Праект партала
Дома
09.02.2018 / 13:51
Мінчанка распавяла, як вучыць 9-гадовую дачку бяспечна карыстацца смартфонам 4

Два гады таму Вольга Корсун набыла дачцэ ўласны смартфон. Але ў сем гадоў пакідаць дзіця сам-насам з гаджэтам было неяк страшнавата, у інтэрнэце ж можна напароцца на ўсё, што хочаш.

Вольга стала вывучаць усё, што толькі знаходзіла, пра інтэрнэт-бяспеку. А ў выніку вырашыла зрабіць уласны праект па інтэрнэт-бяспецы для дзяцей. Сёлета Вольгу ўжо запрасілі весці адмысловы курс для чацвёртакласнікаў у прыватнай школе.

Для маці галоўнае, каб яе дзіця выхоўвалася ў максімальна бяспечным асяроддзі. Але Вольга добра разумее, што калі яна і навучыць усяму сваю дачку, але яе сябры нічога не будуць ведаць пра бяспеку, то ніякага бяспечнага асяроддзя не атрымаецца. Таму маці і важна, каб як мага больш бацькоў ведалі пра рызыкі анлайну і сённяшнія магчымасці кантролю дзяцей у інтэрнэце.

У апошні час тэме бяспекі дзяцей у інтэрнэце надаецца ўсё больш увагі. Напрыклад, апошнія пяць гадоў з гэтай тэмай актыўна працуе і МТС. За час існавання адмысловага праекта кампаніі «Дзеці ў інтэрнэце» (ад 2016-га ён ажыццяўляецца сумесна з Міністэрствам адукацыі) урокі мабільнай граматнасці паспелі прайсці больш за 7000 беларускіх школьнікаў. У студзені, напрыклад, МТС зладзіў для некалькіх соцень вучняў сустрэчу па інтэрнэт-бяспецы ў Ашмянах. На сайце deti.mts.by ёсць усе інструкцыі, неабходныя прэзентацыі, дзіцячая анлайн-кніга па бяспецы з забаўнымі малюнкамі — не палянуйцеся зайсці зірнуць, можа спатрэбіцца. 

Цяпер тэма інтэрнэт-бяспекі дзяцей абмяркоўваецца ўсё шырэй, з’яўляюцца неабыякавыя актыўныя бацькі, гатовыя яе прасоўваць.

Мы распыталі Вольгу Корсун пра тое, як яна вучыць дачку быць пільнай і асцярожнай, трымаючы гаджэт у руках, і што трэба ведаць бацькам, калі яны толькі збіраюцца пачаць гэта рабіць.

Як навучыць дзіця карыстацца смартфонам?

Мы вучым дачку паступова. Імкнёмся ўсё новае рабіць разам: напрыклад, спампоўваць новыя праграмы, гульні.

Я лічу, што галоўнае — гэта даверлівыя адносіны з дзіцём. Трэба ўвесь час тлумачыць, распавядаць, з якімі небяспекамі можна сутыкнуцца ў інтэрнэце, як паводзіць сябе ў такім выпадку. Бо ніякі тэхнічны наварот не зможа на 100 адсоткаў абараніць дзіця.

Напрыклад, мы паставілі бяспечны рэжым для дзяцей на відэахостынгу, але ён працуе па прынцыпе: калі нехта з карыстальнікаў бачыць непажаданае відэа, то ён пра гэта паведамляе. Выходзіць, фільтр — не гарантыя таго, што выпадкова дзіця не трапіць на нейкі іншы кантэнт.

У маёй сяброўкі дзіця крыху больш дарослае. Яна была вельмі задаволеная, што ўстанавіла на тэлефон дзіцяці фільтр, які не дазваляе праз пошукавікі пераходзіць на сайты з сумнеўным кантэнтам. Але спачатку вырашыла сама праверыць, як працуе гэтая функцыя. Што атрымалася: так, на гэтыя сайты фільтр не дазваляе перайсці, але побач з кожнай спасылкай усё адно ёсць інфармацыя і карцінкі.

Бацькоўскі кантроль у браўзерах. Ёсць як адмысловыя пашырэнні для кожнага канкрэтнага браўзера, што абмяжоўваюць доступ да пэўных сайтаў, так і спецыяльныя праграмы, якія ўбудоўваюць свае фільтры ва ўсе браўзеры адначасова.  

Інтэрнэт-абарона МТС. Гэтая паслуга дазваляе бацькам самастойна скласці спіс анлайн-рэсурсаў, да якіх у дзіцяці не будзе доступу.

Як абмежаваць доступ дзіцяці да інтэрнэту?

Ёсць адмысловыя праграмы, што аўтаматычна абмяжоўваюць час, які можа праводзіць дзіця ў інтэрнэце са смартфона. Калі ліміт выкарыстаны, гаджэт можна выкарыстоўваць толькі як тэлефон, магчымасць падлучыць інтэрнэт знікае.

Але мы карыстаемся звычайным таймерам. Дачка, напрыклад, кажа: «Хачу паглядзець серыял у інтэрнэце». Я ведаю, што гэта за серыял, і кажу: «Добра, але серыя скончыцца, і ты выключаеш». Ці, дапусцім: «Я хачу пагуляць». Добра, але стаў таймер на паўгадзіны. Ён зазвінеў, значыць, трэба выключаць гульню. Лімітаваць час неабходна, бо мы праводзілі анкетаванне сярод бацькоў, яны пішуць, што іх дзеці праводзяць у інтэрнэце больш за дзве гадзіны. А гэта пачатковая школа.

Як быць з тым, што дзеці хутка вучацца абыходзіць абмежаванні?

Ужо ў восем гадоў дачка ўмела падчышчаць сваю гісторыю ў браўзеры. Дзеці вывучаюць гэта ўсё імгненна. Часам бацькі думаюць, што раз яны прагледзелі гісторыю, то могуць спаць спакойна, але гэта далёка не так.

У нас з дачкой ёсць дамоўленасць, што яна ніколі нічога не выдаляе, а я маю права ў любы момант паглядзець яе тэлефон і ўсе актыўнасці. Інтэрнэтам яна ў асноўным карыстаецца са смартфона, не з камп’ютара, цяпер практычна ўсе дзеці так. Але гэта не значыць, што я залезла, а яна не ведае. Мы ці разам сядаем і праглядаем, ці я сама, але з яе дазволу. Прычым я ўвогуле ні за што на дачку не сваруся. Мы вучымся. Калі ёсць нейкія пытанні, праблемы, я спакойна тлумачу, чаму гэта няправільна.

Зразумела, гэта будзе доўжыцца не вечна. У нас ёсць папярэдняя дамоўленасць, што, можа, праз некалькі гадоў, магчыма ужо ў 5-м класе, яна пройдзе тэставанне на веды па бяспецы, каб атрымаць дазвол на больш самастойнае карыстанне.

А што з сацсеткамі?

Афіцыйна ствараць акаўнт можна з 13 гадоў. Каб завесці яго, патрэбная пошта. Каб завесці пошту, патрэбны мабільны тэлефон, які ў нас можна аформіць толькі на паўналетняга. Гэта значыць, што ўсе акаўнты дзяцей у любым выпадку заведзеныя на бацькоў. І я тлумачу дачцэ: атрымліваецца, усё, што адбываецца ў тэлефоне, — адказнасць бацькоў. Таму яны маюць права ведаць.

У нас пытанне сацсетак максімальна адкладаецца. Я лічу, што заводзіць старонкі можна толькі тады, калі дзіця ведае пра ўсе інтэрнэт-пагрозы, калі яно абсалютна падкаванае ў плане бяспекі і ў плане культуры адносін. Мы прыкінулі, што пару гадоў нам яшчэ трэба павучыцца. А потым, ізноў жа, ёсць ідэя правесці тэставанне: ці гатовы ты да таго, каб заводзіць акаўнты?

Але ж мэсэнджарамі можна карыстацца?

У другім класе ў дзяцей з’явіліся мэсэнджары, свае групы ў іх. Канечне, пра кібербулінг [цкаванне ў інтэрнэце — Рэд.] з дзецьмі яшчэ рана размаўляць, але калі з’яўляецца магчымасць камунікаваць, не гледзячы ў твар, прасцей крыўдзіць адно аднаго. Ці разам накідвацца на кагосьці.

Калі я чытала з дазволу дачкі яе перапіску ў мэсэнджары, у мяне ўзніклі пытанні: чаму вы так сказалі, чаму гэта сказалі? Я запыталася: «Вы б маглі сказаць тое самае ў твар гэтаму чалавеку?» Дачка кажа: «Мабыць, не». І я імкнуся ўкласці ёй адно з самых галоўных правіл: ніколі не пісаць чалавеку тое, чаго не можаш сказаць у твар.

Бо дзеці вельмі лёгка сыходзяць у ілюзію ўсёдазволенасці, гэта вельмі небяспечны момант. І яшчэ вучу пісьменнасці і культуры адносін. Часам дзеці, якія вучацца на дзясяткі, у чатах пішуць вельмі непісьменна.

Цяпер у дачкі ў мэсэнджары ўжо, мабыць, з дзясятак розных груп: аднакласнікі, сябры па кружках, сябры па лецішчы.

У любым невялічкім дзіцячым соцыуме адна з плоскасцей адносін — гэта мэсэнджары. З аднаго боку, гэта зручна. У групе з аднакласнікамі, напрыклад, адно з самых папулярных паведамленняў — гэта «скіньце дамашку». І не трэба перапісваць: сфатаграфаваў у дзённіку і адправіў. Але разам з тым гэта і адна з небяспек.

Акрамя таго, што дзеці камунікуюць у групах, яны яшчэ перапісваюцца асобна са сваімі сябрамі. Пачынаюць дадаваць адно аднаго ў розныя групы. І калі яны вялікія, то ўжо незразумела, хто туды ўваходзіць і хто за якім нікам хаваецца. Мая дачка добра ведае, што, перад тым, як з кімсьці ў новай групе камунікаваць, лепш ці мяне пачакаць, ці адразу выйсці.

У мэсэнджары, якім карыстаецца дачка, акрамя ўсяго, ёсць паблік-акаўнты, ёсць прыватныя чаты, якія да таго ж могуць у тэлефоне і не адлюстроўвацца. Гэта тыя небяспечныя моманты, пра якія бацькам трэба ведаць і быць пільнымі.

На жаль, я часта бачу, што бацькі нешта адно зробяць, усталююць нейкую адну праграму, і лічаць, што можна быць спакойнымі. Але трэба ўвесь час трымаць руку на пульсе і кантраляваць. Гэта не значыць, што трэба адсочваць кожны крок, але варта размаўляць з дзіцем, пытацца пра яго новых сяброў. У дзяцей часам ёсць віртуальныя сябры, якіх бацькі могуць не ведаць.

Дзе мяжа асабістай прасторы дзіцяці?

Я люблю прыводзіць прыклад з роварам. Як вы вучыце дзіця катацца? Спачатку трымаеце, потым крыху адпускаеце і глядзіце, ці трэба яшчэ прытрымліваць. Тут усё вельмі індывідуальна: адны самастойна ў першым класе пераходзяць дарогу, а кагосьці ў пятым за руку водзяць. Як мінімум, бацькам варта шчыра размаўляць з дзіцём, сябраваць з ім і чуць яго.

Мы збольшага пералічылі рызыкі, пра якія трэба памятаць бацькам. Мабільныя аператары таксама пра іх думаюць і распрацоўваюць адмысловыя паслугі, што могуць быць карысныя сем’ям і спрыяць бяспецы дзяцей.

МТС дадаў паслугу «Сям’я пад наглядам», каб бацькі маглі ў любы момант праверыць, дзе знаходзіцца дзіця.

Напрыклад, дзяўчынка пайшла да сяброўкі ў госці, бацькам сказаць забыла, а тэлефон пакінула недзе ў куртцы ці далёка ў заплечніку і званкоў проста не чуе. Бацькам не давядзецца нервавацца, бо можна адправіць СМС-запыт і тут жа прыйдзе паведамленне, дзе прыкладна цяпер знаходзіцца смартфон [дакладнасць 300—500 метраў]. Можна паглядзець знаходжанне таксама на карце на адмысловым сайце mpoisk.by. Калі бацькі прыкладна разумеюць, дзе можа быць іх сын ці дачка (у школе, у сяброў, у бабулі з дзядулем, у басейне), то гэтай інфармацыі будзе дастаткова.

Падрабязней пра паслугу вы можаце даведацца вось тут.

Чытайце таксама:

Правілы паводзінаў у сацыяльных сетках [так, яны ёсць]

Nina.nn.by, фота Волі Афіцэравай

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура