Іна Зайцава, якая выходзіла на маршы ў вясельнай сукенцы, з’ехала ў Кіеў пару дзён таму. Кажа, што яны з мужам не раз абмяркоўвалі гэта пытанне, бо хваляваліся за дзяцей.
«Перад тым як Андрэя забралі, у мяне была размова з прадстаўніком міліцыі, які расказаў, што нашу сям’ю і так занадта доўга шкадавалі. Цяпер да нас будзе асаблівая ўвага, а за дзецьмі знойдуць, каму глядзець. «Мы ж вам пратаколы робім па-харошаму, а вы не супакойваецеся». Андрэй сказаў: калі мяне пасадзяць, значыць, трэба будзе, каб ты з’ехала».
11 снежня мужа затрымалі. Пасля тыдня роздумаў Іна разам з двума дзецьмі села ў машыну і накіравалася да ўкраінскай мяжы. Вельмі хвалявалася ў дарозе.
«Да нас даходзілі чуткі, што з артыкулам 23.34 разварочваюць. Але з беларускай мяжы мяне выпусцілі проста са свістам. Праверылі толькі пашпарты і тэхпашпарт. Нават рэчы не шманалі, нягледзячы на тое што на машыне так і засталіся ўсе мае бчбшныя налепкі і я дагэтуль нашу свой бранзалет,
— падзялілася жанчына. — Пакуль ехала калідор ад беларускай да ўкраінскай мяжы, я плакала ў голас. Вельмі шмат напружання».
На Іну, па яе словах, складзена 9 пратаколаў. Па некаторых ужо адбыўся суд.
У Кіеве сям’і дапамагае арганізацыя «Родны кут». Іне з дзецьмі ўступілі пакой у здымнай кватэры, пакуль яна шукае жыллё. Бчб-сукенку жанчына забрала з сабой.
«Я разумела, што маўчаць дакладна не магу. Я заўсёды казала, што мой апошні пратэст — гэта з’ехаць. Я ні капейкі больш не буду траціць у той краіне, дзе кіруе дыктатар, мае дзеці не будуць хадзіць там у сад і школу».
На бежанства Іна падавацца не збіраецца. У Кіеве яна думае прабыць пару тыдняў ці месяцаў. Прызнаецца, што адчувае віну за тое, што з’ехала.
«Калі я захачу жыць і працаваць тут, я пайду аформлюся як ІП. Буду зарабляць як блогер. Але я планую вяртанне дадому і не думаю, як мне тут легалізоўвацца. Мы тут часовыя. Проста чакаем. Вось калі я яшчэ раз траплю ў такі карак, як сёння, у той жа дзень скажу: дзеці, збіраемся, едзем дадому», — жартуе яна.
Муж Іны сядзіць у Баранавічах — за сцяг на доме яму далі 13 сутак. Пасля яго арышту Іну прыходзілі падтрымаць суседзі. Адзін з іх нават перадаў жанчыне 300 рублёў і падзякаваў, што яна не баіцца выходзіць.
«Пасля муж зможа прыляцець сюды. Мы будзем абмярковаўць гэта. Але ў яго ёсць праца, і я не ведаю, наколькі ён гатовы ўсё раптоўна кінуць. Ён хлопец адважны, не баіцца пасядзець», — заўважае Іна.
Nina.nn.by