«Я магу бачыцца з дзецьмі толькі два разы на месяц па чатыры гадзіны. Маці спецыяльна развозіць іх па розных школах або наогул не прыводзіць», — наракае бацька з Гомеля Юрый Юрчанка. З яго слоў, былая жонка спачатку збегла ў іншы горад да каханка, а пасля адсудзіла ў яго сыноў.
У гэтай гісторыі ўсё складана.
«Гісторыя доўгая, — пачынае Юрый. — У 2015 годзе мая жонка пераехала працаваць у Мінск. У Гомелі я застаўся адзін з двума дзецьмі, у мяне там была работа. Тады старэйшы сын хадзіў у першы клас, малодшы ў садок. Праз год дзяцей перавезлі ў Мінск, яны жылі там на здымнай кватэры. Я з Гомеля прыязджаў да іх кожны тыдзень з пятніцы па нядзелю.
У 2017-м мы развяліся. Як мне сказала жонка, патрэбны фармальны развод для таго, каб атрымаць службовае жыллё».
Юрый з сынамі. Хлопчыкам 11 і 9 гадоў.
Праблемы пачаліся летась. У жніўні Юрый вырашыў звазіць хлопчыкаў на мора — зняў у Адэсе кватэру на два тыдні.
«У дзень ад’езду тэлефануе былая і пачынае дзецям выядаць мозг. Маўляў, калі вы паедзеце, я ў вас усё забяру. Яна не дала ім з сабой ні шкарпэтак, ні зубных шчотак. У выніку мы правялі ў Адэсе толькі тыдзень. Жонка запэўнівала, што купіла пуцёўкі ў санаторый, што дзецям трэба аздараўлівацца. Мы вярнуліся раней, аднак ніякіх пуцёвак не было, хлопчыкі прасядзелі дома.
Самае страшнае, што на наступны дзень, як мы паехалі ў Адэсу, жонка пабегла ў суд і падала на пазбаўленне мяне бацькоўскіх правоў. Напісала, што я ніякай увагі дзецям не надаю і ў выхаванні не бяру ўдзелу. Праўда, потым сама тую заяву забрала».
У снежні 2019-га суд вызначаў графік, па якім бацькі будуць кантактаваць з дзецьмі. Час, які адвялі Юрыю, — гэта сустрэчы два разы на месяц па месцы навучання хлопцаў пад прыглядам кагосьці са школы.
«Чаму я не магу забраць сыноў на выходныя, чаму не прапісаны час канікул, дні народзінаў? Я да дзяцей як у турму пад наглядам павінен ездзіць? Я пісаў скаргу ў Мінскі гарадскі суд.
Суддзя на пасяджэнні зачытала яе і сказала: што вы прычапіліся да гэтых дзяцей, завядзіце сабе новую сям’ю, нараджайце сабе іншых. Гэта нармальна?» — абураны такім падыходам Юрый.
Ён заўважае: мала таго, што хлопцы вучацца ў розных школах — яго былая жонка зрывае гэтыя сустрэчы. Немагчыма нармальна пагутарыць і па тэлефоне. Каб даведацца, як справы ў дзяцей, даводзіцца тэлефанаваць дырэктару школы ці класнай кіраўніцы.
«Чаму яна не дае гутарыць? Бо дзеці скардзяцца на тое, што адбываецца. Хлопцы тэлефануюць мне, расказваюць штосьці, а яна па вуснах можа даць, «шасцёркай» абазваць. Жонка пераконвае дзяцей, што я хачу выкрасці іх і прадаць на органы! Раней яна палохала іх пасля сустрэч са мной, і яны ў школу ішлі заплаканыя, выматаныя. А жонка казала: паглядзіце, гэта пасля сустрэчы з бацькам дзеці псіхованыя».
Па словах мужчыны, толькі пазней ён даведаўся, што ў Мінск жонка з’ехала не проста так, а да каханка.
«Аказваецца, гуляла яна — і ў Мінску, і ў Гомелі. Быў нават такі момант. Мы з дзецьмі ў Гомелі, яны звоняць маме: ты прыедзеш? Яна кажа, што не. А літаральна праз 10 хвілін мы яе сустракаем у краме на касе. Яна не адна была, з мужчынам. Убачыла дзяцей, кінула кошык і выбегла з крамы».
У Юрыя думак пра новую сям’ю не было. Кажа, прывык усё аддаваць дзецям. І цяпер аліменты плаціць спраўна.
«Я іх кожнае лета вывозіў ці ў санаторый, ці на мора, ці ў спартыўныя лагеры.
За 10 гадоў, што мы пражылі з жонкай, яна ні разу за кватэру не заплаціла. Яе крэдыты я аплачваў — на тэлефоны, на ўпрыгожванні. У жонкі была пазіцыя: я замужам, і ён павінен мяне забяспечыць. Я яму нарадзіла дзяцей, няхай ён іх і даглядае».
Юрый наракае, што ўсе іх сямейныя справы разглядае адна і тая ж суддзя — не прымае яго даведкі і становіцца заўсёды на бок жонкі.
«Яшчэ пасля разводу я падаў заяву, каб падзяліць сумесную маёмасць — машыну. Я купіў яе жонцы, каб яна без перашкод магла ездзіць з Мінска сюды да дзяцей. Аформіў на яе. Па выніках разгляду справы мне прысудзілі 0,01 долю ад купленай мной машыны!
Бо другі бок не пагадзіўся, што аўто я набываў за свае грошы. Я прадстаўляў у судзе выпіскі са сваёй карткі — былая жонка сказала, што гэтай карткай карысталіся дзеці. Ага, хадзілі а 12-й ночы да банкамата і здымалі грошы».
На Юрыя павесілі таксама ўсе судовыя выдаткі.
Былая жонка Юрыя апісвае сітуацыю зусім інакш. Кажа, што суд аргументы супраць яе палічыў паклёпам і таму заняў яе бок. Жанчына (па яе просьбе не ўказваем імя) з жахам прыгадвае апошнія гады жыцця з мужам.
«Я, можна сказаць, уцякла ў Мінск. Падчас шлюбу быў фізічны гвалт з боку мужа, і дзеці гэта бачылі. Не саромеючыся, пры дзецях мог абражаць.
Муж падымаў руку. У мяне парэзы, пабоі былі… Ён мяне за валасы цягаў. Вельмі моцна крыўдзіла, калі на вуліцы, у прысутнасці іншых, муж пачынаў раўці на мяне, абражаць. Яму чужыя людзі рабілі заўвагі, а ён мог іх на тры літары паслаць. Гэта ўсё з кожным годам накоплівалася.
Я не магла да сястры пайсці ў госці. Ён раўнаваў нават да маіх бацькоў!
Развод ён, натуральна, не даваў, пужаў. Потым ужо я сабралася з думкамі і падала заяву: будзь што будзе», — успамінае жанчына.
У міліцыю яна тады не пісала: кажа, муж пагражаў за гэта выкінуць з акна.
«Дзеці, калі сюды пераехалі, былі крыху дзікаватыя. Баяліся мужа да такой ступені, што не маглі яму «не» сказаць. Што ён ні казаў, з усім пагаджаліся. Потым я заўважыла, што чым далей, тым старэйшаму сыну горшае. Цікі пачаліся, мы звярнуліся ў спецыялізаваны цэнтр».
Жанчына кажа, што спроба пазбавіць мужа бацькоўскіх правоў была выклікана адчаем. Графік, па якім ён сёння бачыцца з дзецьмі, зацвердзілі па яе просьбе на паўгода.
«Ён злоўжываў сваімі правамі. Прыязджаючы з Гомеля, мог дзяцей са школы звезці, не сказаўшы мне. Колькі разоў падавала ў вышук, бо не ведала, дзе сыны! Паходы ў паліклініку ён нам зрываў, трэніроўкі».
Былая жонка Юрыя дзеліцца, што сітуацыя пагоршылася пасля падзелу машыны. Па яе словах, ніхто ёй аўто не дарыў — сама купіла. Узяла авердрафт, пазычыла грошы ў сястры.
Інфармацыю пра каханкаў жанчына таксама абвяргае.
«Я сышла адна. Адзінае — я падтрымкі шукала ў супрацоўнікаў сілавых структур яшчэ ў Гомелі, бо не ведала, што рабіць».
Жанчына кажа, што нападкі ў яе бок не спыніліся і цяпер. Былы муж піша скаргі на яе ва ўсе службы, спрабуе сапсаваць рэпутацыю на працы.
«У яго заўсёды былі праблемы з працай. Ён амбіцыйны чалавек, але канфліктны, пастаянна судзіцца. А я камунікабельная, з усімі знаходзіла агульную мову, ішла па кар’ернай лесвіцы уверх. У мяне атрымлівалася лепш, чым у яго.
Я магла затрымацца на працы, бо камандзіроўкі, нарады. А муж мне даваў 10 хвілін, каб даехаць з офіса дадому.
Калі я сядзела ў дэкрэтным, тлумачыла яму, што мне дзіцячых грошай хапае толькі на тое, каб карміць сыноў. Мы атрымлівалі нават харчаванне як маламаёмная сям’я, бо ў яго заробак быў вельмі маленькі.
Пасля разводу муж пісаў: вярні мне грошы за тое, што жыў з табою 10 гадоў і траціў іх на цябе!»
Жанчына кажа, што Юрый хоць і плаціць аліменты, але гэта ўсяго толькі 75% ад пражытковага мінімуму, прытым што ён дырэктар фірмы. «Апраўдваецца, што на прадпрыемстве часовыя цяжкасці», — адзначае жанчына.
Бачыцца з дзецьмі яна яму не забараняе. Але сустрэчы праходзяць па пэўных правілах.
«Цяпер калі ён прыязджае, то гутарыць у прысутнасці псіхолага. Адзінае — старэйшы сын цалкам ад спатканняў з бацькам адмовіўся, ён яго вельмі баіцца».
Жанчына ўпэўнена: былым мужам кіруе зайздрасць.
«Яго мэта — сапсаваць мне жыццё. Бо калі я сышла ад яго, мне стала лепш. Дзяцей забяспечыць магу, добрая праца, усяго хапае. Потым і машына з’явілася, нашмат лепшая, чым была. Былы муж гэта бачыць, і яго гэта чапляе».
Наталля Лубнеўская