Кампанія Mattel падрыхтавала інклюзіўную лінейку Barbie Fashionista, у якой будуць лялькі з вітыліга, алапецыяй і пратэзам нагі. Daily Mail піша, што такім чынам вытворца цацак хоча адлюстраваць «розны погляд на прыгажосць і моду» ў сучасным свеце.
Акрамя гэтага, у 2020 годзе ў продаж паступіць лялька Кен з доўгімі валасамі.
У 2020 годзе пратэз нагі залатога колеру з’явіцца ў цемнаскурай Барбі.
Стваральнікі новых вобразаў спадзяюцца, што безвалосая лялька з алапецыяй паслужыць падтрымкай для дзяцей, якія аблыселі праз розныя прычыны і дыягназы.
Паводле інфармацыі выдання, у Вялікабрытаніі хітом продажаў у 2019 годзе стала лялька ў інвалідным вазку. У сусветным маштабе самай папулярнай была чарнаскурая Барбі з прычоскай афра.
Mattel пачала вытворчасць лялек, не падобных вонкава да класічнага фірмовага вобразу Barbie, пяць гадоў таму. Цяпер у лялькі сустракаюцца пяць тыпаў целаскладу, 22 адценні скуры, 76 розных прычосак, 94 варыянты колеру валасоў і 13 адценняў вачэй.
Nina.nn.by