Балаклавы з’явіліся ў апошняй калекцыі лініі спартыўнага адзення Ivy Park, якая належыць Беёнсэ, а таксама на подыуме французскага дома моды Céline. Ці маюць балаклавы нейкі падтэкст, або гэта проста галаўны ўбор, які выдатна сагравае ў халады?
Фота Depositphotos.com
Учора вядомы спявак The Weeknd (ён жа Эйбэл Тэсфае) прыцягнуў увагу сваім выступам на Супербоўле (фінальная гульня за званне чэмпіёна Нацыянальнай футбольнай лігі ЗША). Спявак выканаў сваю песню «Blinding Lights» у суправаджэнні танцораў у белых балаклавах на тварах. Гэта была метафара выканаўцы да таго, якія людзі сталі сёння: скрытныя, ананімныя і насцярожаныя.
А некалькі дзён таму спявачка Беёнсэ паказала сваю новую калекцыю з лініі Ivy Park. У цэнтры ўвагі калекцыі — вулічнае адзенне, дзе важнае месца займае якраз балаклава, піша The Guardian.
Беёнсэ і раней выкарыстоўвала балаклавы ў сваіх кліпах. Папулярызацыя гэтага элемента адзення добра ўпісваецца ў стыль warcore, які ўзнік пару гадоў таму. Тэндэнцыя заключаецца ў выкарыстанні адзення, падобнага да таго, якое насілі падчас вайны.
Зіма — ідэальны час для моды на балаклавы. Мароз і снег робяць гэты элемент адзення ўсё больш папулярным. Так, як і пандэмія: анлайн-запыты на балаклавы выраслі на 59% за 2020 год. Акрамя гэтага, такія вядомыя брэнды, як Céline, Raf Simons, Greater Goods і Stone Island x Supreme ствараюць практычныя і прывабныя балаклавы.
Балаклава заўсёды асацыявалася з барацьбой. Першапачаткова іх насілі брытанскія салдаты падчас Крымскай вайны, каля Балаклавы, што пад Севастопалем, каб абараніцца ад непагадзі. У ХХ стагоддзі балаклавы пачалі асацыявацца з элітнымі ўзброенымі сіламі, напрыклад, з Special Air Service, што ў Вялікабрытаніі. На сённяшні дзень мода на балаклавы сімвалізуе рознае: ахову, таямніцу або пагрозу.
Балаклава таксама стала элементам адзення, які сімвалізуе анархію. Яшчэ ў 2018 годзе Nike раскрытыкавалі за ўвядзенне балаклаваў у свае калекцыі, якія асацыяваліся з бандыцкай культурай. У выніку кампанія была вымушаная выключыць балаклавы з калекцыі.
Ну а чырвоны колер проста стаў у 2020-м модным.
NN.by