Еўрапейскіх працадаўцаў абавяжуць даваць дэкрэтны адпачынак маладым бацькам. Пасля нараджэння новага члена сям'і еўрапейскія таты ў любой краіне ЕС змогуць гарантавана ўзяць мінімум 10 дзён аплатнага адпачынку, паведамляе «Еўра-пульс».
Гэта і шэраг іншых прапаноў Еўракамісіі, унесеных у 2017 годзе, атрымалі папярэдняе адабрэнне Еўрапарламента і Савета ЕС. Яны могуць уступіць у сілу ўжо ў гэтым годзе.
Да гэтага часу рашэнне аб дэкрэтных адпачынках прымалі самі краіны-сябры ЕС. Бацькоўскі адпачынак быў прадугледжаны ў 22 з 28 краін ЕС, а яго працягласць вар'іравалася ад 1 дня ў Італіі да 64 у Славеніі. Згодна з леташнім апытаннем Еўрабарометра, гэтымі адпачынкамі карысталася больш за 40% маладых бацькоў.
Акрамя дэкрэтных адпачынкаў еўрапейскія бацькі змогуць браць 5 дадатковых дзён водпуску ў год — гэтыя дні дадаюцца да ўжо існуючых адпачынкаў абодвух бацькоў. Такія ж магчымасці з'явяцца ў тых, хто клапоціцца аб непрацаздольных сваяках.
Акрамя таго, еўрапейскія працадаўцы павінны будуць падаць сваім сямейным супрацоўнікам магчымасць выбраць гнуткі графік ці, калі гэта дазваляе сфера дзейнасці, браць частку працы на дом.