Праект партала
Густ
07.03.2019 / 15:19
Што мы слухалі ў лютым: дзясятка найбольш значных музычных альбомаў месяца2

Рэдкі месяц адзначаецца айчыннымі музычнымі навінкамі, але люты проста пабіў усе магчымыя рэкорды. У нашай традыцыйнай падборцы знайшлося месца ажно чатыром беларускім плыткам. 

Цяпер распавядзём падрабязней пра кожны з дзесяці альбомаў, на якія мы б хацелі звярнуць вашу ўвагу.

Within Temptation — Resist

Аматары творчасці гурта чакалі новага альбома цэлых пяць гадоў. Пасля выхаду «Hydra» вакалістка Within Temptation Шарон дэн Адэль сутыкнулася з асабістымі праблемамі і творчым выгараннем.

Яна спрабавала іх вырашыць напісаннем больш меладычных і «лампавых» песень, якія не вельмі падыходзілі для сімфонік-метал калектыва. Сайд-праект вярнуў дэн Адэль у патрэбнае рэчышча, вынік якога можна назіраць у альбоме «Resist».

Крытыкі называюць новы альбом найлепшым у дыскаграфіі Within Temptation, вы таксама можаце праверыць, ці апраўданым было чаканне фанатаў?

Beirut — Gallipoli

Beirut на чале з мультыінструменталістам Закам Конданам запісаў яшчэ адну частку «саўндтрэка для жыцця». 

І сапраўды: пад насычаную, сакавітую і разнастайную музыку добра вандраваць, працаваць, радавацца ці крышачку пасумаваць. 

Галоўнае — не забываць атрымліваць асалоду ад жыцця.

Лявон Вольскі — Гравітацыя

Альбомам «Гравітацыя» Вольскі завяршыў трылогію, якую распачаў у 2014 годзе «Грамадазнаўствам» і працягнуў у 2016-м «Псіхасаматыкай». Грошы на запіс паспяхова былі сабраныя праз краўдфандынг.

Як распавёў сам музыка, канцэпцыя альбома — гісторыя чалавечага жыцця, ад нараджэння і да скону, з прывязкай да пэўнай тэрыторыі. Ад юнацкага максімалізму з марамі і летуценнямі да сталасці, калі трэба падводзіць вынікі жыцця. Шмат у чым невясёлыя.

Ariana Grande — thank u, next

Праз паўгода пасля альбома «Sweetener» Арыяна Грандэ выпусціла новы альбом. Але ад папярэдняга, які, дарэчы, атрымаў Грэмі як найлепшы поп-альбом, ён кардынальна адрозніваецца ў першую чаргу прыватнасцю і інтымнасцю лірыкі.

У «thank u, next» спявачка адкрыта расказвае пра свае пачуцці і перажыванні, псіхалагічныя праблемы і страхі, не баючыся выглядаць слабай перад слухачамі.

Trubetskoy — Зашевелит бит

У адрозненне ад Сяргея Міхалка з музычнымі эксперыментамі ў рэжыме «нон-стоп», пра Паўла Булатнікава і ягоны гурт было амаль нічога не чутно апошнім часам. 

Нарэшце ў лютым Trubetskoy парадаваў прыхільнікаў новай працай. Большасць тэкстаў напісаў былы саксафаніст «ляпісаў» Аляксей Загорын, больш вядомы як СіРОП.

СіРОП 17 гадоў адседзеў у турме, але цяпер вырашыў завязаць з крыміналам і пачаў пісаць агрэсіўныя надзённыя тэксты.

Альбом у цэлым атрымаўся вельмі няроўным. Разам з разважаннямі пра глянцавы свет, дзе людзі сядзяць на залатых ланцугах, і беларускамоўным трэкам пра сэрца, што не здаецца, на ім ёсць абсалютна прахадныя рэчы, дзе ўвесь тэкст складаецца з фразы «Жодино-Жодино, белазы производим-на».

Але гэта ўжо зусім не падобна да тых самых «Ляпісаў». Добра гэта ці не, кожны вырашае сам.

Yann Tiersen — ALL

Назву альбома можна перакласці з англійскай як «усё», а з брэтонскай (роднай для Цьерсана мовы) — як «іншае». Так і з усімі кампазіцыямі альбома, якія шматгранна раскрываюцца пры шматразовым праслухоўванні.

Кампазітар у чарговы раз падкрэслівае, што ў разнастайнасці форм існавання ёсць любоў і прыгажосць, а ў адзінстве супрацьлегласцяў хаваецца сэнс жыцця.

Петля Пристрастия — Гул

Бадай, найлепшы беларускі рок-гурт у лютым выпусціў пяты альбом пад назвай «Гул». 

«Гул» — гэта саўндтрэк адчування нашага «сёння» і прадчування будучых падзей. Гул нарастае, становіцца прыкметай набліжэння нечага грандыёзнага, што можа назаўсёды ўсё памяняць. 

І неразуменне прыроды гэтага гулу нараджае як страх, так і захапленне адначасова.

Лера Яскевіч — ПРИВЯЗАННОСТЬ

Пасля выхаду альбомаў Цімы Беларускіх, Леры Яскевіч і «Петли Пристрастия» некаторыя расійскія СМІ выказалі думку пра тое, што цяпер на рускамоўнай музычнай сцэне запанавалі беларусы.

І калі Ціма Беларускіх разам з гуртом Іллі Чарапко-Самахвалава ужо добра знаёмыя слухачам, то Лера толькі пачынае заваявальны паход па сэрцы замежных аматараў.

Пажадаем ёй поспеху!

Beissoul & Einius — White Crow

Літоўскі дуэт, які стварае музыку ва ўласным стылі «электрафэшн», прысвяціў свой новы альбом усім тым, хто адчувае сябе асаблівым.

Літоўцы, якіх Vogue называе іконамі стылю, ведаюць, пра што кажуць. З самага пачатку музычнай творчасці яны атрымлівалі палярныя водгукі, але заставаліся вернымі сабе, нечым кшталту «белых варон».

Падчас стварэння альбома Бейсоўлы ды Эйнюс хаваліся ад свету і людзей у лясах, пагорках, будынкаў старажытных палацаў, каб ачысціць свае думкі ад усяго непатрэбнага.

Dream Theater — Distance Over Time

Чатырнаццаты альбом легендарнага прагрэсіў-метал калектыву.

Выяву на вокладцы некаторыя прыхільнікі звязваюць з гамлетаўскім Ёрыкам і гамлетаўскім пытаннем «Быць або не быць?». Яно часта ўсплывае перад гуртамі, якія хочуць захаваць свой гук, не ведучыся за новымі музычнымі тэндэнцыямі.

Атрымліваецца не ва ўсіх. Але сяброў «тэатра мары» гэта дакладна не датычыцца.

А што слухалі вы ў лютым? Пішыце ў каментарах!

Нашы папярэднія агляды:

Піліп Каваленка

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура