Першыя ў Мінску аўтаматы па продажы пракладак і тампонаў паставілі ў гандлёвым цэнтры «Момо». Набываць неабходныя сродкі гігіены жанчыны змогуць наўпрост у прыбіральнях.
Ініцыятыва належыць дзвюм дзяўчатам — Анжаліцы Мажэйка і Кацярыне Родзінай. Са сваёй ідэяй беларускі ўдзельнічалі ў конкурсе жаночых стартапаў Lady Awards.
— Мы прапануем тавар менавіта для менструацыі, паколькі такая патрэба можа ўзнікнуць экстранна, — тлумачыць Анжаліка Мажэйка. — Тым больш усе ведаюць, як важна мяняць сродкі асабістай гігіены ў гэты перыяд. Калі б дзяўчаты рабілі гэта своечасова, многіх праблем з інтымным здароўем можна было б пазбегнуць.
Аўтамат выдае пракладкі і тампоны паштучна ў індывідуальнай упакоўцы. Цана — 1 рубель. Разлічыцца можна капейкамі. Плануецца, што падобныя аўтаматы з'явяцца ў іншых гандлёвых цэнтрах і ўніверсітэтах.
Nina.nn.by