Вяселле адбылося 8 верасня, на ўгодкі Бітвы пад Оршай, «каб ён ніколі не забыўся, у які дзень пабраўся шлюбам».
Фота svaboda.org.
Пра вяселле са сваёй дзяўчынай Святланай фігурант справы патрыётаў Міраслаў Лазоўскі распавёў у інтэрв'ю «Новаму часу».
Пара планавала пабрацца шлюбам яшчэ ў 2013-м, але не склалася. Сёлета 21 сакавіка Міраслава арыштавалі ў межах гучнай «справы патрыётаў». Святлана была гатовая распісацца ў СІЗА, але Міраслава адгаварыла адвакат Ганна Бахціна: «Маўляў, не спяшайся, падумай пра дзяўчыну, у якой у пасведчанні аб шлюбе будзе напісана «СІЗА КДБ».
«Так атрымалася, што дзякуючы шырокай хвалі падтрымкі ўсе мы выйшлі на волю. І тут я скарыстаўся момантам, калі яна яшчэ не перадумала, а я ўжо на волі і магу дзейнічаць. Пацягнуў яе ў ЗАГС, а там апынулася, што ёсць вольны дзень: 8 верасня, Дзень беларускай вайсковай славы. Усё склалася», — адзначае Лазоўскі.
«Нам прапанавалі некалькі дзён, але, натуральна, мне найбольш спадабалася 8 верасня. Святлана слушна здагадалася, што зроблена гэта спецыяльна для таго, каб я ніколі не забыўся, у які дзень пабраўся шлюбам», — смяецца Міраслаў.
Шчасця маладым!
Nina.nn.by