Праект партала
Густ
12.09.2018 / 14:46
Навінка ў плэйліст: знаёмімся з беларускамоўнай спявачкай Paulinn, якая кідае выклік прымітыўным тэкстам ФОТЫ, АЎДЫЯ8

У 2017 годзе гурт Паўліны Цімохінай Paulinn выпусціў першы лірычны поп-рокавы альбом «Адчувай» і зусім хутка, у кастрычніку, прадставіць на крытыку слухачоў новы міні-альбом з пяці песень. Адну з іх «Я слухаю музыку» ужо можна пачуць на радыёстанцыях.

Мы сустрэліся з Паўлінай, каб распытаць, чым новыя творы будуць адрознівацца ад напісанага раней, і адсачыць яе шлях да музыкі.

Паўліна Цімохіна.

Цяга да творчасці — ад бацькоў

«Мае бацькі працавалі ў тэатральнай сферы, таму я з маленства знаходзілася ў творчай атмасферы. Мы жылі ў Гродне ў інтэрнаце, які дзялілі з супрацоўнікамі мясцовай філармоніі. У 90-я гады асабліва не было цацак, таму дзяцей забаўлялі хто чым мог. Мяне маці, напрыклад, навучыла спяваць гамы. У нейкі дзень я па звычцы мурлыкала іх сабе пад нос. Суседзі-музыкі пачулі гэта і адзначылі, што ў мяне атрымліваецца лепш, чым у іх вучняў, сказалі, што ў мяне ёсць схільнасць да музыкі. У 1995 годзе мы пераехалі ў Мінск, а ў 1997-м я пайшла ў музычную школу.

Маці і сёння робіць у Тэатры лялек, а таксама займаецца агучваннем розных фільмаў і серыялаў. У прыватнасці, яе голас гучыць у беларускім дубляжы, які робіцца ў межах праекта «Кінаконг».

Аддала піяніна, але набыла клавішы зноў праз два гады

«У 11-м класе мне захацелася ўсё кінуць, бо ў нашай сістэме адукацыі ўмеюць адбіць жаданне нечым займацца. Мой настаўнік, напрыклад, быў проста апантаны піяніна, але пры гэтым не цікавіўся мной і паводзіў сябе груба: чапляўся да майго адзення, не зважаў на тое, што я два разы ламала руку, што не магло не адбіцца на ўзроўні маёй ігры, таму я не раз вярталася з заняткаў у слязах і саплях. Я вельмі хутка аддала сваё піяніна зусім задарма. Паступіла на журналістыку. Але праз тое, што гэта вельмі творчы факультэт, ужо праз паўгода актыўна выступала на ўсялякіх капусніках. А яшчэ праз нейкі час зноў набыла сабе клавішы, на якіх і сёння пішу музыку — не змагла без яе».

Любоў да беларускай мовы прывіў журфак

«Менавіта на журфаку я напісала першы тэкст па-беларуску. Справа ў тым, што ў школе ў нас нічога цікавага па роднай мове і літаратуры не было: усе заняткі зводзіліся да пераказаў твораў. А на журфаку я ўпершыню адкрыла для сябе цікавую беларускую літаратуру і пачула прыгожае маўленне: шмат выкладчыкаў у сценах інстытута размаўлялі менавіта па-беларуску».

На праект Paulinn былі выдаткаваныя тысячы даляраў

«Сёння я працую з тэкстамі, але не журналісткай. Хутчэй, рэдактаркай, якая выпраўляе тэксты іншых людзей для сайтаў. Праца патрэбная мне, каб займацца музыкай, на якую сыходзіць амаль увесь вольны час. На рэпетыцыі, паездкі, запіс і здымкі відэа сышлі не адна і нават не дзве тысячы даляраў. Пры гэтым у Беларусі мы амаль не зарабляем: ганарарны максімум атрымліваўся у клубе TNT (недзе каля 300-400 рублёў на калектыў з 5 чалавек). Але я ні пра што ні шкадую. Мы аўтарскі, не моцна раскручаны праект, які спрабуе займацца сапраўды шчырымі рэчамі, эксперыментамі ў гучанні.

Цяпер на хвалі рэп і вельмі простыя тэксты (часам — брудныя), з прымітыўнай музыкай. Я магу падацца старой, але хачу ствараць нешта больш сімвалічнае, чым у моднай цяпер Манетачкі ці Фэйса, з больш складанымі вобразамі. Каб, калі чалавек пачуў маю песню па радыё, у яго нешта заставалася ў галаве, не проста белы шум. 

Грошы я зарабляю ў іншым праекце — «Дафамін», дзе ў дуэце з гітарыстам мы граем каверы».

Новыя песні будуць больш танцавальнымі

«У новы міні-альбом, акрамя піяна-версіі песні «Ціха», увойдуць больш рытмічныя і пазітыўныя кампазіцыі. Гэта можна пабачыць па першай песні, якую мы выклалі: «Я слухаю музыку». Хутка ў сеціве з’явіцца «Мне адкажы» у дуэце з Уладзем Чыжыкавым. Гэта ўжо творчасць для хуткіх рухаў, каб патупаць ножкай, так бы мовіць.

Акрамя выпуску альбома, у бліжэйшай будучыні хацелася б зняць кліп, хоць гэта вельмі фінансава затратна. А яшчэ я іду на курсы аранжыроўкі, каб менш у творчасці залежаць ад іншых людзей».

У трэці раз плануе падавацца на адбор на Еўрабачанне

«Мой праект ужо два разы падаваў заяўку на ўдзел у Еўрафэсце. Летась, калі паехаў Аляксееў, усё было вырашана загадзя, але што зробіш?

Удзел у адборы — адзіная магчымасць дадаткова заявіць пра сябе той аўдыторыі, якая б раней ніколі ў жыцці не зазірнула ў тваю суполку ва Укантакце. Таму мы запісваем новую патэнцыйную песню для Еўрабачання».

Гутарыла Кацярына Карпіцкая, фота Волі Афіцэравай

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура