Dzikina Muzeia
Адзін з вядучых універсітэтаў Замбіі заклікаў дзяўчат-студэнтак не хадзіць у бібліятэку «паўаголенымі», бо гэта адцягвае мужчын ад навучання, паведамляе Бі-бі-сі.
Гаворка ідзе пра ўніверсітэт у сталіцы Замбіі, горадзе Лусака. У бібліятэцы гэтай навучальнай установы павесілі аб'яву з заклікам апранацца сціпла.
Замбія з'яўляецца кансерватыўнай краінай. Але студэнты ва ўніверсітэце, як правіла, апранаюцца сучасна, паведаміў Бі-бі-сі Кэнэдзі Гондве.
«Мы звярнулі ўвагу, што некаторыя дзяўчаты-студэнткі апранаюцца смела і прыходзяць у бібліятэку паўаголенымі. Гэтая сітуацыя замінае мужчынам», — гаворыцца ў паведамленні ў бібліятэцы.
«Таму раім жанчынам апранацца сціпла, калі вы знаходзіцеся ва ўніверсітэцкіх установах. Сціпласць — гэта правільны шлях!».
Некаторыя студэнткі не пагадзіліся з гэтым распараджэннем.
«Калі вы ідзяце ў бібліятэку для таго, каб вучыцца, навошта звяртаць увагу на нешта іншае, напрыклад, на жаночыя ногі?» — кажа студэнтка трэцяга курса Дзікіна Музея.
«Проста засяродзьцеся на сваіх кнігах, вось і ўсё», — дадала яна.
Аднак студэнт Кіліян Фіры так пракаментаваў гэты крок: «Вы ведаеце, наколькі прывабнае жаночае цела».
«Як можна засяродзіцца на вучобе, калі нехта ходзіць у міні-спадніцы або тонкай сукенцы? Вы пачынаеце думаць пра іншыя рэчы, і не зможаце сканцэнтравацца», — сказаў ён ВВС.