Праект партала
Стасункі
12.05.2018 / 17:03
Этыкет па-беларуску: спазняцца, ігнараваць паведамленні, жаліцца і «тыкаць»?27

Мы распыталі ў Аксаны Зарэцкай, культуролага, аўтара блога пра гісторыю і мастацтва, спецыяліста па этыкету і кіраўніцы школы этыкету, якія ў беларусаў ёсць «любімыя граблі» у этыкеце, якія перашкаджаюць ім быць паспяховымі ў жыцці і бізнэсе.

Аксана Зарэцкая.

«Я шмат працую ў бізнэс-накірунку і, на жаль, беларускія бізнесмэны паказваюць не вельмі добрую падрыхтаванасць да перамоваў, не задумваюцца над важнасцю таго, як правільна весці перапіску. Нават абмен візіткамі можа паказаць вашыя адносіны да партнёра! І кожны раз паўтараюцца адныя і тыя ж грубыя і недаравальныя памылкі.

Першая — гэта спазненні без папярэджання.

Асноўнае правіла этыкету: калі вы спазняецеся на 10 хвілін — патэлефануйце і папярэдзьце пра гэта. Калі на 30 — перанясіце сустрэчу, патлумачце прычыну і будзьце гатовыя да таго, што сваю віну давядзецца нейкім чынам загладзіць.

Тры дзелавыя рэсурсы, якія цэняцца больш за ўсё: грошы, добрыя адносіны і час. Грошы можна зарабіць, добрыя адносіны паспрабаваць вярнуць, а час не вернеш ніколі.

Яшчэ адно парушэнне этыкету — не адказваць на паведамленні і ігнараваць лісты ды званкі.

Калі гаворка ідзе не пра рассылку спама, неабходна адказваць на запыты і лісты, якія вы атрымліваеце. Асабліва калі ў іх ёсць просьба або пытанне. Адказваць абавязкова. Нават калі ваш адказ «не» — гэта адказ, а не незразумелая цішыня.

Скаргі наогул не могуць быць прадметам размовы ў дзелавых колах ці са знаёмымі. Нікога не цікавіць, чаму ў вас не атрымалася нешта, нікому не цікава слухаць, што вы бедныя і няшчасныя, што ў вас няма грошай. Размова павінна быць лёгкай. Не паглыбляйцеся ў вір песімізму і не цягніце ў яго сваё атачэнне.

Беларусы не выконваюць дамоўленасцяў. Спачатку бяздумна абяцаюць ці мэтанакіравана недагаворваюць, а потым адмаўляюцца ад сваіх слоў ці робяць выгляд, што нічога не было.

І яшчэ адзін «грэх» беларусаў — панібрацтва. Часта даводзіцца чуць, што людзі ў дзелавых колах без дазволу пераходзяць на «ты», выкарыстоўваюць прастамоўную лексіку ды і наогул паводзяць сябе так, быццам з суразмоўцам з’елі не адзін пуд солі, хаця вас прадставілі адзін аднаму гадзіну таму. Гэта вельмі зніжае якасць дыялога. Параду тут можна даць простую: трымайце марку, паважайце свайго суразмоўцу. І нават калі пачынаюць «тыкаць» вам, адпавядайце свайму ўзроўню, не «тыкайце» ў адказ.

Аднак этыкет — гэта далёка не збор правілаў добрага тону на свецкіх прыёмах ці ў вялікім бізнесе. Этыкет — гэта тое, што адбываецца з вамі кожны дзень.

Этыкет — гэта павага да самога сябе. Пагадзіцеся, вялікая розніца, ядзіце вы з каструлі, або накрываеце нават сабе аднаму стол з відэльцам і нажом, з сурвэткай і прыгожым кубкам».

Падчас размовы Аксана Зарэцкая прывяла прыклады некалькіх побытавых сітуацый, якія ніколі не павінны адбывацца з культурным чалавекам.

Тэлефон не павінен выкладвацца на стол, калі вы абедаеце з кімсьці

«Паглядзіце на прыклады сервіроўкі стала: там есць месца для відэльцаў, сурвэтак, хлеба. Для тэлефона месца ў сервіроўцы няма. Значыць, на стале яго быць не павінна. Адзінае выключэнне: калі вы выбачаецеся і папярэджваеце суразмоўцу, што вы чакаеце вельмі важны званок, напрыклад, ад доктара, які ў гэтыя хвіліны робіць аперацыю вашаму блізкаму чалавеку. Вы ў стрэсе і павінны кантраляваць гэтую сітуацыю. Толькі тады тэлефон можа ляжаць на стале».

Пры знаёмстве з групай да 9 чалавек, прадстаўляйце кожнага

«Такая сітуацыя, думаю, здараецца з кожным, калі вы размаўляеце з кампаніяй сваіх знаёмых, а да вас падыходзіць яшчэ нехта. Па-першае, той чалавек, што падышоў да вас, павінен павітацца першым. Вы спачатку прадстаўляеце кампаніі яго, потым прадстаўляеце яму ўдзельнікаў размовы (калі іх разам з вамі не больш за 9 чалавек) і ў двух словах уводзіце ў курс таго, пра што ідзе гаворка. Прыклад: «Гэта Ігар, мой калега. А гэта Вольга, Ірына і Аляксандр. Мы абмяркоўваем артыкул, які сёння раніцай выйшаў на «Нашай Ніве». Калі ўдзельнікаў больш, прадстаўляць кожнага па імені бессэнсоўна».

Нават калі ў вашай дамскай сумачцы ляжаць гантэлі — насіце яе сама

«Калі я бачу, як мужчына нясе дамскую сумачку, мне ад гэтага становіцца сумна. Гэта выглядае недарэчна. Наогул жаночая сумка ў мужчынскіх руках — табу. Ні пры якіх абставінах сумачка не павінна аказацца ў мужчынскіх руках».

Аксана прыгадала выпадак, калі купіла ў магазіне кнігі і пайшла на сустрэчу з сябрамі. І нават ведаючы, што ў сумцы тры вялізныя кнігі, не перадала яе несці мужчыне.

У таксі побач з таксістам не садзімся

«Самае «пачэснае» месца ў таксі — гэта па дыяганалі ззаду ад кіроўцы. Калі выклікаем таксі — сядаем толькі там. Калі ж вас на прагулку на машыне запрашае гаспадар машыны, то садзіцеся толькі побач на пярэдняе крэсла. Інакш вы прадэманструеце непавагу да гаспадара машыны. А яшчэ многія жанчыны не ўмеюць садзіцца ў машыну. Абсалютна. І гэтаму таксама трэба вучыцца. Напрыклад, некаторыя заняткі ў маёй школе мы пачынаем з таго, што спачатку вучымся хадзіць па лесвіцы».

Вось як правільна? Мужчына павінен ісці наперадзе ці саступіць даме?

«Адказ просты. Нельга жанчыне падымацца перад мужчынам па лесвіцы. Інакш яе «пятая кропка» будзе акурат ля яго вачэй усю дарогу. Дама падымаецца з боку парэнчаў. Мужчына, калі дазваляе шырыня лесвіцы, можа прапанаваць ёй руку для апоры».

Наталля Тур, фота аўтаркі

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура