Праект партала
Гісторыі
20.06.2018 / 11:14
Настаўніца геаграфіі з Бабруйска папулярызуе беларускую мову праз інстаграм. А сама практыкуецца ў маўленні з катом!14

Бабруйчанка Дар’я Роскач працуе настаўніцай геаграфіі ў школе №25 свайго роднага горада. Школа хоць і рускамоўная, але дзяўчына імкнецца пераходзіць на беларускую ў любы магчымы момант. Вядзе па-беларуску яна і свае сацсеткі.

Дар'я Роскач.

Дар’я скончыла Беларускі педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка па спецыяльнасці «геаграфія і ахова прыроды». Па размеркаванні трапіла на працу ў Бабруйск. У педагагічную ВНУ дзяўчына ішла мэтанакіравана, і маці-інжынерка з бацькам-электрыкам яе выбару не пярэчылі.

«Кніжкі па геаграфіі хоць і надрукаваныя па-руску, але я прапаноўваю на добраахвотнай аснове адказваць па-беларуску. За гэта дзеці могуць атрымаць бонусы. Калі праходзім геаграфію Беларусі, магу расказваць матэрыял на роднай мове. Ці калі гаворка ідзе пра нешта з нашай краінай звязанае: напрыклад, пра гару Касцюшкі ў Аўстраліі, якая была названая ў гонар Тадэвуша Касцюшкі», — расказвае Дар’я.

Настаўніца лічыць, што большасць дзяцей не разумее, навошта ім беларуская і якім чынам мова спатрэбіцца ім у будучыні, таму і адносіны да яе пагардлівыя. «Няма прыкладу цікаўнасці да беларускай з боку дзяржавы», — дадае Дар’я. Але ў большай ступені, упэўненая яна, сітуацыя залежыць ад выхавання ў сям’і:

«Будучы ўжо дарослай, я аналізую, як у маё жыццё прыйшла беларуская мова. Бабруйск жа пераважна рускамоўны. Але я ўрыўкамі памятаю, як мне з дзяцінства прывівалася любоў да свайго, роднага. Бацька быў родам з вёскі, і, дзякуючы яму, я ішла ў першы клас, ведаючы, як пішацца беларуская літара «і», а астатнія дзеці не ведалі гэтага. І паступова, пад апошнія курсы ўнівера, гэта нацыянальнае ўва мне ўмацавалася».

Пачынаць адносіны з беларускай мовы Дар’я раіць хаця б з банальнага «дзякуй» і «калі ласка» ў адказ людзям у крамах, на вуліцы і гэтак далей. Сама яна, калі побач няма нікога, з кім можна было б папрактыкавацца ў гаворцы, размаўляе па-беларуску са сваім катом.

Замацаваным допісам ва Укантакце ўжо не першы год у дзяўчыны вісіць выказванне Вацлава Ластоўскага: «Хто саромеецца сваёй мовы, варты таго, каб і яго добрыя людзі саромеліся, як вырадка, каб ім пагарджалі, як недалюдкам, бо, саромеючыся роднае мовы, ён крыўдзіць не толькі дзядоў — бацькоў сваіх, але і ўвесь народ».

Інстаграм яна таксама вядзе па-беларуску, каб вучні, настаўнікі і іншы людзі ведалі яе пазіцыю: «Хай дзеці бачаць мову хаця б у маіх сацсетках і такім чынам разумеюць, што ёй можна карыстацца не толькі на занятках па беларускай мове і літаратуры».

Адміністрацыя школы, кажа Дар’я, з паразуменнем ставіцца да яе пазіцыі. Тым больш што маладая настаўніца прыўносіць у школу шмат новага.

Так, напрыклад, па яе ініцыятыве ў школе запрацаваў гурток «Юны рэжысёр». І калі на некаторыя іншыя гурткі дзяцей даводзілася запрашаць доўга і настойліва, то сюды школьнікі ходзяць з энтузіязмам. Дар’я завяла для школы асобны ютуб-канал, на ім можна ўбачыць увесь кантэнт, зроблены маладымі рэжысёрамі.

Акрамя настаўніцкай дзейнасці, Дар’я займаецца калекцыянаваннем незвычайных лялек (для якіх сама перашывае адзенне), малюе і фатаграфуе.

«Я мару, што аднойчы прафесія настаўніка здабудзе прэстыжны статус сярод грамадства. А калі казаць пра інстаграм… Буду і далей публікаваць фота і думкі на роднай мове, бо яна самая лепшая і самая жывая, што б хто ні казаў».

КК, фота з архіваў гераіні

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура