Праект партала
Рост
08.12.2018 / 15:26
«Як тут можна жыць?» Мінчанка перарабіла свой пад'езд па еўрапейскіх стандартах9

Дзень, калі Таццяна Сіпачова пераехала з сынам у дом-маласямейку па адрасе Якубоўскага, 36 у Мінску, што недалёка ад станцыі метро «Кунцаўшчына», стаў для яе суседзяў шчаслівым днём. За два гады яна правяла па адрасе новай прапіскі каля 30 сходаў, запусціла рамонт і нават зладзіла ў двары фры-маркет.

Цяпер яе пад’езд далей крочыць да мэты стаць канчаткова эка-дружным. Мы ж у сваю чаргу сустрэліся з Таццянай, каб яна падзялілася лайфхакамі: як разварушыць суседзяў на дзеянні, калі больш за 30 гадоў тыя жылі па прынцыпе «як ёсць, так ёсць».

Таццяна Сіпачова.

— Па адукацыі я эколаг, выкладчыца экалогіі. Паступала ў міжнародны інстытут імя Сахарава, бо лічыла яго прэстыжным, з вялікімі перспектывамі для мяне. Праўда, на 3-м курсе зразумела, што, хутчэй за ўсё, не буду навуковым супрацоўнікам — гэта не маё. Доўга знаходзілася ў пошуках свайго месца. Працавала і ў школе, і менеджаркай, і інтэрнэт-маркетолагам.

Усё гэта працягвалася, пакуль я не паспрабавала сябе ў грамадскай дзейнасці. А падштурхнула мяне да актыўнасці першае сутыкненне са звычайнай бытавой праблемай. Я пераехала ў новы дом на Якубоўскага, 36. Ён 1983 года забудовы, маласямейнага тыпу, разлічаны на 214 сямей. У наш пад’езд было нават страшна заходзіць. Да гэтага я шмат дзе пажыла, але такіх жудасных аб’ектаў не бачыла: жахлівыя, запэцканыя сцены, якія даўно патрабавалі хаця б касметычнага рамонту, паштовыя скрыні, абматаныя дротам, бруд, раскіданыя лістоўкі…

Я не разумела, як тут можна жыць. Няўжо тут нейкія «не такія» людзі?

Амаль у той жа самы час я патрапіла на адукацыйны семінар Талакі, які ладзіўся ў межах конкурсу гарадскіх праектаў #РазамМінск. Там я з сяброўкай загарэлася ідэяй запусціць праект «Эка-дружны пад’езд» — такі сайт, які распаўсюджваў бы інфармацыю пра тое, як ствараць суседскія супольнасці, зрабіць лепшымі пад’езды і двары. Ну, а пачала я са свайго пад’езда.

Спачатку быў сход з ЖЭСам, адкуль я зрабіла дзве высновы. Па-першае: усё ж са мной жывуць адэкватныя людзі, якія задаюць правільныя пытанні, яны неабыякавыя да праблем. Я тады спецыяльна палічыла і запісала — мае суседзі агучылі каля 30 нездаволенасцяў, пра многія я сама нават не падазравала. Напрыклад, я не бываю на апошніх паверхах, а там, аказваецца, даўно адсутнічаў замок на паддашак, маглі ночыць бамжы. На некаторых пралётах цяклі вокны і гэтак далей.

З гэтага сходу мы таксама зразумелі, што самім рабіць касметычны рамонт будзе танней. Каб замяніць паштовыя скрыні, ЖЭС прапаноўваў кожнаму ўласніку прыйсці да іх і заключыць індывідуальную дамову. Я разумела, што гэта нерэальна з нашым рытмам жыцця. Тады ў мяне з’явілася цвёрдая мэта наладзіць камунікацыю паміж суседзямі, зрабіць усё самастойна з мінімумам выдаткаў і максімумам эфекту.

Да гэтага я спецыяльна наведала не адзін семінар па лідарству ў мясцовых супольнасцях і разумела, як трэба дзейнічаць.

Галоўны пасыл — не браць на сябе ўсе паўнамоцтвы. У нас у мясцовым кіраванні распаўсюджаная схема: адзін лідар, ён мае пэўныя ідэі і заклікае рабіць усіх так, як ён сказаў. А правільна сабрацца разам, падумаць, якія ёсць праблемы, як мы іх будзем вырашаць.

Дзейнічаць толькі так. Мяне можа цікавіць адно, але трэба працаваць над тым, што ў прыярытэце ў большасці.

Нікому не раю абыходзіць кватэры асабіста. Проста раздрукуйце і павесьце аб’явы.

На першы арганізаваны мной такім чынам збор прыйшлі каля 10 чалавек.

Ва ўсіх астатніх агулам удзельнічала ад 5 да 20 чалавек, то бок менш за 10 адсоткаў. Гэта нармальна, мне больш і не трэба было: прыходзілі тыя, хто сапраўды мог быць карысны.

Усе суседзі розныя, кожны выконваў сваю ролю. Нехта наведваў усе сходы і прымаў актыўны ўдзел у выбары стратэгіі. Нехта мог даць кантакты нейкага эксперта — маляра, напрыклад, а нехта сам станавіўся экспертам у пэўнай справе: так, адзін сусед сам арганізаваў працэс па усталёўванню новых паштовых скрыняў (рабіла некалькі чалавек), а другая разам з сяброўкай прыгожа падпісалі на іх нумары. Іншыя актыўна ўдзельнічалі ў суботніках па касметычным рамонце, выконвалі ўжо запланаваныя працы.

Са 108 кватэр на замену паштовых скрынь цягам 4 месяцаў здалі грошы 107, але мы замянілі ўсе: мы што, праз адну кватэру будзем жыць з меншым камфортам? З іншага боку, я прашу ўсіх, хто будзе займацца падобным актывізмам, разумець: у некаторых сем’ях сапраўды можа быць складанае матэрыяльнае становішча. Здавалася б, што такое — 13 рублёў з адной кватэры? І адны сапраўды пацвердзілі, што за адзін паход у краму аддаюць больш. А іншыя прасілі здаць грошы пазней.

Пад'езд Таццяны да касметычнага рамонту, зробленага жыхарамі, і пасля.

Праблемы з замкамі, рамонтам пажарнай лесвіцы, дадатковы поручань і пад’ёмнік пры выхадзе на вуліцу для дзіцяці з інваліднасцю, вокнамі, якія працякалі ў дажджы, цудоўна вырашаліся праз 115.бел — я актыўная карыстальніца гэтага рэсурсу. ЖЭС у маіх выпадках хутка рэагаваў. Таксама яны ўсталявалі нам новую кантэйнерную пляцоўку для «раздзельнага» збору смецця.

Здавалася б, чаго прасцей — апісаць праблему праз інтэрнэт. Але нашы людзі нават запыт не могуць напісаць: жывуць па прынцыпе, што ЖКГ усё пра ўсіх ведае, і там самі разбяруцца: мы ж грошы плацім!

Так і жывём у чаканні і ў брудзе. Наш пад'езд вось 30 год чакаў рамонту, і яшчэ прачакаў бы.

Так, у нас шмат год існавала кватэра-прытон. Калі я пачала праводзіць сходы, на яе паскардзіліся суседзі, што жывуць побач. Высветлілася, што яны нават ні разу не выклікалі міліцыю, калі там праходзіў дэбош. Мы абмеркавалі, што абавязкова трэба скардзіцца, звярнуліся ў ЖЭС, юрысконсульт падаў дакументы ў суд, выпісалі штраф і кватэру паставілі на асаблівы ўлік. У «прытоне» стала ціха. І суседка адтуль пасля прасіла прабачэнні ва ўсіх, каму перашкаджала, пры тым, што да гэтага сцвярджала: «Мая кватэра — што хачу, тое і раблю».

Што мы робім з брудам у пад’ездзе?

Тут я выкарыстоўваю метад, які прыдумаўся аднойчы ў дачыненні да кіроўцы, што паркаваўся адразу на два месцы. У нас з суседзямі ёсць вайбер-чат недзе на 60 чалавек і суполка ва Укантакце (там 45 чалавек). Адзін з мужчын неяк скінуў у вайбер фотаздымак, на якім зафіксаваў, як нехта заняў два месцы. Узнікла ідэя зрабіць на гэтую тэму аб’яву і напісаць на ёй: «Суседзі цікавяцца, хто паркуецца, як…?». І да гэтага далучылі фотаздымак машыны. Было прапанавана павесіць яе на пад’ездах і пакласці аўтамабілісту-парушальніку пад шчотку. Падобную аб’яву мы раздрукавалі, калі побач са смеццеправодам нехта пачаў пакідаць свае пакеты. Аб’ява ўсё яшчэ вісіць, а на тым паверсе стала чыста.

Прыклад аб'явы, з дапамогай якой змагаюцца са смеццем у пад'ездзе і з тымі, хто парушае правілы паркоўкі.

Мая галоўная мэта — у стварэнні суседскай супольнасці. Я лічу, калі паміж людзьмі добра наладжаныя кантакты, яны абмяркоўваюць праблемы, то тыя вырашаюцца. На мой погляд, усе нашы брудныя пад’езды якраз ад таго, што мы адзін з адным зусім не гамонім.

Каб гэта выправіць, важна таксама праводзіць нейкія забаўляльныя мерапрыемствы. Так, я запрашала суседзяў на пераднавагодняе чаяпіцце, а нядаўна зладзіла ў двары фры-маркет. Маркет для мяне — гэта частка на шляху да яшчэ адной звышзадачы: зрабіць утульным і наш двор.

Мы замянілі лаўкі каля пад’езда, дзякуючы міні-гранту ад Офіса еўрапейскай экспертызы і камунікацый для развіцця суседскай супольнасці (магчымасць падаць заяўку на такі грант можна адсочваць вось на гэтым сайце).

Але ў двары яшчэ шмат недапрацовак: мала дрэваў, няякасная дзіцячая пляцоўка, адсутнічае велапаркоўка…

Справа: новыя лаўкі.

Каб раззнаёміць жыхароў нашага двара я і правяла фры-маркет.

Зрабіла да мерапрыемства прома-матэрыялы, дзе расказала, што на маркеце можна будзе абменьвацца з суседзямі рэчамі ў добрым стане. Людзі прыносілі і кнігі, і дзіцячыя цацкі. Многія сышлі не з пустымі рукамі. А некаторыя ўпершыню пазнаёміліся, і гэта стала карысным абодвум бакам: так, з маёй суседкай Кацярынай, шматдзетнай маці, пазнаёмілася суседка з іншага пад'езда. Яна прапанавала падзяліцца з Кацярынай якасным адзеннем дзяцей і ўнукаў, з якога яе ўжо выраслі. Нават ішла гаворка, ці патрэбны ім самакат. А ўжо праз тыдзень я праводзіла сход у двары, збірала усіх зацікаўленых на абмеркаванне бліжэйшых дзеянняў па добраўпарадкаванні двара.

Калі я толькі пачала збіраць сходы, некаторыя суседзі казалі: «У цябе нічога не атрымаецца». Але з лета 2016 года я правяла больш 30-ці. І ў доме сапраўды стала камфортней жыць.

Усім нам. Цяпер я кансультую мясцовых актывістак і актывістаў, даю парады ў плане развіцця іх суседскіх суполак. Некаторыя людзі казалі, што я сваім прыкладам натхніла іх на змяненне свайго месца жыхарства.

Акрамя гэтага, мяне не так даўно абралі старшынёй нашага КОТГС — калегіяльнага органа тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання.

У Мінску на тэрыторыях ЖЭСАў існуе 127 КОТГС. Іх старшынь абіраюць пасля выбараў дэпутатаў раз у 4 гады. У іх шмат задач, але адна з галоўных — пошук і падтрымка актывістаў, якія б хацелі змяняць сваю тэрыторыю. Вось я і шукала. Пакуль расклеіла аб’явы пра вышук прыблізна на 50 пад’ездах розных дамоў. У выніку пазнаёмілася толькі з адным рэальным актывістам. У сябе каля дома з дапамогай маіх парад ён курыруе праблему з пляцоўкай для буйнагабарытнага смецця, якая ператварылася ў велізарную звалку. Цяпер яшчэ з’явіўся новы інструмент Яндэкс.Раён, яго я таксама збіраюся выкарыстоўваць для пошукаў актывістаў.

Мне перыядычна кажуць — ладзь таварыства ўласнікаў, станавіся старшынёй ці ідзі ў мясцовыя дэпутаты. Але пакуль мне цікавыя выключна суседскія супольнасці і іх развіццё.

Мы можам паехаць на мора і пажыць у гатэлі з прыгожым садам і морам, але можна ж і ў сваім двары, на вуліцы жыць прыгожа, атрымліваць асалоду ад прагулак побач. І гэта не так складана, проста звяртайцеся да экспертаў, якія ў гэтым дапамогуць.

Гутарыла Кацярына Карпіцкая, фоты з архіваў гераіні

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура