Праект партала
Густ
03.06.2018 / 14:53
Гоначны касцюм і гель-лакі. Пяць любімых рэчаў інструктаркі па контраварыйнай падрыхтоўцы4

У нашай рубрыцы «Пяць рэчаў» традыцыйна просім розных герояў падзяліцца сваімі любімымі касметыкай, адзеннем, цацкамі ці нечым яшчэ — карацей, дарагімі сэрцу рэчамі.

Сёння пра сваё другое «Я» расказвае інструктарка па контраварыйнай падрыхтоўцы, маці траіх цудоўных дзяцей — Адама, Ядвігі і Севасцьяна — Марыя Вашкевіч.

Марыя Вашкевіч.

— Па адукацыі я юрыстка. Пасля пайшла ў псіхолагі: трэба было ратаваць сябе ад таго, што адбывалася ў жыцці. Сёння другую набытую спецыялізацыю я выкарыстоўваю ў сваёй інструктарскай дзейнасці. Да мяне прыходзяць кіроўцы-пачаткоўцы з правамі, якія пакуль не ўмеюць нармальна ездзіць. Вучу іх адчуваць сябе больш ўпэўнена, паркавацца і ўвогуле паводзіць сябе на дарозе бяспечна.

У гонкі мяне зацягнуў будучы муж Паша. Я заўсёды марыла пра іх, але думала, што гэта гісторыя пра кагосьці іншага, толькі не пра мяне. А потым падумала: чаму? Будзе пра мяне!

Так я прыйшла ў школу экстрэмальнага кіравання Сяргея Аўчыннікава, а пасля засталася там працаваць.

Можна сказаць, што ў дэкрэце я амаль не была: калі не на трасе, то дома за кампом. Шкада, што дзяржава стымулюе дармаедства сярод маладых маці. Калі ты працуеш больш чым на палову стаўкі, то ў цябе адразу забіраюць 50 адсоткаў матэрыяльнай дапамогі. Так што не працаваць многім больш выгадна.

Гоначны касцюм пад «Жыгулі»

На сцяне — дыпломы Марыі і яе мужа.

Свае шлем і касцюм з’явіліся ў мяне толькі вясной, а ў гоншчыкаў гэта лічыцца вельмі сур’ёзным крокам. Адна справа ганяць на машыне перыядычна і браць абмундзіраванне ў арэнду і іншая — купіць пастаяннае, сваё. Гэта новы ўзровень.

Касцюм быў пашыты спецыяльна па маіх мерках у Гомелі. Гэты горад лічыцца аўтаспартыўнай сталіцай Беларусі: там тусуецца больш за ўсё гоншчыкаў.

Архівы з малюнкамі і фотаздымкамі

Традыцыя захоўваць усё, зробленае дзецьмі, нешта звязанае з іх развіццём, у мяне ад бацькоў. Яны таксама старанна складвалі ў архівы мае малюнкі, дыпломы і ўсякае такое. Тут — і фотаздымкі, якіх даўно няма ў электронным выглядзе, і Ядзін расказ, казкі, вырабы… Усё гэта мне вельмі дорага.

Экалагічны заплечнік

Неяк мы гулялі з Пашам па спартовай краме ў Літве і ён звярнуў увагу на гэты заплечнік. Я імгненна зразумела, што без яго адтуль не выйду. Ён з паперы, якая нечым прамочаная.

Заплечнік ужо гады тры са мной. Калі я не з маленькай сумачкай, то абавязкова з ім. І нічога з ім не здараецца.

Гель-лакі ўсіх колераў

Я вельмі люблю фарбаваць пазногці, люблю рознакаляровыя слоічкі. Раней рабіла манікюр звычайнымі лакамі, а калі даведалася, што з гелем усё амаль тое ж самае, толькі патрэбная лямпа — пайшла і набыла яе. Працэс афарбоўкі пазногцяў падобны на працу маляроў: зачысціць, абястлусціць, загрунтаваць, нанесці фарбу і фініш. З улікам таго, што дома мы многае рамантавалі самі, гэта для мяне вельмі блізкі і зразумелы працэс.

Раблю манікюр я выключна сабе, камусьці яшчэ з задавальненнем пафарбавала б пазногці, але поўны комплекс — дакладна не.

Ваза з Будапешта

Упершыню ў Будапешт мы трапілі ў межах звычайнага еўратрыпу. Гэты горад быў проста ў спісе іншых для наведвання. Але калі мы прыехалі туды, то наша сэрца было разбітае і так там і засталося.

Гэты горад для мяне не падобны на астатнія еўрапейскія. Там няма стандартных вузкіх вулачак, турыстычнага гета ў цэнтры і ўсіх гэтых бязглуздых конікаў у такіх самых уборах, гандол з навучанымі гандальерамі… Для мяне ўсё гэта ненатуральна, штучна, а я ненавіджу падробкі.

Калі параўноўваць Будапешт і многія іншыя еўрапейскія гарады, то ў першы прыязджаеш, як у госці, а ў другія — нібыта ў здымную кватэру, аздобленую пад даўніну.

А ваза самая звычайная, набытая ў мясцовым «ашане». Каштавала капейкі, але дарагая як памяць. Яна ідэальна падыходзіла пад стыль нашага будучага дома і адпавядала майму прынцыпу: не марнаваць грошы на супер-пупер рэчы, калі можна набыць нешта нічым не горшае, але папрасцей і танней.

Кацярына Карпіцкая, фота Волі Афіцэравай

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура