Ірына Каралькова з Горак цягам 17 год працавала прадпрымальніцай: прадавала абутак. А з 2000 да 2003 года нават рабіла ўласную дзіцячую газету на беларускай мове «Несцерка»: за гэты прамежак часу па ўсёй краіне чытачы змаглі патрымаць у руках амаль 50 нумароў яе выдання.
Ірына Грышчанка-Каралькова.
Некалькі нумароў выдання Ірыны, якія выходзілі па ўсёй краіне з 2000 па 2003 год.
У мінулым годзе яе бізнэс заглух. Працу ў Горках знайсці пакуль ніяк не атрымліваецца: нават сын працуе ў Польшчы, муж таксама спрабуе ўладкавацца за мяжой. Яна і сама падумвае пра падобны варыянт матэрыяльнага выжывання.
У дадзены момант жа бавіць час тым, што стварае скураныя і тканкавыя ўпрыгожванні, а яшчэ перарабляе старыя рэчы ў тэхніцы дэкупаж. Сваё мастацтва Ірына называе «утылізаваным». Яе рэчы з ахвотай бяруць на выстаўкі мясцовыя бібліятэкі.
Малая частка прац Ірыны: звычайна яна не паспявае нармальна іх сфатаграваваць.
Нядаўна Ірына ўпрыгожыла чамадан аднаму мясцоваму рок-музыку, дадаўшы на яго прынты з яго любімымі гуртамі. «Ведаеце, Высоцкага я люблю і сама, а гурт «Brutto» для мяне — адзін з сімвалаў беларускай свабоды», — расказвае Ірына.
Менавіта гэтыя чамаданы набралі шмат лайкаў у рэгіянальных сацыяльных сетках. Таму, калі камусьці трэба нешта да святкавання стагоддзя БНР, напрыклад, звяртайцеся, дамо кантакт. Тым больш Ірына і сама плануе быць 25-га ў сталіцы:
«Мы з мужам — пазнякоўцы. І стараемся кожнае 25 сакавіка быць у Мінску».
КК