Праект партала
Густ
05.01.2021 / 12:29
Мода беларускай рэвалюцыі: як дызайнеры натхняліся пратэстамі

Мода заўсёды рэагуе на падзеі ў грамадстве. «Наша Ніна» паглядзела, як беларускія дызайнеры перадавалі летась дух часу ў адзенні і аксесуарах. Адных натхнялі бясстрашныя жанчыны, іншых — Мінск, які зноў стаў горадам-героем.

«Эціка»

Праект «Эціка» — пра ўсвядомленае спажыванне. Дызайнеркі перапрацоўваюць рэчы, купленыя ў сэканд-хэндзе ці знойдзеныя ў шафе сваякоў. Водгукам на пратэсты стала сюррэалістычная вышыўка «жаночая армія» — чырвоныя контуры твараў на белай тканіне.

«Яна пра гонар і захапленне беларускімі дзяўчатамі і жанчынамі. Гэта праца пра мірную і бяззбройную жаночую армію, якая асмелілася выйсці, нягледзячы на ўсе арышты, збіванні і пагрозы», — распавядалі дызайнеркі пра вышыўку.

Адна з іх — Вольга Матусевіч — сама трапіла пад каток рэпрэсій. У снежні яна была затрымана на маршы і адседзела 20 сутак.

Вольга Кардаш

Пасля шматгалосага «Сыходзь» на МЗКЦ і шырокай калоны работнікаў МТЗ на праспекце ўсе гаварылі пра завадчан. Здавалася, што забастоўка можа стаць рэальнай. У знак салідарнасці з работнікамі Вольга Кардаш выпусціла цэлую серыю цішотак з лагатыпамі заводаў — МАЗ, БелАЗ, Нафтан. Усе яны імгненна былі распрададзены. Палову ад сабранай сумы перадалі ў фонд, каб патрымаць тых, хто бастуе.

А Вольга вымушана была з’ехаць з Беларусі. Пасля калекцыі з заводамі ёй сталі паступаць паведамленні пра тое, што пад яе капаюць, і дызайнерка вырашыла не выпрабоўваць лёс.

Іван Айплатаў

Іван Айплатаў таксама прапанаваў цішоткі з прынтамі. «Беларусь цяпер адзіная крыніца інспірацыі», — пісаў дызайнер. Восенню з’явіліся слоганы «Supermensk», «Miru mir», «Run BLR» (на апошні натхніў Сяргей Міронаў, які заклікаў ганяць ва ўсю моц).

LSTR

Брэнд, якія хутчэй за ўсіх рэагуе на мемы і сімвалы. Гэта яны забяспечылі горад цішоткамі з «Евай» Хаіма Суціна, надпісамі «Шчучыншчына» і «Хлопотное дельце».

Kanva

Актуальныя пасланні захаваліся і ў аксесуарах. Напрыклад, у хустках. Такія пашыў брэнд Kanva, які спалучае фольк і вулічную моду. «Мам, я ў парадку, пакуль пошчу сторыз», — напісана па-ангельску на адной з іх і побач знак «віктары». Хусткі, дарэчы, хіт гэтай зімы.

Ксенія Раманава

Капсулу «Перамен» прыдумала Ксенія Раманава. Яна сабрала галоўныя лозунгі гэтай восені: «Я гуляю», «Сабачку». На адным са світшотаў трапная цытата з «Чыпаліна»: «У нашых турмах сядзяць сумленныя людзі».

Дызайнерка выпусціла таксама стылёвы чорны дажджавік з «загрузкай дэмакратыі».

Ксенія — сярод тых, хто сядзеў па народным артыкуле 23.34. На Акрэсціна і ў Баранавічах агулам яна правяла 20 сутак. Пра яе арышт можна пачытаць вось тут.

10motifs

Брэнд 10motifs прапанаваў сагравацца ў цёплых швэдрах ручной працы — з вышытым чырвоным сэрцайкам. У іх можна ўспамінаць пра неверагодную салідарнасць беларусаў. 

«Калі тое, што ўнутры, — цяпер звонку», — так апісала задуму дызайнерка брэнда Аляксандра Жук.

Sutoria

Абыграць пратэставы настрой у абутку складаней. Але студыя «Суторыя» знайшла варыянт — чаравікі з бел-чырвона-белымі тасёмкамі. Каб незаўважна сігналізаваць сваім у горадзе.

«Думаю, спалучэнне бел-чырвона-белага будзе трэндам гэтага года. Я як дызайнер не магу не адрэагаваць», — дзялілася стваральніца Марына Шаліма.

Nina.nn.by, фота з інстаграма дызайнераў

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура