Праект партала
Густ
12.08.2018 / 15:05
Аніматарка Воля Кузьміч: «Сын маленечкі ў мяне на адной руцэ, а ў другой руцэ аловак»8

Сёння для рубрыкі «5 рэчаў» мы пагутарым з Воляй Кузьміч, аніматаркай, дызайнеркай, мастачкай. Ва ўсіх сувенірных крамах горада мы бачым беларускамоўныя магніты, кубкі і паштоўкі, на якіх намаляваны вясёлыя хлопец з дзяўчынай і белы коцік, але мала хто знаёмы з аўтаркай гэтых рэчаў.

 — Нараджэнне сына нямоцна змяніла мой працоўны рытм, хіба што паскорыла яго. Нібыта дадалося новае вымярэнне. Да позняга вечару працавала, завершыла праект, а ўначы паехала і нарадзіла. А ўжо праз 2 тыдні ўзялася за новую буйную працу, нават ёсць здымкі, дзе Леў маленечкі ў мяне на адной руцэ, а ў другой руцэ аловак.

Калі сын падрос, то быў пацешны момант, калі ён зазіраў да мяне ў манітор і думаў, што я там проста ўпотай ад яго гляджу мультфільмы, бо не разумеў яшчэ, што мама іх робіць. Мы з мужам так падладзілі свае працоўныя рытмы, каб быць максімальна разам і назіраць, як расце і развіваецца Леў. Сын заўжды побач, калі я ладжу прэзентацыі і майстар-класы.

Фота з архіваў гераіні.

«Наша Ніна»: — Нядаўна ты праілюстравала цудоўную кнігу «Казкі старога Адамкова», ці будзе працяг?

Воля: — Кніга зусім нядаўна выйшла, але за гэты час так шмат іншага цікавага адбылося, што я ўжо паспела засумаваць па гэтых яркіх героях і хацелася б зрабіць працяг, тым болей маем шмат станоўчых водгукаў і просьбаў. А з іншага боку, у такім разе трэба было б шукаць яшчэ адно вымярэнне, бо ўвесь час пакуль у іншых праектах. Мы гэтую кнігу рабілі з Наталкаю Харытанюк самі і прайшлі пэўны ўніверсітэт у працэсе: ладзілі краўдфандынг (сабралі грошы за тры дні!), шукалі друкарню, каб нас задаволіла якасць, падбіралі паперу, каб атрымаць вынік, якім мы ганарымся. Цяпер гэта пэўны багаж ведаў, таму было б добра яго далей выкарыстоўваць, але загадваць пакуль не будзем.

«Наша Ніна»: — Што на дадзены момант займае твой час?

Воля:

— Мяне запрасілі далучыцца ў праект, які робяць беларусы, але з разлікам на ўвесь свет. Называецца ён «Read to play» — гэта дадатак, які стымулюе дзяцей чытаць болей.

Я працую над візуальным бокам праекта, займаюся самай любімай справай: стварэнне персанажаў і анімацыя. Анонс у СМІ ўжо адбыўся, а ў канцы восені наша праца будзе дасяжная для запампоўкі. Для беларусаў плануецца бясплатны доступ, а таксама беларускім дзіцячым дамам будуць прэзентаваныя 1000 планшэтаў з гэтым аппам.

«Наша Ніна»: — Якія 5 рэчаў ты падрыхтавала для нашай штотыднёвай рубрыкі?

Воля: — Я не аматарка рэчаў, стараюся да іх не прыкіпаць і па магчымасці раздаваць, каб рэчы служылі болей.

Аднойчы мы паехалі ў Латвію, дзе прайшло дзяцінства мужа, праз 18 гадоў, пасля таго як ён там быў апошні раз. У тым былым вайсковым гарадку ўжо не мусіла быць нікога, усе раз’ехаліся даўно па розных краінах. Нешматлікія будынкі ўжо былі паўзруйнаваныя ці зусім разабраныя. Аднак там мы сустрэлі сям’ю, якая так там і засталася! Не ў Эўразвязе, дзе цяпер Латвія і гэта мястэчка, не ў Беларусі ці Ўкраіне, куды многія з’ехалі на свае радзімы, а ў тым СССР. Мяне так уразілі гэтыя людзі, якія літаральна прыкіпелі да сценаў паўзруйнаванага пяціпавярховіка, я на ўсё жыццё запомніла гэтую сям’ю, якая глядзела на нас, на Юру, якога памяталі маленькім хлопчыкам, і не разумелі, куды падзеліся 18 год жыцця. Магчыма, яны думалі, што вось-вось прыймуць нейкае рашэнне пра пераезд, а жыццё бегла.

Таму мы для сябе вырашылі не сядзець на месцы, не трымацца прадметаў і памятаць пра час. Таму ў маім кошыку рэчы зусім розныя, не ўсе іх можна памацаць, але яны мяне натхняюць.

Дарога дадому

Гэта дарога, калі я вяртаюся аднекуль да сваіх бацькоў на вёску, на Палессе ў Лунінецкі раён. Кожны другі чалавек там — мой сваяк. Я адчуваю сябе неверагодна багатым чалавекам, я магу вандраваць дзе заўгодна, але ў мяне ёсць гэты грунт, ёсць гэтая зямля, куды я прыязджаю, я памятаю там кожны куточак: тут я падзерла каленку, тут мы пабудавалі першы шалаш, а тут мая прабабуля змагалася за права хадзіць у лес па ягады без аброку.

Сымбаль гэтай дарогі для мяне — звычайны сіні дарожны знак па дарозе дамоў, на якім указаны кірунак на Мікашэвічы і іншыя гарады, але яшчэ не пазначаны Лунінец і нехта надзёр на ім камянём «Лунінец». Сваякі жартуюць, што гэта нібы мой тата зрабіў, каб дзеці і ўнукі памяталі дарогу дадому.

Тэчка для малявання

Гэтай бардовай тэчцы гадоў 15, яна выпадкова трапіла да мяне ў часы, калі я займалася студэнцкім рухам. На ёй зручна было маляваць прынты для рознай тэматычнай прадукцыі: мы выпускалі налепкі, паштоўкі, буклеты. І так яна са мной і засталася.

Усе мае, нават анімацыйныя праекты, пачынаюцца з эскізаў на паперы, таму гэтая тэчка мая напарніца ва ўсіх працах. Яна ўжо іржавая і пацертая. Хоць я рэгулярна спрабую маляваць у іншых нататніках, аднак заўсёды нейкім цудам у руках знаходжу яе. Нават цяпер, калі я хаджу ў офіс, я бяру яе з сабой. Даўно ўжо варта замовіць нешта падобнае на яе і новае, але я так не раблю, бо яна ж працуе, трымаецца ўжо 15 гадоў, натхняе і дапамагае мне.

Вялікая вада

Калі працы і новых ідэй шмат, хочацца спыніцца на гадзіну і адключыць усе думкі. Каб шум вады, казурак, ветру ў дрэвах пераключыў цябе і не даў перазгрузіцца. Такім чынам думкі ўпарадкоўваюцца і нараджаюцца новыя рашэнні.

Таму мы выкарыстоўваем такі падыход і ў працы — паўгадзіны, і мы ля вады, дзе можна абмеркаваць ў тым ліку працоўныя задачы.

Фота з архіваў гераіні.

Назоў «Вялікая вада» ўзяўся ад бабулі. Калі я прыехала з вандроўкі па ЗША, зайшла да бабулі ў госці цукеркамі «заморскімі» пачаставаць. А там і суседкі падцягнуліся. Смакуюць пачастункі, а баба Вуля і кажа: гэта з Зямлі за Вялікай вадой.

Яшчэ ў мяне ёсць драўляны карабель да гэтай тэмы. Ён вельмі прыгожы, колеры падабаюцца, фактура, простая форма. Таксама сімвалізуе Вялікую ваду. Дапамагае, калі няма магчымасці выехаць.

Манетніца

Самае частае пытанне да мяне «А што гэта?».

Аднойчы ў Вене на кірмашы я сустрэла харызматычнага дзядулю, які майстраваў такія штукі, і я набыла ў яго самую маленькую. Яна мяне зачаравала, такая файная, скураная.

Тады яшчэ ў Беларусі не было манет і я проста складвала туды нейкую драбязу, жэтончыкі, жуйкі, яна вісела на торбе. Розныя людзі ў горадзе спынялі мяне, каб проста пацікавіцца, што ж гэта такое цікавае, аднойчы мяне дагнала супрацоўніца банка, а таксама спыняў міліцыянт у метро са словамі: «Выбачайце, я нічога не хачу правяраць, мне проста асабіста цікава, што ж гэта такое». Як магніт усіх прыцягвае.

Жалуды

Яны вельмі прыгожыя, сімвалічныя, дасканалыя ва ўсім: колеры, форма, гладкае пузіка і шурпатая шляпка.

Кажуць, гэта сімвал пладавітасці, роду і розных сэнсаў. Але мне проста падабаецца іх кранаць.

Для мяне жалудкі — гэта як цацкі ад стрэсу. У дзяцінстве вельмі хацелася, каб у бацькоўскім двары вырас дуб, адразу вялікі, я тады яшчэ не разумела, чаму дрэвы растуць так доўга.

Сёння пад вокнамі нашай кватэры ў Менску сярод таполяў расце высокі дуб, таму ў кішэнях нашай сям’і жалуды ёсць амаль заўсёды.

Воля Афіцэрава

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура