Праект партала
Дома
01.12.2018 / 13:03
Бульбяная бабка з морквай, як у бабулі РЭЦЭПТ27

Ёсць такі панятак, як «камфортная ежа» — гэта ежа, якая не толькі дае пачуццё сытасці і задаволенасці, але і ўздымае настальгічныя пачуцці.

Так, гэта менавіты тыя самыя стравы, якія гатуюць вашыя матулі і бабулі. Ад іх становіцца цёпла на душы і ў галаве адразу ўзнікаюць успаміны дзяцінства. Нават праводзяцца даследаванні, каб пралічыць, наколькі такая ежа можа падняць настрой і паменшыць стрэс, каб надалей ужываць яе ў терапеўтычных мэтах! Для мяне ролю такой вось стравы выконвае бульбяная бабка. Адразу ўзгадваюцца паездкі да бабулі, дом з печкай і духмяная бабка, якую толькі-толькі дасталі з той самай печкі. І хоць духоўка не можа замяніць мне печ, бабка усё роўна атрымліваецца смачнай! Пакаштуйце і вы.

  • 1 кг бульбы;
  • 1 цыбуліна;
  • 1 морквіна;
  • 70 гр. салёнай грудзінкі;
  • 50 мл малака;
  • 1 яйка;
  • 1/4 ч. л. соды;
  • соль, перац;
  • алей.

Бульбу тром на дробнай тарцы, як на дранікі. Разам з бульбай тром палову цыбуліны, каб бульба не стала шэрай. Пераносім на сіта, каб сышла лішняя вільгаць. Але лепш сабраць вадкасць з-пад бульбы ў місцы, пачакаць, пакуль асядзе крухмал, зліць вадкасць і дадаць крухмал назад да бульбы.

Другую палову цыбуліны дробна наразаем, моркву тром на тарцы. Грудзінку наразаем дробнымі кубікамі. На разагрэтую патэльню кладзём грудзінку, цыбулю і моркву, смажым да мяккасці.

Змешваем смажаніну з бульбай, дадаём малако, яйкі і муку з содай. Солім, перчым. Добра перамешваем і перакладаем у форму ці гаршчочкі, змазаныя алеем. Накрываем фальгой і запякаем у духоўцы прыкладна 40—50 хвілін пры 180 градусах. Падаём са смятанай.

Вольга Чарнова, фота аўтаркі

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура