галоўнага рэдактара, працуюць добраахвотна. Часопіс выходзіць на італьянскай, іспанскай, французскай і англійскай, і распаўсюджваецца бясплатна. Увесь сакавіцкі выпуск прысвечаны жанчынам на працы і збольшага паўтарае ідэі руху #metoo. У нумары абмяркоўваецца гендэрны разрыў у аплаце працы, хатні гвалт і тое, што на кіруючых пасадах мала жанчын.
Папа Рымскі Францыск падчас нядаўняй паездкі ў Перу падкрэсліў, што забойствы жанчын і гвалт над імі ператварылі яго родны кантынент ў адно з самых небяспечных месцаў для жанчын на планеце. У прадмове да зборніка, які нядаўна выйшаў, прысвечанага гендэрным пытанням, ён прызнаў, што праца жанчын ў царкве — «часам хутчэй рабства, чым сапраўднае служэнне».