Праект партала
Рост
21.04.2018 / 09:57
Топ-5 лёгкіх кніг па-беларуску, каб распачаць сезон чытання на свежым паветры3

Сённяшні топ-5 складаецца з вясёлых кніг, якія абавязкова ўздымуць вам настрой. Распачынайце сезон чытання на прыродзе (ці хаця б з адкрытай форткай) з нашай новай падборкай.

Сяргей Шапран «Беларускі гістарычны анекдот»

«Былы прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў, упершыню ўбачыўшы Святлану Алексіевіч, быў шчыра здзіўлены:

— Гэта ты, такая маленькая, такі-ія кнігі напісала?!

Пісьменніца знаходліва парыравала:

— Ну, вы таксама не гігант, а такую імперыю развалілі!».

У наш час ужо нямодна расказваць анекдоты, а фразу «гэта як у тым анекдоце» пачуеш хутчэй ад чалавека старога пакалення. Аднак гістарычны анекдот — рэч нашмат больш цікавая. Сяргей Шапран прарабіў велізарную працу: 15 гадоў збіраў цікавыя, кур’ёзныя, анекдатычныя сітуацыі з жыцця вядомых беларускіх (і не толькі) асоб.

Напрыклад, у кнізе шмат вясёлых гісторый пра Караткевіча і Барадуліна, бо гэтая парачка — яшчэ тыя жартаўнікі. Тут Барадулін адключае тэлефон, бо баіцца, што яго праслухоўваюць, а Быкаў дае Барадуліну тэлеграму, каб той уключыў тэлефон. Алексіевіч смела парыруе Гарбачову, а Скобла падлічыў, што беларуская літаратура столькі не праіснавала яшчэ, колькі ў турме прасядзела.

Няхай сапраўднасць некаторых гісторый выклікае сумневы, а ўсе ўдзельнікі пэўнай падзеі расказваюць пра яе па-рознаму, галоўнае, што чытанне падорыць вам добрыя эмоцыі.

Андрусь Горват «Радзіва «Прудок»»

«Дыялог у краме.

— Е ці не е?

— Е.

— Дай.

— На.

Калі ўвядуць падатак на літары, мы выжывем. Мы нават зэканоміць можам у ліхія часіны:

— Е?

— Е».

Андрусь Горват прамяняў жыццё ў сталіцы на глухі палескі куток і вёў адтуль прамыя тэкставыя рэпартажы на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, так званыя выпускі праграмы «радзіва Прудок». Таму свая аўдыторыя, якая складалася з прыхільнікаў у сацсетцы, была ў Горвата яшчэ да выхаду кнігі. Таксама ўрыўкі дзённіка публікаваліся на «Нашай Ніве».

А пасля з’явілася гэтая кніга. Гэта дзённік чалавека, які шукаў свой Космас і знайшоў яго не ў сталіцы, дзе ноччу і зорак не відаць, а менавіта ў вёсцы, дзе ты можаш спаць пад яблыняй, назіраючы за Вялікай Мядзведзіцай. Шчасце, калі ты знаходзіш сваё месца, якое можаш назваць домам. І, як кажа Горват: «Дома — гэта там, дзе ты нармальны».

Этгар Керэт «Сем добрых гадоў» (пераклад з іўрыту і ангельскай Сяргея Шупы)

«Але за некалькі апошніх месяцаў туман вакол пухлай ружовай будучыні нашага сына пачаў разьвейвацца. Магчыма, ён будзе малочнікам, бо інакш ягоная рэдкая здольнасьць прачынацца кожнай раніцай у 5.30 і абавязкова будзіць нас была б проста змарнаваная».

Першы прэзідэнт Ізраіля Хаім Вейцман нарадзіўся ў Беларусі, а яшчэ трэці (Залман Шазар) і дзявяты (Шымон Перэс). Іх імёны знаёмыя многім беларусам. А ці зможаце вы назваць, напрыклад, прадстаўнікоў сучаснай ізраільскай літаратуры? Этгар Керэт — адзін з іх, да таго ж перакладзены на беларускую мову.

Кніга «Сем добрых гадоў» аўтабіяграфічная, ахоплівае перыяд жыцця аўтара ад нараджэння сына да смерці бацькі. Складаецца з невялікіх раздзелаў, якія чытаюцца як асобныя апавяданні.

Сатыра ў кнізе не злая, Керэт тонка заўважае дэталі навакольнага асяроддзя і можа сабе дазволіць жартаваць, напрыклад, на тэму тэрарызму. Ну, а каму прыйдзе да галавы параўнаць гульню Angry Birds з дзеяннямі рэлігійных тэрарыстаў-фундаменталістаў?

Некаторыя гісторыі настолькі абсурдныя, што спачатку нават ім не верыш. Керэт піша пра ўсё: пры жыццё, пра свае польскія карані, пра трагічныя падзеі ў Ізраілі (вайна, бясконцыя бамбаванні), але ўсё гэта са здаровай доляй аптымізму. 

Віктар Жыбуль «Стапеліі»

«Маё жыццё -

рулон прыбіральнай паперы.

Здавалася б, доўгае, роўнае і чыстае.

Але нехта перыядычна

адрывае ад яго кавалкі,

смачна падціраецца

і бесцырымонна выкідвае іх

у сметніцу нябыту».

Вершы Віктара Жыбуля, прадстаўленыя ў кнізе, цікавыя і арыгінальныя. Гэта сучасная дынамічная паэзія (хоць некаторыя вершы ў кнізе датуюцца 1995 годам), якая развіваецца і актыўна ўзбагачаецца за кошт нетрывіяльных вынаходніцтваў аўтара. Паэзія багатая на ўзоры моцнай і яркай фантазіі.

Чытачу можа падавацца, што зборнік даволі змрочны, але ж Жыбуль проста іранізуе над жыццём, робіць змрочнае смешным. Пра гэта гаворыць нават назва зборніка: стапеліі — распаўсюджаныя ў хатнім садаводстве кветкі, якія маюць спецыфічны брыдкі пах, што прываблівае мух.

Свэн Нурдквіст «Фіндус з’язджае» (пераклад са шведскай Надзеі Кандрусевіч)

«Звычайныя людзі соладка спяць а чацвёртай раніцы. Але ў спальні Пэтсана быў хтосьці зусім незвычайны, і звалі яго коцік Фіндус».

Многія беларускія чытачы, як маленькія, так і вялікія, ужо даўно сталі прыхільнікамі прыгод дзеда Пэтсана і коціка Фіндуса, персанажаў шведскага дзіцячага пісьменніка і ілюстратара Свэна Нурдквіста. Магчыма, сярод вас яшчэ засталіся тыя, хто не патрапіў пад абаянне гэтай парачкі, таму тэрмінова трэба гэта выпраўляць.

Далёка Фіндус на самой справе не з'едзе. Проста ён вырашае, што стаў дарослым катом і хоча мець уласнае жыллё, каб больш не замінаць Пэтсану сваімі выкрутасамі. Пэтсан дапамагае кату пабудаваць домік, але нават не ўяўляе, наколькі моцна прывязаўся да маленькага шкадлівага гарэзы і яго выбрыкаў.

Кніга пра моц сяброўства і пра тое, як мы прывыкаем да асаблівасцей характару блізкіх людзей.

Наста Карнацкая, фота аўтаркі, getbg.net, chilango.com

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура