Праект партала
Дома
30.08.2017 / 21:52
Чым крутыя празрыстая лядоўня і мікрахвалёўка, якая павінна замяніць духоўку ФОТЫ

Кампанія LG прэзентавала парачку інавацыйных прадуктаў прэміум-класа. Для лянівых, для цікаўных ці для прагрэсіўных — цяжка сказаць.

Алёна Высоцкая распавядае пра лядоўню новага фармату.

Грукацца ў лядоўню, каб пабачыць, што там ляжыць, ва ўсякім разе прышпільна. Заліпаеш, хочацца пагрукацца яшчэ — раптам што новае з’явілася. Прадстаўнікі кампаніі кажуць, у гэтай опцыі акрамя забаўляльнай функцыі ёсць і больш важная. Гэта дазваляе не губляць халоднае паветра ўнутры камеры. З таго, чым яшчэ ганарацца стваральнікі лядоўні — сістэма размеркавання вільготнасці ў адсеках для захавання гародніны і садавіны, што не дазваляе прадуктам падгніваць, а таксама сістэма знішчэння непрыемных пахаў і бактэрый.

Мікрахвалёўку, якую супрацоўнікі кампаніі называюць альтэрнатывай духоўцы, два тыдні тэсціў сталічны шэф-повар Андрэй Рэзнікаў. Ён прызнаўся «НН», што напачатку сапраўды было нязвыкла. Гэта як замяніць родны кнопачны мабільнік, што прайшоў з табой і агонь, і ваду, на сэнсарны смартфон — адразу здаецца, што ў гэтым няма сэнсу. Але цяпер Андрэю ўжо і не хочацца аддаваць гэтую разумную кухонную прыладу. Кажа, у яго ў прынцыпе душа не ляжыць да духовак, а тут — штосьці новае.

Шэф-повар гэтыя пару тыдняў гатаваў у мікрахвалёўцы для сваёй сям’і. Кажа, дзеці елі і не скардзіліся. Падчас прэзентацыі ён прыгатаваў ласося з гарнірам з гародніны, лісічак і алівак.

Цяжка паверыць, але насамрэч немагчыма здагадацца, што рыба прыгатаваная ў мікрахвалёўцы — мяса атрымалася вельмі мяккім і сакавітым. Праўда, зразумела, не апошнюю ролю адыгрывае, хто гатуе, тут з майстрам цягацца не проста. Але Андрэй кажа, разабрацца, што і як працуе, даволі лёгка.

У гэтай жа мікрахвалёўцы Андрэй, апроч ласося, прыгатаваў шакаладныя мафіны і натуральны ёгурт. Мы самі пакаштавалі, і гэта рэальна смачна.

На прэзентацыі навінак дызайнерка інтэр’еру Наталля Галонская шмат казала пра тое, што сёння адзін з галоўных трэндаў дызайну — функцыянальнасць. Без яе цяжка ўявіць сучасны інтэр’ер. А што тычыцца эстэтычнага боку, то тут Наталля вылучыла некалькі асноўных тэндэнцый.

Топ-6 трэндаў у дызайне кухняў

1. Метал. Метал. І яшчэ раз метал

Ва ўсіх варыяцыях. З гэтым матэрыялам дызайнеры цяпер па-ўсякаму гуляюцца і ўпісваюць яго ў самыя розныя стылі.

2. Камень

Яшчэ адзін удзячны матэрыял, які можа стаць тым самым арыгінальным элементам, што зробіць вашу кухню толькі вашай — адзінай і непаўторнай.

3. Дрэва

Мы ўжо распавядалі пра тое, што сучасны скандынаўскі дызайн насамрэч адлюстроўвае спрадвечныя беларускія традыцыі. З кухнямі — аналагічна. Дрэва, белы колер — наша ўсё.

4. Спрашчэнне

Прыгажосць у простых формах. Чым менш розных вычварэнстваў і нагрувашчванняў, тым лепш. Так вы будзеце адчуваць сябе нашмат больш камфортна і свабодна.

5. Старыя рэчы

Ва ўсяго павінен быць нейкі сэнс. Старыя рэчы ў цікавай інтэрпрэтацыі могуць стварыць патрэбную атмасферу, з імі можна правільна расставіць акцэнты.

6. Колер

Можна рабіць яркія плямы, а можна, наадварот, сыходзіць у татальны чорны як сімвал глыбіні і завершанасці. Галоўнае — намацаць, у якой гаме вам больш утульна.

Наталля адзначае, што сёння ўсе робяць кухні ў выглядзе кубікаў, у якіх схаваныя функцыі. Адметнасць хаваецца ў дэталях, у цікавых элементах, кожны з якіх адлюстроўвае гаспадароў дома.

Nina.nn.by

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура