«Мой адвакат сказаў, што гэта цікавы кейс у юрыдычнай практыцы», — усміхаецца мінчанка Дар'я Саладуха. На яе склалі адразу чатыры пратаколы праз фота ў інстаграме і так асудзілі за ўдзел у «несанкцыянаваных мерапрыемствах».
Фота з сацыяльных сетак
Дар’ю ні разу не затрымлівалі. 9 лістапада проста патэлефанавалі з міліцыі і запрасілі на гутарку. Інспектар паклаў перад дзяўчынай чатыры раздрукаваныя скрыншоты з яе інстаграма: «Што вы скажаце па гэтых фота?» На двух быў бачны твар Дар’і, на трэцім складана апазнаць асобу, а чацвёртым аказаўся агульны здымак Tut.by з Курапат. Дзяўчына адмовілася даваць тлумачэнні: толькі ў судзе. Больш пытанняў ёй не задавалі.
За кожнае фота (яны былі апублікаваны ў розны час) склалі пратакол па артыкуле 23.34.
24 лістапада суддзя Заводскага раёна Кацярына Мурашка разглядала адразу ўсе чатыры справы.
«Я віну не прызнала ні па адной. Казала, што была ў тыя дні дома і не хаджу цяпер на маршы. Тлумачыла, што фота можна зрабіць у адзін час, а апублікаваць у іншы.
Суддзя не ціснула на мяне, казала па справе. Задавала шмат пытанняў: якая ў мяне марка тэлефона, чаму я на фота ў такой адзежы. Пры мне залезла ў свой мабільны, каб паглядзець, якое надвор’е было ў той ці іншы дзень.
Па ўсіх пратаколах быў адзін і той жа сведка — Пётр Генадзьевіч Ржэўскі, які нібыта бачыў мяне і на праспекце Пераможцаў, і ва ўрочышчы Курапаты. На пасяджэнне ён не прыйшоў.
Да мяне было тры суды праз скайп, усім давалі суткі. Мне за чатыры пратаколы далі штраф — агулам 30 базавых. Гэта цуд!» — кажа Дар'я.
Яна расказвае, што незадоўга да званка з міліцыі на працы (гэта дзяржаўная ўстанова) яе выклікала кіраўніцтва на прафілактычную гутарку — наконт яе допісаў у інтэрнэце.
«Яшчэ ў верасні пачалі намякаць, што трэба клапаціцца пра сябе. Маўляў, палітыка ў нашай краіне — справа небяспечная, лепш сядзець ціха. Але я адразу абазначыла сваю пазіцыю. Тады сказалі, што ў вольны час мы маем права займацца чым заўгодна, — згадвае дзяўчына. —
Не ведаю, здаў мяне хтосьці ці ў міліцыі такая сістэма маніторынгу».
НЛ