Наша чытачка Наталля Ружыцкая даслала фота закатак з аксаміткамі і некалькі малавядомых фактаў пра гэтыя ўсім добра знаёмыя кветкі.
Мода існуе на ўсё, нават на кветкі. Але аксаміткі з’яўляюцца шчаслівым выключэннем з правілаў і па-ранейшаму застаюцца любімчыкамі гаспадынь прысядзібных участкаў. Яно і зразумела. Гэтыя кветачкі не толькі ўсё лета ды восень радуюць вока, але і бароняць грады ад нашэсця непажаданых гасцей: цыбульнай мухі, шашолкі ці бульбяной нематоды.
Праўда, не ўсе нават самыя спрактыкаваныя агароднікі ведаюць, што аксамiткі — гэта яшчэ і выдатная прыправа да мяса, рыбы, а таксама страў з гародніны. Дарэчы, імерэтынскi шафран, які ўваходзіць у склад знакамітай прыправы хмелі-сунэлі, ёсць ні што іншае, як высушаныя і здробненыя кветачкі аксамiтак. Імерэтынскi шафран надае стравам не толькі залацістае адценне, але і незвычайны, вытанчаны садавінны смак.
А калі хочаце здзівіць сваіх дамачадцаў і гасцей не проста смачнымі, а суперсмачнымі закаткамі з кансерваваных агуркоў ці памідораў, то не забудзьцеся ў час нарыхтовак пакласці на дно кожнага слоіка пялёсткі аксамітак. Тады, можаце быць упэўненыя, сапраўды атрымаецца «смачна есцi»!
Nina.nn.by